Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
1 ... 95 96 97 98 99 100 101 102 103 ... 260
Перейти на страницу:

А чаму б і не?

Выключылі ж з партыі дацэнта Куліковіча, неблагога разумнага чалавека, вэтэрана вайны, толькі за тое, што той выступіў на сходзе супраць уводу савецкіх войскаў у Чэхаславаччыну і ня ўзяў сваё выступленьне назад, калі яго паклікалі ў гаркам. Не павініўся. Зрэшты, выключылі нават не за гэта, а быццам знайшлі, што, будучы ў нямецкім палоне, ён ня надта добра сябе паводзіў. Раскрылі тое менавіта пасьля ягонага выступленьня на партыйным сходзе, а раней быццам таго ня ведалі. I згарэў дацэнт. Казалі, пасьля таго ўладкаваўся грузчыкам на агароднінавую базу, іншай працы ў горадзе яму не знайшлося. Пасьля некуды зьехаў. А можа, зьвезьлі.

У вітальні ляжаў мяккі санлявы прыцемак, трохі адбліскваў паркет ля кабінэту і ён пачаў тупаць сюды-туды — пяць крокаў ад дзьвярэй да люстэрка і столькі ж назад. У тапках на дарожцы было зручна і зусім ціха. Цікава, ці дазваляюць у турме хадзіць у тапках, унутрана паморшчыўшыся, падумаў прафэсар. У яго даўно былі хворыя ногі, і дома ён заўжды стараўся карыстацца тапкамі. Але пра турму ён, вядома, дарма падумаў. Ня трэба загадзя каркаць на сваю галаву.

Хадзіць так — узад-уперад — нават спадабалася, усё ж гэты занятак ад чагось адцягваў, даваў працу нагам. I ён прыпамятаў, як некалі малым хлопчыкам упершыню ўбачыў у заапарку мядзьведзя, што ў сваёй клетцы гэтак жа тупаў сюды-туды. Тады ён аж пашкадаваў касалапага небараку, мабыць, таму дужа мутарна, і ён гэтак цэлыя гадзіны тупае й тупае. Цяпер сам ці ня ў гэткім становішчы. У клетцы. Толькі яму ці паспачувае хто? Апроч хіба гэтага асьпіранта Красьнянскага.

Задаў яму клопату Красьнянскі.

Усё ж, мабыць, трэба напісаць. Ня можа таго быць, каб гэты асьпірант, зь якім у яго не было ніякіх адносін, апроч чыста службовых, так ужо растаў ад спачуваньня да яго бяды і прыехаў адно суцешыць зь іншага канца гораду. Каб паспачуваць толькі. Сьпярша прафэсар падумаў, што ён па якой патрэбе, можа, папрасіць грошай ці пахадайнічаць перад кім? Ці наконт кватэры (такіх просьбаў ён меў ці ня кожнага месяца)? Але не. Нічога не прасіў Красьнянскі, так і сказаў: толькі каб давесьці сваю чалавечую падзяку за праўду і сумленнасьць. За праўду? Добрая, вядома, штуковіна праўда для таго, хто яе спажывае, калі яна зьвернутая да нас. Але наша праўда… Во і тады ён выдаў два словы праўды, якія, здаецца, спляжаць яму ўсё жыцьцё. Трэба ж было… Сапраўды, ён забыўся, што можна было што-нішто сказаць аднаму, але ня больш. Калі ж цябе пачулі больш за аднаго, дык твая справа трэснула. Гэта пэўна.

Увогуле, справа была ў бутэльцы — праклятай бутэльцы, здаецца, армянскага, якую яны выпілі ўтрох. Выпівалі ня першы раз, пасьля парыльні. Увечары некалькі чарак няблага спрыялі сасудам, распаранае цела, апаласнутае ў басэйне пры саўне, нібы абнаўлялася, маладзела, зьнікала назапашаная за тыдзень стома; лёгкі і спрытны рабіўся розум. Тая размова адбылася па дарозе да прыпынку тралейбуса. Яны закурылі, Бокач нешта памянуў пра Афган, яму штосьці няпэўна адказаў Волахаў, і тады ён, Скварыш, прыпамятаў начную перадачу «Свабоды» і зь неўласьцівай яму жвавасьцю пераказаў яе. Вядома, усё праз каньяк ды парыльню, інакш бы, напэўна, ён змоўчаў. Бокач з Волахавым неяк хмурна паслухалі яго, на хадзе зацягваючыся цыгарэтамі, а ён яшчэ дадаў пра злачыннасьць тае вайны, за якую калісьці прыйдзецца некаму адказваць. Цяпер ламай галаву, хто зь іх двух стукнуў. Удала стукнуў, нічога ня скажаш, узяліся за яго як мае быць. А з тых двух ніводзін і не патэлефанаваў, ні слова болей не сказаў яму. Бы ня чулі й ня ведалі, што зь ім робіцца.

А можа, яны стукалі ўдвох? Хіба такое немагчыма? Што з таго, што сябры, што Бокач і Скварыш некалі вучыліся разам, а Волахаву дачку ён уладкоўваў у інстытут — прасіў за яе дэкана, улагоджваў злую экзамэнатарку Папрышку, якая рэзала спрэс па фізыцы. Паступіла дзеўчына, а яе бацька стаў ягоным сябрам, колькі бутэлек зь ім выпілі — на сьвяты, у саўне, на рыбалцы. Мабыць жа, не павінны ён яго гэтак прадаць? Але і Бокач не павінны. Усё ж стары, шматгадовы сябра, некалі, яшчэ як былі бедныя студэнты, езьдзілі ўлетку да ягонага бацькі на Віцебшчыну, купаліся ў возеры і пілі адмысловую бацькаву самагонку. Не павінны Бокач яго прадаць. Ды вось прадаў. Хто з двух, мабыць, не дазнаесься ніколі.

Цяпер гэты Красьнянскі.

Дужа сьмелыя былі ягоныя думкі — і наконт Афганістану, і наконт Беларусі зь яе ўшчэнт лёкайскім парткіраўніцтвам. I наконт Брэжнева нешта закідваў. Перадражніў, як той называе сябе па тэлефоне: «Паважаны Леанід Ільіч слухае». Слухаючы тое, Скварыш сядзеў, бы на іголках, так было яму не пад настрой, ён усё імкнуўся перавесьці гаворку на іншае, — пытаўся пра сям’ю, пра жонку — не памагло. Што жонка, што зь ёй зробіцца, быў адказ. Але вось гэтая гонка ўзбраеньняў… Далася тая гадзіна Скварышу, аж спатнеў увесь, пакуль зачыняў за Красьнянскім дзьверы.

1 ... 95 96 97 98 99 100 101 102 103 ... 260
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)