Станаўленне польскамоўнай паэзіі ў полілінгвістычнай літаратуры Беларусі эпохі Рэнесансу
- Автор: Кавалёў Сяргей
- Год: 2001
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Станаўленне польскамоўнай паэзіі ў полілінгвістычнай літаратуры Беларусі эпохі Рэнесансу». Краткое содержание книги:
Што датычыцца сямейна-рытуальнай паэзіі, то менавіта на сутыку Рэнесансу і Барока адбываецца яе шпаркае распаўсюджанне і, фактычна, інстытуалізацыя ў грамадстве. Друкаваная сямейна-рытуальная паэзія (вершаваныя творы з нагоды нараджэння, шлюбу і смерці чалавека) адыгрывала ў жыцці вышэйшых слаёў грамадства тую самую ролю, што вусна-паэтычныя творы (радзінныя, вясельныя і пахавальныя песні) у жыцці простага народа.
Першыя ўзоры сямейна-рытуальнай паэзіі ў пісьменстве Вялікага Княства Літоўскага стварыў у 40-х гг. XVI ст. Пётр Раізіуш (дзве лацінамоўныя эпіталамы з нагоды шлюбу каралевіча Жыгімонта Аўгуста з прынцэсай Альжбетай і лацінамоўная эпіталама на вяселле Мікалая Радзівіла), у 60-х гг. два фунеральныя творы выдаў, як мы памятаем, у Бярэсці Ц. Базылік (“Апісанне смерці і пахавання княгіні Альжбеты Радзівіл”, “Надпіс на гробе зацнага шляхціца Паўла Сецыгнёўскага”). Спачатку заказчыкамі на творы падобнага роду выступалі выключна прадстаўнікі заможнай арыстакратыі (Радзівілы, Хадкевічы, Сапегі, Кміты), а аўтарамі з’яўляліся іншаземныя паэты (гішпанец П. Раізіуш, немец Ё. Мыліуш, палякі Я. Каханоўскі і Ц. Базылік). Але з 90-х гг. на магнатаў пачала раўняцца і сярэдняя шляхта, аздабляючы вершамі сямейныя ўрачыстасці і жалобы, прычым ужо не было патрэбы звяртацца да іншаземцаў: за напісанне святочных і жалобных вершаў ахвотна браліся навучэнцы і выпускнікі калегіумаў і Віленскай езуіцкай акадэміі (М. Вітаслаўскі, К. Кярноўскі, В. Скравец, Г. Белазор, Ш. Шляскі і інш.), не адставалі ад малодшых калег, як мы пераканаліся, С. Кулакоўскі (“Катамерынон Слуцкага княства”), Я. Казаковіч (зборнік “Дух Данііла”) і Я. Пратасовіч (“Паранімфус”, “Эпіцэдзіум”). Яшчэ больш інтэнсіўна выдаюцца сямейна-рытуальныя творы ў XVII ст.: паводле падлікаў К. Мрочак, у XVI ст. у Польшчы і Княстве было надрукавана 92 эпіталамы, а ў XVII ст. – ажно 530 [Mroczek 1989; 61].
Існаваў традыцыйны трафарэт для напісання генеталіконаў (вершы з нагоды нараджэння дзіцяці), матрыманіяльных віншаванняў (вершы з нагоды шлюбу) і фунеральных твораў (вершы з нагоды смерці), таму іхні змест, як правіла, не вылучаўся разнастайнасцю, а мастацкі бок арыгінальнасцю. Але адрозніваліся формы выкладу матэрыялу ў вершаваных тэкстах (эпічная, лірычная, драматычная), а таксама спосабы іх выканання на ўрачыстасцях: чытанне, спевы, тэатральнае дзеянне. Друкаваная сямейна-рытуальная паэзія (асабліва матрыманіяльная) была непасрэдна звязана з абрадам, са сцэнарыем урачыстасці, нярэдка функцыянавала ў слоўна-музычнай форме, што прыпадабняла яе да фальклору. Аднак паэтыка кніжнага варыянта прыкметна адрознівалася ад паэтыкі вусна-паэтычных твораў, таму што, як і паэтыка урачыстых празаічных дэкламацый, узыходзіла да асноўных правілаў рыторыкі.
Геральдычныя, прэфацыйныя і дэдыкацыйныя вершы, матрыманіяльныя і фунеральныя творы мы знаходзім і ў творчасці Я. Казаковіча, Г. Пельгрымоўскага, Я. Пратасовіча, але разам з тым іхняя творчасць адлюстроўвае наступную заканамернасць: хаця кніжна-эпіграматычныя і сямейна-рытуальныя вершы былі найбольш запатрабаваныя шляхецкім грамадствам канца XVI - пачатку XVII стст., але самыя значныя дасягненні польскамоўнай паэзіі Беларусі гэтага перыяду звязаны з развіццём іншых жанраў: палітычнай, маральна-дыдактычнай і навуковай паэзіі.
Палітычныя праблемы прыцягвалі ўвагу прадстаўнікоў старэйшага пакалення паэтаў: Г. Пельгрымоўскага і Я. Казаковіча. Першы з іх, як пісар Княства, знаходзіўся ў гушчыні палітычных падзеяў і дыскусіяў і адлюстраваў іх у сваіх паэтычных творах (“Дыялог літоўскага шляхціца ... пра Інфлянцкую вайну”, “Патрыёт Айчыны да сенату і дзяржавы літоўскай”, “Размова аднаго паляка з маскалём”, “Пасольства да вялікага князя маскоўскага”). Непасрэдны ўдзельнік Лівонскай вайны, Г. Пельгрымоўскі да канца жыцця заставаўся верны тэме складаных узаемаадносінаў Вялікага Княства Літоўскага і Маскоўскай дзяржавы, але выяўлялася гэтая магістральная тэма ў розных жанрах, увасаблялася ў адметных мастацкіх структурах. “Патрыёт Айчыны...” – гэта палітычна-публіцыстычная кампазіцыя з 23 вершаў, своеасаблівая гістарычная геаграфія Вялікага Княства Літоўскага. У “Дыялогу...” і “Размове...” Г. Пельгрымоўскі ў рэчышчы традыцый М. Рэя і Л. Гурніцкага звярнуўся да дыялагічнай формы выкладу матэрыялу, а “Пасольства...” мае дыярыушавую аснову і ўключае ў сябе як вершаваныя часткі, так і празаічныя ўстаўкі ў выглядзе розных дакументаў, спісаў, пералікаў. Менавіта на прыкладзе творчасці Г. Пельгрымоўскага яскрава відаць, што тэарэтычнай базай паэтычнай творчасці з’яўляліся ў тыя часы законы і прынцыпы рыторыкі, і таму паэтыку польскамоўнай паэзіі Беларусі эпохі Рэнесансу будзе слушна назваць паэтыкай пераканання.