Беларускія пісьменнікі: 1917-1990
- Автор: Гардзіцкі Аляксей
- Год: 1994
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00709-X
- Жанр: Справочная литература
Электронная книга - «Беларускія пісьменнікі: 1917-1990». Краткое содержание книги:
Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені і медалямі.
Літаратурнай працай займаецца з 1948 г. Піша на расейскай мове. Аўтар раманаў «Честь ярма не приемлет» (1962), «Где не ждут тишины» (1968), «Дорога в мужество» (1971), аповесцей «Не ради славы» (1964), «Ленькина удача» (1978), «Юрка - сын командира» (1979), «Звезды во мгле» (1982).
У сааўтарстве з Ф.Коневым напісаў сцэнарый мастацкага фільма «Абочына» (пастаўлены ў 1978), у сааўтарстве з С.Бадровым - «Юрка - сын камандзіра» (пастаўлены ў 1984).
Круль Міхаіл, нарадзіўся 17.02.1943 г. у горадзе Маскве (Расея) у сям'і служачых.
З 1945 г. жыве ў Менску. Скончыў Менскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум (1961). Працаваў майстрам на будоўлі, старшым тэхнікам у інстытуце «Белпрампраект», інжынерам у органах кіраўніцтва сельскім будаўніцтвам рэспублікі. З 1964 г. працуе на інжынерных пасадах у трэсце «Аўтарэмбудмантажтэхніка». У 1968 г. скончыў вячэрняе аддзяленне факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Сябра СП СССР з 1989 г.
У 1963 г. пачаў выступаць з артыкуламі, нарысамі, карэспандэнцыямі. Піша на расейскай мове. Аўтар кніг аповесцей «Лунная лошадь» (1980) і «День Юпитера» (1987).
Крупенька Яўген, нарадзіўся 20.08.1936 г. у вёсцы Саськаўка Шклоўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Пасля заканчэння сярэдняй школы працаваў літсупрацоўнікам у рэдакцыі шклоўскай раённай газеты «Чырвоны барацьбіт» (1954-1955). Служыў у Савецкай Арміі (1955-1958). З 1958 г. - літсупрацоўнік газеты «За вяртанне на Радзіму» (цяпер «Голас Радзімы»), з 1959 г. - часопіса «Блакнот агітатара», з 1961 г. - загадчык аддзела часопіса «Бярозка». У 1970 г. скончыў Літаратурны інстытут у Маскве. Пасля заканчэння інстытута - супрацоўнік газеты «Чырвоная змена». Сябра СП СССР з 1980 г.
Памёр 04.02.1990 г.
Першыя вершы ў рэспубліканскім друку апублікаваў у 1956 г. (газета «Чырвоная змена»). Аўтар зборнікаў вершаў «Салаўі» (1969), «Нядзеля» (1972), «Бусліны човен» (1975), «Слон пад мікраскопам» (вершы, байкі, мініяцюры, 1978), «Стрэчанне» (1981), «Юбілейныя бліны» (гумар і сатыра, 1984), «Карэнні» (вершы, байкі, паэмы, 1986), «Гекзаметр баразны» (1988), а таксама кніжак паэзіі для дзяцей «Малінавы год» (1971), «Колеры» (1973), «Нашы святы» (1975), «Усе работы добрыя» (1977), «Хто нам дом пабудаваў» (1978).
Перакладаў на беларускую мову творы расейскіх і грузінскіх паэтаў. Выступаў з літаратурна-крытычнымі артыкуламі і рэцэнзіямі.
Крывец Сяргей, нарадзіўся ў 1909 г. у вёсцы Дубна Мастоўскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Быў пастухом, цесляром. Займаўся самаадукацыяй. Вучыўся ў Беластоцкім педагагічным інстытуце (1940-1941). У 1930-1933 гг. жыў у Горадні, у 1933-1944 гг. - у Беластоку. Удзельнічаў у рэвалюцыйным руху, трапіў у астрог. У час Вялікай Айчыннай вайны (1944-1945) служыў у Савецкай Арміі.
Загінуў 28.04.1945 г. пад час штурму Гдыні.
Друкаваўся ў прагрэсіўных заходнебеларускіх выданнях. У 1928 г. у часопісе «Заранка» апублікаваў першы верш. Пісаў на беларускай, расейскай, польскай і нямецкай мовах. Вершы змешчаны ў калектыўных зборніках «Мы іх не забудзем» (1949), «Сцягі і паходні» (1965), «Крывёю сэрца» (1967), «Ростані волі» (1990). У 1972 г. выйшла кніжка вершаў «Дубок», укладзеная Р.Шырмам.
Крыга Алесь (сапр. Асіпенка Аляксандар), нарадзіўся 01.05.1943 г. у горадзе Менску ў сям'і пісьменніка.
Пасля заканчэння дзесяцігодкі (1960) працаваў на Менскім заводзе аўтаматычных ліній фрэзероўшчыкам. Вучыўся на вячэрнім, потым на завочным аддзяленні Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (скончыў у 1989). У 1962-1966 гг. служыў на Ваенна-Марскім Флоце. З 1967 г. - літсупрацоўнік рэдакцый рэспубліканскіх газет «Чырвоная змена», «Физкультурник Белоруссии», «Піянер Беларусі». У 1971-1972 гг. плаваў матросам траўлера на Поўначы. З 1972 г. - літсупрацоўнік іванаўскай раённай газеты «Чырвоная звязда» Берасцейскай вобласці, у 1989-1990 гг. - загадчык аддзела пісьмаў брагінскай раённай газеты «Маяк Палесся». З 1990 г. - стыльрэдактар газеты «Вячэрні Мінск». Сябра СП СССР з 1975 г.
Першую аповесць «Я вернусь к тебе, море!» апублікаваў у 1965 г. (газета «На страже Заполярья»). Аўтар аповесцей «Паўночны фарватэр» (1971), «Порт прызначэння» (1974), «Чайкі над полем» (часопіс «Маладосць», 1978), «Марзянка для нелюбімых» (аповесць і апавяданні, 1988), кнігі для дзяцей «Медзведзяня шукае сяброў» (1987), мастацка-публіцыстычнай кнігі «Выбух над Прыпяццю» (часопіс «Полымя», 1990).