Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II
Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II». Краткое содержание книги:

«Груша цьвіла апошні год». Гэты незабыўны сказ уводзіць нас у незабыўны сьвет раману ў двух кнігах Уладзімера Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Раман прысьвечаны падзеям напярэдадні паўстаньня 1863-1864 гадоў у Беларусі. А першая кніга распавядае нам пра «выйсце крыніц» якія выліліся ў раку гневу і змаганьня за незалежнасьць Беларусі. Нягледзячы на літаратурнасьць раману, чытаючы адчуваецца натуральнасьць падзеяў. Кожны бачыць перад сабой хлапчука Алеся Загорскага, ды яго вясковых і шляхецкіх сяброў. Кожны бачыць, як памірае стары сьветапогляд яшчэ з часоў перад падзеламі Рэчы Паспалітай, і нараджаецца новае пакаленьне якому суджана пакласьці галаву для будучыні Беларусі. «Грушы накнавана абрынуцца ў Дняпро», але і «крыніцы нязьменна спалучацца ў імклівую раку». Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману «Каласы пад сярпом тваім», і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет кааб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
1 ... 90 91 92 93 94 95 96 97 98 ... 163
Перейти на страницу:

Дзед маўчаў. Што ён мог сказаць? Ён картаваў думкі.

Нейкае зусім цёмнае, нібы асенняе, было неба над паркам. За акном месяц шалёна імчаўся над нерухомымі гмахамі аблокаў.

Лягчэй за ўсё скончыць так. Але людзям трэба ісці. Каб жыць. Жыццё – даброта. Найвялікшая даброта, якая дадзена кожнаму, негледзячы на ўвесь боль.

Дзед не заўважыў, што супярэчыць сам сабе. Ён проста казаў простыя думкі, як усе людзі. Можа, якая і суцешыць.

Каб жыць... Асабліва тым, што самі і кідаюць зерне, што даюць яму расці, што змагаюцца за каласы – іначай нівы заглушыла б пустазелле... Што зробіш, трава лепей адрастае, калі яе косяць...

Дзед зноў наліў і задумаўся.

Выпі, сыне. Я доўга жыў. Мяне назвалі б вар’ятам, калі б я сказаў, ну хоць бы пра катлы на цукроўні... Прэс круцілі рукамі... А, лухта!..

Думка дзеда кідалася ў прыцемках:

Вось парастак бульбы ў склепе. Жоўты, бледны... Ці цыбуля, таксама жоўты, без смаку. А пакладзі цыбуліну без зямлі, без вады на акно. Парасткі стануць зялёныя, з’явіцца аднекуль горыч... Значыць, ёсць жа нешта ў святле. То няўжо мы дурней за цыбуліну? І сапраўды навучымся з часам рабіць хлеб з сонца. І людзі стануць жывіцца святлом.

З часам, – горка сказаў Алесь.

Затое назаўсёды. І стане добра. Спачатку людзям... Потым жывёлам... Потым раслінам... Хадзіце сабе, смейцеся... Бегайце сабе, скачыце, лётайце, слаўце жыццё... Каласіцеся сабе, зелянейце...

Вочы Вежы мякка свяціліся з-пад суровых павек.

А ты, чалавек, стой. Стой, не падай. За ўсіх стой. Спачатку за людзей, потым за ўсіх, хто дыхае і шуміць. Доўга яшчэ стаяць. Крывава. А ты стой. Нават пры сваёй прынізлівай жывёльнасці – стой. Жывёла, а стаіш. За гэта з цябе – усе грахі ды на святасць вялікую.

Месяц імчаўся між непарушных змар.

Сосны на Доўгай Кручы бачыў? – спытаў дзед.

Алесь успомніў.

