Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У пяты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Круглянскі мост» (1968 г.), «Дажыць да світання» (1972 г.), «Воўчая зграя» (1974 г.), «Яго батальён» (1974 г.).
1 ... 95 96 97 98 99 100 101 102 103 ... 221
Перейти на страницу:

— Касманаўтаў, Касманаўтаў… — сказаў чалавек, прыпамінаючы, і азірнуўся. — Вунь сядайце на аўтобус. Сямёрку. Даедзеце да плошчы, там пяройдзеце на другі бок, дзе гастраном, і перасядзеце на адзінаццаты. Адзінаццатым праедзеце дзве астаноўкі, а там запытаеце. Там прайсці метраў дзвесце.

— Дзякуй вялікае, — сказаў ён, хоць і не дужа запомніў увесь гэты не просты для яго маршрут, але ён не хацеў затрымліваць занятага, відаць, чалавека, толькі запытаўся яшчэ:

— Гэта далёка? Кіламетры два-тры?

— Ну якіх тры? Можа, паўтара якіх.

— Тады што ж ехаць? Я — пехатой, — узрадаваўся ён, што гэтая вуліца была не так і далёка, як яму здалося спачатку.

Ён нетаропка пайшоў па тратуары, стараючыся сваім чамаданчыкам меней замінаць людзям, якіх на гэтай вуліцы было даволі-такі многа. Зрэдку ішлі па адным, а болей па два-тры, а то і групамі — маладыя і старэйшыя, усе прыкметна спяшаліся, і, як ён неўзабаве заўважыў, усе насустрач яму, некуды ў бок вакзала’; з вакзала ж ішло зусім мала. Прыкмеціўшы гэтую асаблівасць, ён прыслухаўся да размоў поруч, але размовы былі адрывістыя і таропкія — бесклапотныя жарты, смех, не дужа яму зразумелыя рэплікі. Ля харчовага магазіна, які трапіўся па дарозе, народу было яшчэ больш — пераважна мужчын; ён зірнуў праз вялізную шыбу і здзівіўся — там аж гуў цэлы натоўп ля прылаўка. Усё гэта падобна было на нейкую падзею ці свята; карцела запытацца, але ўсё ішлі кампаніі, групкі занятых сабой і, пэўна, нечым узбуджаных людзей, і запытацца не было ў каго. Некаторыя ненадоўга спыняліся каля вялізнага стэнда з рэкламай, на якім яшчэ здалёку можна было прачытаць: «Ф у т б о л!» 27 чэрвеня на стадыёне «Дынама» сустрэча нейкіх каманд, і ён зразумеў, што неўзабаве, мусіць, — пачатак гэтай сустрэчы, таму такая беганіна на вуліцы.

Футболам ён мала цікавіўся, нават па тэлевізары не вельмі глядзеў яго, і не мог зразумець некаторых заядлых аматараў, якія дужа перажывалі за пэўную каманду, нібы там іграў іх сват, брат ці хоць бы добра знаёмы. Для яго ж не было розніцы, хто каго пераможа; сёння адны, заўтра другія — ці варта перажываць?

Але гараджане, мусіць, ставіліся да гэтага інакш, і па вуліцы проста цяжка было прайсці — чым меней заставалася да пачатку матча, тым хутчэй імчаліся людзі, пераважна маладыя мужчыны, сярод якіх, аднак, трапляліся і жанчыны таксама. Паўнюткія аўтобусы ледзьве паўзлі, у незачыненых дзвярах віселі людзі. Затое назад аўтобусы ішлі амаль што пустыя. Ён ажно спыніўся на рагу, паўзіраўся ў гэтую праяву гарадскога побыту і падумаў, што, мабыць, трэба не забыцца расказаць пра ўсё дома, як вернецца ў вёску.

Пасля ён доўга і нетаропка ішоў па тратуары. Каб залішне не пытацца ў людзей, пазіраў на вуглы дамоў з рознымі назвамі вуліц, пакуль не ўбачыў на сіняй шыльдачцы надрукаванае белым: «вул. Касманаўтаў». Але нумар дома быў іншы, ён прайшоў да наступнай будыніны і пераканаўся, што ісці трэба яшчэ далёка. I ён ішоў, спакваля назіраючы жыццё гэтага горада, у якім ніколі не быў і куды нават не думаў калі-небудзь прыехаць, каб не пісьмо пляменніка, што цяпер ляжала ў яго кішэні. Праўда, апроч адраса, пляменнік не паведамляў больш нічога, ён нават не дазнаўся, дзе і кім працуе той чалавек, якая ў яго сям’я… Ну але што мог даведацца хлапец-студэнт, які выпадкова натрапіў на знаёмае прозвішча ў газеце і атрымаў адрас у міліцыі. Вось цяпер ён сам пра ўсё і дазнаецца — дзеля гэтага і ехаў.

Найперш, вядома, яму дужа радасна, што таму ўдалося выжыць з вайны, і ён спадзяваўся, што далей жыццё да яго паставілася больш літасціва. Калі жыве ў такім доме, дык, мабыць, не апошні чалавек у горадзе, можа, нават які начальнік. Хоць, канечне, ён ведаў, што чалавек не вызначаецца толькі сваёй прафесіяй або пасадай, ёсць яшчэ характар, нораў, дабрата ці злосць — гледзячы што пераважае, тое і вызначае чалавечую годнасць. Цяпер гэта, можа, нават больш за іншае было для яго важна, як і для кожнага госця, які першы раз у жыцці, не званы і не чаканы, мае пераступіць незнаёмы парог. Але ён спадзяваўся на лепшае, бо сам быў спакойны і ўмеў паважаць другіх.

1 ... 95 96 97 98 99 100 101 102 103 ... 221
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)