Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II
Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II». Краткое содержание книги:

«Груша цьвіла апошні год». Гэты незабыўны сказ уводзіць нас у незабыўны сьвет раману ў двух кнігах Уладзімера Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Раман прысьвечаны падзеям напярэдадні паўстаньня 1863-1864 гадоў у Беларусі. А першая кніга распавядае нам пра «выйсце крыніц» якія выліліся ў раку гневу і змаганьня за незалежнасьць Беларусі. Нягледзячы на літаратурнасьць раману, чытаючы адчуваецца натуральнасьць падзеяў. Кожны бачыць перад сабой хлапчука Алеся Загорскага, ды яго вясковых і шляхецкіх сяброў. Кожны бачыць, як памірае стары сьветапогляд яшчэ з часоў перад падзеламі Рэчы Паспалітай, і нараджаецца новае пакаленьне якому суджана пакласьці галаву для будучыні Беларусі. «Грушы накнавана абрынуцца ў Дняпро», але і «крыніцы нязьменна спалучацца ў імклівую раку». Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману «Каласы пад сярпом тваім», і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет кааб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
1 ... 98 99 100 101 102 103 104 105 106 ... 163
Перейти на страницу:

Акрамя таго, Сабіна бачыла яшчэ адно. Франц дазваляў апекавацца над сабою, пакуль у яго самога яшчэ няма гэтага беспамылковага інстынкту адрозніваць ману і праўду, чужое і патрэбнае, смецце і золата, тыранства, прыкрытае прыгожымі словамі, і яснае разуменне таго, што такое свет і якое месца займаеш у ім ты.

Гімназія рабіла з рамантычна-ўзнёслых, летуценных і справядлівых падлеткаў будучых тайных саветнікаў, пшутаў, снобаў і барычаў, і Франц разумеў, што ён павінен трымацца таго фарпосту чалавечнасці, які хаця і па-юначаму, але змагаўся з гэтым, і перш за ўсё Вацлава.

А душа ў яго была, і не абы-якая. Яна толькі пачынала развівацца, але ў глыбінях сваіх даўно ўсё разумела і абяцала далёка пакінуць за сабою многія і многія душы.

Сабіна аднойчы злавіла на сабе яго позірк. Хлапец глядзеў сваімі вузкімі вочкамі, і былі ў гэтым позірку цяжкаватая дапытлівасць, розум і адвечная – амаль не ад чалавека – прага праўды. Успамінаючы дабрадушныя вочы юнака, Сабіна кожны раз уздрыгвала. Ёй здавалася, што гэты чалавечак раптам спасціг усю яе.

Гэтым пакуль што не мог пахваліцца ніхто. І толькі яна сама ведала, хто яна. Ведала, што яе іранічнасць і яе розум – толькі сродак для таго, каб прыкрыць просты факт уласнай абыякавасці да жыцця.

Яна не жыла. Яшчэ з інстытуцкіх часоў. Пенсіённая сістэма забівала дваяка і не магла, дзякуючы сваёй

пачварнай і ветліва-халоднай бесчалавечнасці, не забіваць. Можна было зберагчы нешта адно: цела або душу. Пазбягалі гэтага адзінкі.

Адных яна забівала фізічна. “Божа, якія жахлівыя ледзяныя калоны, які холад у дартуарах!.. Я не магу, я хачу на Дняпро... у Ліпецк, у Кіеў, на манастырскае падвор’е, дзе заўсёды спыняецца маці і дзе грэцкія арэхі падаюць з дрэў!.. Я хачу на мелавыя данскія горы, дзе вясною жар цюльпанаў... Як холадна!.. Чаму я не магу гаварыць, як гаварыла?.. Чаму я не магу дазволіць сабе маленькі водгук “з”, амаль нячутны, у слове “день”? Я не магу іначай, мой рот не так створаны, і я ж не буду актрысай, каб вымаўляць чыста...”

Такія плакалі па начах, пачыналі кашляць або прагна лавіць пах каменнавугальнага дыму і нафты. Наступала бязлітасная зялёная немач, хлароз.

Другія, мацнейшыя, сціскалі душу ў далонь, каб выжыць. “Гэтыя клоны – мармур? Дзякуй, мадам, спаць у холадзе здаравей... Імператар – душка, мы бачылі яго на акце... Я выпраўлю сваё вымаўленне, дзякуй вам... Мужчыны – гэта брутальна... Толькі тут я зразумела сапраўдную вартасць добрых манер... Гэта не нахабства ў маіх вачах, мадам, гэта пачцівасць, не злуйцеся...”

Такія выходзілі з інстытута здаровыя і ўсмешлівыя і дабіваліся поспеху, таму што ненавідзелі свет, і людзей, і адна адну.

Выходзілі са знявечанай, зламанай душой, з разважліва-халодным сэрцам, з той абрыдлівай бабскай подласцю, якая ў сто разоў горшая за подласць мужчынскую.

Выходзілі, гатовыя ісці цераз трупы. Бедныя душы!

Свет быў варожы і халодны, але ўсё ж яна, як кожная жывая істота, не хацела ледзянець і шукала паратунку. І паратунак з’явіўся.

А гэта быў ягоны брат.

Яна вырашыла ехаць. Хлопцы раптоўна сталі ёй чужыя. Апошнія дні яна таксама сустракалася з імі, але ў душы адчувала – хутчэй адсюль.

А яны жартавалі пры ёй, спаборнічалі ў дасціпнасці і рыцарстве, смяяліся, кідаліся думкамі.

Цёмнымі вачыма глядзеў на яе Цітус Далеўскі, трымалі паядынак Юллян і Алесь. Вацлаў перадражніваў Гедыміна, ідыёта Салаўёва і ханжу Баршчэўскага, як яны гавораць вясною аб выніках іспытаў і неабходнасці трымаць гімназістаў у ёжавых рукавіцах і як кожную хвіліну адхіляюцца, пачынаючы абгаворваць паненак, што праходзяць пад вокнамі.

І дабрадушна глядзела на іх толькі што прарэзанымі вачыма барсучаня, што прагнула праўды: Франц Багушэвіч.

Падрастала другая змена паўстання...

Яна сама не ведала, што з ёю. Ледзь прыехаўшы, пачала пытаць у дзядзькоў аб Алесю. Іван хваліў маладога князя за гаспадарлівасць. Але Тодар раптам накінуўся на Загорскага за залішняе патуранне мужыкам і ўвогуле за мужыкалюбства.

– Выдумаў сабе цацку дый важдаецца з ёю. Торкае сваёй беларускасцю ўсім у вочы. Гаворыць, бы гнойнымі граблямі нешта растрасае.

– Не звятрай увагі, – сказаў Іван.

Сабіна шукала сустрэчы. Паехала да Мсціслава, мяркуючы, што, можа, сустрэне яго там. Мсціслаў ні аб чым не здагадаўся, сказаў ёй, што Алеся ў яго другі тыдзень не было, і калі яна сустрэне яго, хай кіне яму ў вочы вось гэтую пальчатку, што ён тут забыў, маўляў, калі не заедзе днямі, то дуэль.

1 ... 98 99 100 101 102 103 104 105 106 ... 163
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)