Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II
- Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II». Краткое содержание книги:
Валерык.
Глядзі, правільна. Адкуль ведаеш?
Вершы такія ёсць. Лермантаў напісаў.
Дзядзька на хвіліну адарваўся ад сваёй “пражы”, каб паскрэбці падбародззе. Агеньчык, нібы толькі таго чакаючы, папоўз з печы да стажка.
Куд-ды? – дзядзька, спаймаўшы яго, запхнуў назад. – Ану, хадзі да сваіх!.. Ведаў аднаго. І якраз у гэты час. На Валерцы і пры экспедыцыі.
То гэта ж вялікі чалавек, дзядзька... Паэт?
Ці паэт – не ведаю. А што паручнік – добра помню. Афіцэр быў неблагі. Толькі свавольны і непаслухмяны. Не хацеў у экспедыцыі ваяваць. Сэрца, значыцца, яму не дазваляла, каб загадвалі.
Можа, гэта не той... Міхал?
Міхал Юр’евіч, правільна.
Ах, чорт, – дзядзька нібы адразу вырас у вачах Загорскага: трэба ж думаць, каго бачыў! – І гаварылі вы з ім?
Чаму ж не гаварыць, калі трапіцца. Што ён, турак? Мы з ім і паляваць хадзілі. І чаёк з ім ганялі. Я там ад кавы нашай адвык. Усё чаёк ды чаёк. Выключна мы з ім чай умелі рабіць... Сакрыты былі розныя... Ён свой у аднаго сябра выпытаў – забілі яго потым пад грознай крэпасцю. Па-дурному зусім. А мне мой сакрэт дарам дастаўся: хочаш, каб кава або чай добрыя былі – кладзі як мага больш і таго і другога.
Раскажыце, дзядзька, які ён быў?
Які... Звычайны... Вочы ды нос, ды дзве рукі. Несамавіты такі... Ногі крываватыя, нібы дзіцём на рахіт хварэў. Звычайны армейскі афіцэр... Толькі што багаты.
Аб чым гаварылі хаця?
Помню я, думаеш, пра што з кожным афіцэрам гаварыў?
“Гэх, дзядзька-дзядзька, – падумаў сам сабе Алесь. – Пашанцавала табе, а ты...”
Ледзь не плюнуў з прыкрасці, але потым падумаў, што віны Басак-Яроцкага тут няма. Звёў лёс са звычайным армейскім афіцэрам, якіх Пятро, сапраўды, бачыў сотні. Хто адрозніць пад шэрым сукном адно сэрца ад другога. Гэх, людзі! І сапраўды, “сорамна-с”.
Помню толькі, што незвычайнай храбрасці быў чалавек. На што ўжо тыя басурманы, а ён і іх перабасурманіў. Набраў сабе добраахвотнікаў – такія ж адарві-галовы, як ён, – дый пайшоў гуляць. Сам у чырвонай сарочцы, у бешмеце, конь пад ім белы... Што ты думаеш, на такое паглядзеўшы, ды жыццём не рызыкаваць – гэта нельга. Вельмі проста і з розуму з’ехаць або запіць да апошняга салдацкага крыжа ды забыцца, хто ты ёсць, чалавек.
Засмяяўся:
Мы з ім і ў крэпасцях на лініі стаялі. Гэта толькі кажуць, што “вайна, у, вайна!”, а на самай справе вайна – гэта нудота. Асабліва ў крэпасці. Рэдка вясёлае здарыцца. Быў я некаторы час камендантам крэпасці Шатой. Адна назва, што крэпасць. Вал ды заплот, ды сям-там глінабітны мур. Ну, аднак, у мяне салдаты ды некалькі гармат. Вось аднойчы стаю на муры, аж бачу – пыл на дарозе. Ляціць коннік. Абадраны такі джыгіт. Буркаю нешта прыкрыў. Падлятае пад браму: “Іван! Адчыняй!” – “Чаго табе трэба?” – “Адчыняй! Прапаў зусім, калі не адчыніш!”
Зноў засмяяўся.
“Ды што табе тут конча трэба?” – пытаю. Той як узаўецца. Вочы бандыцкія, жаласныя, у горле аж клякоча: “Адчыні, шайтан. Марушка карапчыў”. А гэта ў яго, значыць, грошай не было, то ён сабе дзеўку, жонку, узяў ды ўкраў. Добра. Пусціў я яго. Ён дзякаваў. І дзеўка кланяецца. А зброю я ў яго ўсё ж забраў. Ведаю, чым гэта канчаецца. Даў яму з дзеўкай пустую халупу. Думаю: “Паспрабуйце знайсці. А калі і знойдзеце – позна будзе”. Сам пайшоў чай піць. І двух кубкаў не выпіў – кліча салдат: “Ідзіце на муры, ваша высакароддзе”. Іду. Бачу, перад брамай чалавек пяцьдзесят на конях. Усе са стрэльбамі. Ну, думаю, купіў сабе клопату з-за чужога вяселля... Наперадзе коннікаў чачэн. Нос бы ў ястраба, барада рыжая, як, ты скажы, ён яе назнарок пафарбаваў. Вочы бандыцкія. І папаха белым абкружана... Хаджа! “Іван, адчыняй, злодзей у цябе. Карапчыў маю дачку. Мы яго зараз рэзаць будзем”. А я яму: “Ты ў сваім доме дасі кагосьці рэзаць? Вось. А тут – мой дом”. – “Я ў сваім доме зладзеяў не прымаю”. – “То што, – кажу, – ніводны з тваіх гасцей па баранту за Церак не хадзіў?” Некалькі чалавек засмяяліся. Потым рыжы кажа: “Пусці мяне аднаго”. “Ну, адзін, – падумаў я, – нічога не зробіць. Дый позна”. “Ідзі, – кажу. – Толькі астатнія хай ад’едуць, а ты зброю пакладзі”. Рыжы кажа: “Кінжал адзін пакінь, Іван”.
Ну вось, не стаў я Рыжага абражаць. Пусціў. Ідзе той, вачыма толькі па баках зыркае. І як яго хто вядзе, проста да той мазанкі. Ну, думаю, пачнецца зараз.
Вочы Яроцкага смяяліся:
Узяў кінжал ды як кінуў у дзверы, зубы ашчэрыўшы, – аж той дзюймы на чатыры ўпяўся. Толькі і сказаў: “Гых-х...” Зразумеў, што позна, але злосць сарваў. Ды яшчэ нібы сказаў гэтым ударам: “Узяў ты маю дачку, то на і кінжал, падавіся...” А праз некалькі дзён памірыліся. Такая гулянка перад крэпасцю была – любата! І мяне частавалі, як пасаджонага бацьку.