...Імкліва, дрыготкі, як страла ў палёце, Дняпро... Доўгае, з вярсту, і высокае, сажняў у пяцьдзесят, урвішча... Крывава-чырвоная гліна... І на строме, карэннямі ўгору і свежымі шатамі ўніз – сосны... Вісяць... Бітыя, страшна скарлючаныя... Перавітыя, непрыступныя, самотныя... Няскораныя ў сваім жаданні жыць там, дзе не здолеў і не захацеў жыць ніхто.

Але.

Дык гэта мы. Слабая абарвецца. Усякая іншая абарвалася б... акрамя нас... І ўсё. Да апошняга каменя запомні...

Праз некалькі дзён побач з магілай пана Юрыя паявіўся другі курган, які месяцам пазней аброс зялёнай травой.

Басак-Яроцкі адразу з пахавання ўзяў Алеся да сябе, не даўшы нават вярнуцца ў апусцелы дом:

Няма чаго табе там рабіць.

Я, можа, да дзеда, дзядзька Пятро?

Пастрыжны яшчэ больш пачырванеў:

– Вы там мудрагеліць будзеце. А табе зараз тая мудраць... кгм, – і дзядзька выразна кашлянуў, адным выглядам лепш за ўсякія словы паказаўшы, як менавіта зараз патрэбна Алесю тая мудрасць.

Ехалі конна па раскіслай зямлі. Вясна пазнілася, і толькі зрэдку між хмар праглядаў гарачы, малады, сіні шматок неба.

Сорам, – кароткія вусы дзядзькі варушыліся. – З самага пастрыжэння запрашаў да сябе... Хай сабе гэтых, розных там... “поутру проснувшись” няма. Я табе не імператрыца Анна. Я – салдат.

“Поутру проснувшись” была ўлюбёная страва імператрыцы Анны. Рабілася яна з бычыных вачэй, і дзядзька заўсёды ўжываў гэтую назву, калі казаў аб разнасолах і прысмаках сапсаванага густу.

Дзядзькава бурка, на якую на ўсе вочы глядзелі хлапчукі наваколля, пахнула тытунём, як і парадны мундзір. Гэта была вопратка толькі на самыя важныя выпадкі жыцця.

Ладны і сівы, ён ехаў на сваім коніку проста, як ездзіў, напэўна, і пад кулямі. Алесь быў удзячны пастрыжному, які не дазволіў яму зайсці ў апусцелы палац. Усё разумеў стары. Сказаць часам не мог, але разумеў усё.

Дзіцячыя сінія вочы без прыжмуру проста глядзяць на неба.

Бачыш, жаўрук... Як на нітцы. Ты не ведаеш, Алесь, дзе яны начамі хаваюцца? Марозіць жа начамі. Я ляжанку кожны вечар палю на старыя косці. Люблю агонь... Здаецца, чым утапіцца, то лепей бы ў агні... То не ведаеш дзе?

Дастаў куртатую трубачку, капшук – і запіпчыў.

Тромб адварочваў храпу ад тытунёвага дыму і касіўся на Басак-Яроцкага разумным вокам: гаспадар не курыў.

Што за тытунь такі прыемны, дзядзька.

Ты што, лічыш, толькі багатыру прыемны тытунь курыць? – усміхнуўся дзядзька. – Выкручваемся і мы, ды яшчэ як. Дарагое жыццё, яно – у дурняў бывае.

Не, сапраўды.

Кгм... Тытунь харошы, гэта праўда, турэцкі... Але нават самы танны тытунь, які мы, бывала, курылі там, калі армянін не прыедзе, можна зрабіць – ого! – на твары ў Пятра была раскоша. – Да мяне, бывала, усе бягуць: “У Яроцкага запасы старога. Яроцкі зберажэ, хоць не скнара”. І не ведаюць, што я нават з карэньчыкаў магу табе такую “Кабу-Гавану” (ён так і сказаў) звярнуць, што тамтэйшыя індусы сем вёрст будуць за канём бегчы ды нюхаць.

1 ... 90 91 92 93 94 95 96 97 98 ... 163
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)