Станаўленне польскамоўнай паэзіі ў полілінгвістычнай літаратуры Беларусі эпохі Рэнесансу
- Автор: Кавалёў Сяргей
- Год: 2001
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Станаўленне польскамоўнай паэзіі ў полілінгвістычнай літаратуры Беларусі эпохі Рэнесансу». Краткое содержание книги:
Напэўна, у такой “непрыстойнай” кампаніі “Румяны...” пачуваліся не вельмі ўтульна, бо ў прадмове польскі вучоны зноў наракае на недахоп сатырычных элементаў у віленскім творы: “Мала сатырычных закідаў у гэтай брашурцы, якая датычыць жанчын, што не пайшлі за прыкладам даўнейшых працавітых і сумленных нявестаў, але, упадабаўшы раскошу і каханне, пажадалі дбаць пра сваю прыгажосць дзеля тых, хто на іх “рады глядзець” (Polska satyra 1950: XVIII).
Нягледзячы на публікацыю тэкста паэмы К. Бадэцкім, “Румяны...” да гэтага часу не прыцягнулі да сябе ўвагі даследчыкаў, у лепшым выпадку згадваліся адным абзацам, як у кнізе А. Анушкіна “На заре книгопечатания в Литве” (1970). А. Анушкін выказаў слушнае меркаванне, што “Румяны...” выдадзены ў друкарні Я. Карцана, вядомага аматара паэзіі і папулярызатара антычнай культуры. Літоўскі даследчык назваў твор медыцынскім сачыненнем, але ўслед нечакана заявіў, што “ў ім высмейваецца марнатраўства і пагоня шляхцянак за ўборамі” (Анушкин 1970: 107).
Па-сутнасці, унікальны твор шматмоўнай літаратуры Вялікага Княства Літоўскага ні разу не быў прадметам спецыяльнага аналізу. Вызначаючы фенатып “Румян...” у кантэксце польскамоўнай паэзіі Беларусі эпохі Рэнесансу, неабходна ў першую чаргу звярнуць увагу на тое, што адрасаваная паэма не чытачам, а выключна чытачкам. Пра гэта сведчыць як жартаўлівае прысвячэнне кнігі панне Даўгоце Міластройскай, так і змест асноўнай часткі твора: падрабязнае апісанне рэцэптаў макіяжу і масак для твару. Лёгка можна ўявіць сабе набожнага кальвініста, які чытае паэму Ц. Базыліка “Апісанне смерці і пахавання княгіні Альжбеты Радзівіл” (1562) альбо засцянковага шляхціца, які ўзяў у рукі вершаваны трактат Я.Пратасовіча “Узор сумленнай белагаловай” (1597), крытычна паглядаючы на сваю жонку. Але немагчыма ўявіць сабе мужчыну пачатку XVII ст., які чытаў бы “Румяны для аздобы дзявочага твару”. Па свайму функцыянальнаму прызначэнню сачыненне Радагляда Гладкатварскага ўяўляе сабой параднік па касметыцы – першы ў Вялікім Княстве Літоўскім і ва ўсёй Рэчы Паспалітай.
У той жа час аўтар кнігі меў і выразныя літаратурныя амбіцыі, паслядоўная рэалізацыя якіх зніжала чыста медыцынскую каштоўнасць ягонай кнігі, рабіла яе нецікавай для лекараў-спецыялістаў. Эпіграфам да паэмы ўзятае лацінскае трохрадкоўе, якое прыпісваецца Гамеру: “Forma mulieres ornat, virum aute robur, / Pulchra, iucunda est visu delectabilis auditu: / Sensus omnes formosa delectat” (Barwiczka 1605: 1). Аўтарскі погляд на праблему прыгажосці выкладзены ў вершаванай “Прадмове да паненак”, па зместу непадзельна звязанай з асноўнай частакай твора. Радагляд Гладкатварскі паведамляе, што ў цяперашнім свеце прыгажосць з’яўляецца важнай умовай для шчасця жанчыны, і выказвае спачуванне тым дзяўчатам, якія з прычыны свайго непрывабнага выгляду не маюць ні сяброў, ні каханых, ні жаніхоў:
Więc nie rad ociec widzi, pogotowiu matka,
Przyczyny inszey nieda, iedno żeś nie gładka.
Do klasztora chcą wprawić, mniszką zową sprosne,
Chocia y nie do kapice chce serce miłosne.
Nie wiedzą o tym pono, że Cupido mały
Jednakie ma na żadne y na gładkie strzały.