Беларускія пісьменнікі: 1917-1990
- Автор: Гардзіцкі Аляксей
- Год: 1994
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00709-X
- Жанр: Справочная литература
Электронная книга - «Беларускія пісьменнікі: 1917-1990». Краткое содержание книги:
Пераклаў на расейскую мову раман І.Мележа «Людзі на балоце» (1964), аповесці А.Карпюка «Данута» (1963), «Пушчанская Адысея» (Масква, 1966) і яго кнігу прозы «На лясных сцежках» (Масква, 1964), У.Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1966), зборнік паэзіі Я.Купалы (1979), творы Я.Коласа, М.Багдановіча, П.Броўкі, Р.Барадуліна, А.Вялюгіна, С.Дзяргая, А.Куляшова, У.Караткевіча, П.Панчанкі, А.Пысіна, А.Русецкага, М.Стральцова, М.Танка, Ю.Таўбіна і інш. У 1982 г. выдаў кнігу перакладаў беларускай паэзіі «Спелый бор».
Кісялёў Генадзь, нарадзіўся 19.03.1931 г. у горадзе Каломне Маскоўскай вобласці (Расея) у сям'і служачых.
Сярэднюю школу скончыў у Віцебску (1948). Пасля заканчэння Маскоўскага гісторыка-архіўнага інстытута (1953) працаваў у архіўных установах Летувы. У 1956-1959 гг. вучыўся ў аспірантуры пры Маскоўскім гісторыка-архіўным інстытуце. У 1960-1971 гг. - навуковы супрацоўнік Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва Летувіскай ССР. З 1971 г. - навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Кандыдат гістарычных навук. Сябра СП СССР з 1964 г.
Літаратурную дзейнасць пачаў у 1958 г. Выдаў зборнікі гісторыка-літаратурных нарысаў «Сейбіты вечнага» (1963), «З думай пра Беларусь» (1966), «Героі і музы» (1982), даследаванні «Загадка беларускай «Энеіды» (1971), «Пошукі імя» (1978), «Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча» (1988), літаратуразнаўчую дылогію «Разыскивается классик...» (1989), гістарычныя нарысы «Паплечнік Каліноўскага» (1976), «На пераломе дзвюх эпох: Паўстанне 1863 года на Міншчыне» (1990). Склаў зборнікі гісторыка-літаратурных матэрыялаў «Пачынальнікі» (1977), «Пуцявінамі Янкі Купалы» (1981), «З жыццяпісу Якуба Коласа» (1982), «Шляхам гадоў» (1990). Адзін са складальнікаў зборнікаў дакументаў «Рэвалюцыйны ўздым у Літве і Беларусі 1861-1862 гг.» (1964), «Паўстанне ў Літве і Беларусі 1863-1864» (1965).
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1990) за кнігі гісторыка-літаратурных даследаванняў «Разыскивается классик...» і «Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча».
Клаз Ілья, нарадзіўся 17.03.1922 г. у горадзе Магілеве ў сям'і рабочага.
У 1939 г. паступіў на літаратурны факультэт Педагагічнага інстытута. З першых месяцаў вайны - у Савецкай Арміі. Удзельнік баёў на Паўночна-Заходнім, 2-м Прыбалтыйскім і 1-м Беларускім франтах. Тройчы паранены. У пасляваенныя гады быў літсупрацоўнікам, загадчыкам аддзела літаратуры і культуры ў газеце «Сталинская молодежь», у вайсковых газетах. У 1956-1966 гг. загадваў аддзелам інфармацыі ў газеце «Літаратура і мастацтва», аддзелам прапаганды ў музеі Янкі Купалы. З 1974 г. - літсупрацоўнік у бюлетэні «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі». Сябра СП СССР з 1957 г.
Узнагароджаны медалямі.
Памёр 22.12.1980 г.
У 1940 г. надрукаваў першы верш (газета «Сталинская молодежь»). Пісаў на расейскай і беларускай мовах. На расейскай мове выйшлі аповесці «Жарцы» (1955), «Подснежники» (1958), «Вор» (1960), «Разбег» (1961), «Заря вишневая» (1973), раман «Белая Русь» (1977) і зборнік нарысаў «Потомству в пример» (1978), на беларускай - «Машыніст Анатоль Шыбуняеў» (1961), «Каменных спраў майстар» (1971), «Па Дзвіне на вёслах» (1975).
Клебановіч Міхась, нарадзіўся 14.03.1934 г. у вёсцы Грэск Слуцкага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Пасля заканчэння аддзялення журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1957) працаваў рэдактарам на Беларускім тэлебачанні. У 1967 г. пераведзены ў галоўную рэдакцыю па вытворчасці тэлевізійных фільмаў, у 1972 г. прызначаны сябрам рэдакцыйна-сцэнарнай калегіі гэтай рэдакцыі, з 1977 г. - галоўны рэдактар сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі Беларускага тэлебачання. Сябра СП СССР з 1981 г.
Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1985).
Празаічныя творы пачаў пісаць у канцы 60-х гг. У 1971 г. часопіс «Полымя» змясціў першую падборку апавяданняў. Аўтар кнігі апавяданняў і аповесцей «Ранішняе сонца» (1981).
Асноўная творчая праца звязана з тэлебачаннем. У 1960 г. пастаўлена п'еса «Аплявуха». Знята некалькі дакументальных фільмаў. Тэлефільм «Размова пра зямлю» (пастаўлены ў 1971) адзначаны прызам на III Усесаюзным фестывалі.
Клімашэўская Ірына, нарадзілася 30.08.1928 г. у горадзе Менску ў сям'і чыгуначніка.
Вучылася на аддзяленні журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1949-1952). Была літсупрацоўнікам рэдакцыі газеты «Советская Белоруссия» (1952-1954, 1957-1966). У 1954-1957 гг. вучылася ў Літаратурным інстытуце ў Маскве, скончыла яго завочна ў 1960 г. Працавала ўласным карэспандэнтам газеты «Советская культура» па Беларускай ССР (1966-1968). У 1969-1979 гг. - літсупрацоўнік бюлетэня «Строительство и архитектура Белоруссии». Сябра СП СССР з 1964 г.