Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0073-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
Не, аднак жа, мусіць, ён яшчэ ня ў камэры-адзіночцы, каб так тупаць без канца па вітальні, і не мядзьведзь у клетцы. Усё ж у зальчыку было прастарней, Скварыш уключыў тэлевізар і выцягся на канапе. Як засьвяціўся экран зь нейкім старым чорна-белым фільмам, ён хацеў быў пераключыць канал на маскоўскі, ды паленаваўся ўставаць. Хвіліну спрабаваў зразумець сэнс пафаснага дыялёгу двух рабочых — маладога, даўгашыяга, са старым вусатым, — ды хутка страціў увагу, аддаўшыся ўсё тым жа сваім беспрасьветным думкам. Мабыць, трэба ўсё напісаць. Пакуль памятаў, пакуль што не забыўся. Бо забудзесься, а яны палічаць — утойваеш. Мабыць, у іх усё на ўліку — і словы, і думкі, і намеры. На тое яны спэцыялісты, у акадэміях вучацца. Мабыць, у іх ёсьць кандыдаты і дактары такіх справаў — тайных паліцэйскіх справаў, каб яны спрахлі, як сказалі б на вёсцы. Ды ня спрахнуць — яны дасканаляцца год ад году, даходзячы да мастацтва. Як з гэтым ягоным даносам. Данёс нехта адзін з двух ці, можа, абодва, і ён ніколі не дазнаецца, хто менавіта. I ён будзе абодвум паціскаць рукі і маўчаць, баяцца пакрыўдзіць невінаватага. Бо пакрыўдзяцца. Сам жа пакрыўдзіўся за адно толькі негрунтоўнае падозраньне. Але калі хто вінаваты, даносчык, дык, мабыць, пакрыўдзіцца яшчэ болей, і ты будзеш прасіць у яго прабачэньня. Між тым, на экране былі ўжо не рабочыя ў камбінэзонах, а трое дзяўчатак на беразе прыгожай летняй рачулкі, сярод маляўнічай сельскай ідыліі; на дзявочых галовах бялелі вяночкі з рамонкаў, дзяўчаткі трымаліся за рукі і, ідучы беражком, сьпявалі шчымлівую песьню. Тварык адной зь іх дужа напомніў кагось… Так, даўняе амаль трыццацігадовае знаёмства… Здаецца, імя яе было Валя. I ён быў нават трохі закаханы ў яе, у гэтую статную хахатушку, што неяк нечакана зьявілася ў іхнай кампаніі. Цяпер ужо цяжка і прыгадаць, хто прывёў яе — Бабкоў ці Сельмашынскі, два іхныя неразлучныя сябрукі, франтавікі-ардэнаносцы, кандыдаты ў члены партыі, хлопцы канчалі інстытут, сядзелі на дыплёмах і рыхтаваліся да прыёму ў члены. I менавіта ў той час органы завэрбавалі іх у сексоты. Але пара была пасьляваенная, яшчэ мела кошт франтавое сяброўства, і хлопцы амаль адначасна прызналіся адзін аднаму пра тую вярбоўку. Падзівіліся, вядома, але падзівіцца давялося яшчэ болей, калі першым заданьнем тых органаў Бабкову было нешта вызнаць пра бацькоў Сельмашынскага, а Сельмашынскаму — нешта дазнацца пра ягонага сябра. Сябры, вядома, згодна прасыгналілі, але тыя сыгналы папярэдне абгаворваліся і ўзгадняліся між імі, каб незнарок не нанесьці шкоды адзін аднаму. Мусіць, органы ўсё ж нешта западозрылі, і тады сярод іх паявілася Валя, вясёленькая такая хахатушка ў вэльвэтавым жакеціку. Яна неяк спрытна ўлезла між хлопцамі ды так павяла сябе ў адносінах да таго і другога, што тыя закахаліся ў яе абодва. А закахаўшыся, хутка паварагавалі, мабыць, ужо не ўзгаднялі свае сыгналы, пачалі пісаць інакш, чым раней. I сумна скончылася тое: абодва аднойчы зьніклі, і ніхто зь іх агульных знаёмых ня мог сказаць куды. А Валя неяк сустрэлася Скварышу ў цягніку Масква-Тбілісі, ехала з маленькай дачушкай, казала, туды пераводзяць па службе. А па якой службе, калі не сакрэт, пацікавіўся ён. Ды так, па вайсковай, па лініі мужа, сказала яна і адвяла позірк. Можа, і па вайсковай, падумаў ён, але навошта тады заклапочана адводзіць позірк? Ён і не заўважыў, як скончыўся фільм і на экране апантана замітусілася срэбра, тады ён устаў і ціскануў выключальнік. Час быў ня раньні, мусіць, трэба было ўставаць і пісаць. Усё, як было. Як, хто і што гаварыў. Хоць, зрэшты, амаль увесь час гаварыў Красьнянскі. Значыць, так і напісаць. Але ж то — данос на Красьнянскага? А што ён мог зрабіць, што яшчэ напісаць? Усё роўна той дасьць поўную справаздачу аб гэтай гаворцы. Няважна, у якой форме. Важна, каб тыя не падумалі, што ён нешта ўтойвае. Ня хоча раззбройвацца перад роднай партыяй. А так — калі ласка, ён паднімае абедзьве рукі, ён здаецца. Сам, добраахвотна. Карайце, калі хочаце. А можа, усё ж памілуеце? Праклятае гэта пачуцьцё надзеі на краі пагібелі, гэты рудымэнт пячорнага аптымізму. Ведаў жа, што не даруюць, спагоняць, як мае быць. А вось спадзяваўся… Ён ведаў, што менавіта схільнасьцю чалавека да надзеі на лепшае выдатна карысталіся немцы-фашысты. Выганяючы людзей на зьнішчэньне, яны клапаціліся, каб тыя ўзялі каштоўныя рэчы і цёплую вопратку і харчу на трое сутак. У лягерах зьнішчэньня іх сустракалі з аркестрам і перш-наперш вялі ў лазьню, на мэдагляд да кваліфікаваных спэцыялістаў, якія па адным стралялі ім у патыліцу. На ростамеры. Яны ўмелі зрабіць, каб людзі па-дурному спадзяваліся да самай апошняй хвіліны і паводзілі сябе адпаведна з уласнай надзеяй. Мусіць, так сябе паводзіць будзе і ён. Мабыць, ужо асуджаны, а ўсё чапляецца — за партбілет, за працу. Бо яны ж не гавораць, што заплянавалі яму. А яму хочацца як-небудзь выкараскацца з-пад іхнай навалы. А можа, а можа…