Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II
- Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II». Краткое содержание книги:
Індзейцы, дзядзька.
Ну, індзейцы... А ўжо з сапраўдным тытунцом, то, я табе скажу, і Вежа такога не нюхаў, што я магу зрабіць.
Як?
А звычайна. Хатні тытунь, вядома, даглядзі як след. Гэта... кгм... грунт! А потым рыхтуйся “Кабу-Гавану” рабіць.
Яроцкі піпчыў, быццам ладан і смірну курыў невядомаму богу:
Чакай, пакуль зацвіце белы баркун. Не тая жоўтая падла, што ў засуш палі катуе, а ягоны белы брат. Сачы, каб пчолы палёталі сама больш дзень. Каб лішне не выпілі мёду... Збяры кветкі асцярожненька, ачысці і сушы не на сонцы – пад ветрыкам, але хутка. А высушаныя мяшай з тытунём... Спачатку нямнога, бо звыкнуць трэба, бо гэта курыць – як у кветках заснуць: і сон, і лёгкасць, і думкі прыходзяць адчайныя, нібы кожную хвіліну ты з персідскай царэўнай можаш ажаніцца ды пляваць на ўвесь свет.
Дурман?
Не. Проста бясшкодны мёд.
Так проста?
Хе-хе, – сказаў Яроцкі. – Бачыш, што ў капшуку на дне?
Ну, камяк нейкі.
Гэта вераснёвы жоўты антон, парэзаны ды ў сітаватую тканіну загорнуты. Панюхай.
З капшука павеяла харошым тытунём, мядовым летнім полем, асеннімі садамі і яшчэ чымсьці.
А гэта? – спытаў Алесь. – Якое прыемнае! Як запушчаны сад у чэрвені!
А гэта другое, аб чым хацеў сказаць. Ружы не ў кожнага ёсць, то шыпшыны ў поўнай квецені набяры, падсушы ды мяшэчак у скрынку з тытунцом і пакладзі.
Вы маг, дзядзька.
Я шмат такога ведаю... Дарэмна ты не прыязджаў. Простасць табе патрэбна чалавечая, хлопец... Звычайнае, шэрае, сваё... Хай неразумнае, парэпанае, але сваё... Як продкі жылі. Былі багатыя, а на мулкім спалі... Дый не чужы ты мне. Дзяцей у мяне няма... Усё вайнішча гэта. А нажніцы твае, пастыжныя, срэбныя, і дагэтуль на сценцы вісяць. Побач з лістом, з асабістай мне падзякай Ярмолава Аляксея Пятровіча. Мы тады, каптэнармус выпадковы, чатыры салдаты ды я, пяць дзён перавал супраць лезгінцаў трымалі. І назву ўжо таго перавалу забыў, а дагэтуль, як успомню – вішчаць ды галёкаюць, ну – сэрца падае, няма куды дзецца.
Вам колькі ж год, дзядзька!
Не так ужо і многа. Нарадзіўся я цераз тры гады пасля смерці імператара Паўла. Значыцца-а... Вось, пяцьдзесят пяць мне... А туды я трапіў маладзён шаснаццаці год. Афіцэры, бывала, піць ды ў карты. А мне матуля многа прыслаць не магла, ды прагуляўся б я, а з салдацкай казны пазычаць – гэта бога забыць трэба. Дый нецікава гэта мне. То я ў перса куплю... па-нашаму не ведаю, як табе і растлумачыць, але вязкая такая, дрыжыць, як наша студзіна, але не з мяса, а з дыннага, здаецца, соку ды цукрам абсыпаныя... словам, “рахат-лукум”... ды сяджу, ды зубы ў мяне, бы ў смале, вязнуць, а сам гляджу на горы... І здаецца мне, нібы зусім яны не з каменя, а з блакітнага вэлюму і лёгкія, аж пустыя знутры, як шатры... Вось-вось палятуць.
Пасуровеў злёгку.
– Толькі спачатку яны такія і былі.
Ну і як вы там?
Сем год быў у асобным каўказскім корпусе пры Аляксею Пятровічу, доўгія яму гады. Жывы яшчэ. Пакрыўдзілі яго, а мужык які быў! Леў! Баяліся яго вярхі. Чуткі сярод салдат хадзілі – “абы закалат, а мы ўжо яго на штыках данясем да трона”.
Як на штыках?
А так. Штыкі ў парусіну ды на плечы. А на парусіне генерал, каб вышэй. А вакол салдаты ды сцяганосец... Мяне ён помніў, хоць і не дужа адзначаў. Не цярпеў ён гэтых дрындушак ні на сабе, ні на іншых. І правільна. Ганарыцца тут няма чым. Прысяга, вядома, іначай кожнаму салдату праз дваццаць пяць год не чыстую, а галаву сячы б трэба... То Аляксей Пятровіч гэта разумеў. Не тое што Паскевіч. Той за Эрывань ды Арзурум мне таксама ліст ды зброю, кінжал ды асабістую шаблю, ды крыж. А я гэта ўсё ў скрыні трымаю.
Выбіў люльку, крэкнуў, нібы глынуўшы чарку.
– Пасля праваяваў я год лішнім з Паскевічам Іванам Фёдаравічам. Восем год было ўжо маёй службы. Адзначыў ён мяне, пасля таго як мы крэпасць бралі... Як бо яна?.. І гэта забыў! Але пакрыўдзіў ён мяне там моцна. “Шпуры, – кажа, – трэба весці ды ўзрываць”. А я яму: “Дазвольце сказаць, не трэба гэтага. Прыдатная крэпасць. Нам спатрэбіцца. Войска многа, пакіньце яе ў абцугах ды – зморам яе. Шкада крыві”. А ён: “Вы баіцёся, здаецца?” Графства дурное! За такія словы дурніла салдат, дзе і не трэба, на смерць ідзе.
Яроцкі казаў глуха і спакойна, нібы аб тым, як яны ўчора паабедалі.
Я пайшоў ды, пакуль яны там валтузіліся з падкопам, самавольна тую крэпасць узяў. Давялося яму на свечку папляваць, а порах здаць у цэйхгауз, на рабунок... Зразумеў, што пакрыўдзіў мяне. Як наведвае наш полк, то не абміне, каб не спытаць: “Як жывеш, зямляк?” Ды і па імю, па бацьку.