Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II
- Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II». Краткое содержание книги:
Ішла крышталізацыя і прабелка цукру. Алесь ішоў уздоўж рада, аглядаючы бляшаныя і гліняныя прабелачныя формы.
Колькі людзей працуе падчас таркавання буракоў?
У дзвюх зменах мужчын-чорнарабочых – дваццаць пяць, жанчын – каля двухсот, – адказаў чырвоны, як памідор, сівавусы цукравар – механік з Гамбурга.
Ну вось, а цяпер пяцьдзесят, – сказаў Алесь. – Амаль на чвэрць знішчана сезоннасць, пан Ліхтман. А вы пратэставалі супроць паўфабрыкатаў.
Я і цяпер пратэстую. Цукар горшай якасці.
А колькі бурака гіне падчас завальнай працы? Нагамі па ім ходзяць, гніе ён, у малясе павышаны працэнт цукру. І потым... няхай горшая якасць. Вы маеце пенсію круглы год, і вам трэба хоць раз падумаць, што адчувае сезоннік. Пяцьдзесят чалавек атрымліваюць свае грошы на пачатку красавіка, як быццам гэта дзесятае кастрычніка, пачатак поўнай загрузкі цукроўні.
Ён амаль бегаў пыльнымі пераходамі, шмыгаў у люкі, спускаўся ў кацельную, дзе чырвоныя, як гномы, качагары махалі шуфлямі. У кацельных свістала пара, дробна дрыжалі льсняныя ад масла цыліндры. Працавала паравая машына высокага ціску на дзесяць конскіх сіл, што прыводзіла ў рух цэнтрыфугі.
...Усё, здаецца, ладзілася. Скончаць адбелку – трэба пачынаць рамонт гэтай цукроўні. Вялікі рамонт: мураваны будынак на тры паверхні, два будынкі драўляныя. Пашырэнне другой цукроўні, устароўка на ёй машын і посуду, купленых у Англіі і Берліне. Пабудова асобнага будынка яшчэ на два паравыя катлы.
Выбіцкі, немец і майстры ледзь паспявалі за ім. Майстроў на гэтай цукроўні было пяць, усе беларусы: майстра – механік, каваль, слесар, меднік і сталяр.
Тры гідраўлічныя прэсы, – казаў Алесь. – Тры, што патрабавалі рамонту. Механік!
Механік быў падобны на корч: тупы з выгляду, страшны мужык. Так усе і лічылі. Але Загорскі аднойчы бачыў, як ён, правяраючы каласнікі, адзін у кацельнай, стаяў, абапершыся на шуфель, і, заліты чырвоным ззяннем, заплюшчыўшы вочы і пяшчотна пагойдваючыся, спяваў: “Не для мяне яна, вясна, не для мяне Дняпрова повень”. Спяваў прыгожым душэўным тэнарам.
Маленькі, з шасцідзюймовым пістонам, адрамантавалі, – сказаў механік. – Два вялікія, дванаццацідзюймовыя, – вось-вось...
Алесь здзіўляўся, чаму гэта большасць людзей нібы саромеецца гаварыць пра грошы і свае да іх адносіны. Гаспадарка – калі ласка, палітыка, мастацтва, трасца, халера, хоць зараз. А як грошы – стоп!
Вядома, грошы былі “агідным металам”, “нікчэмным металам”, але пакуль што ўсім даводзілася жыць у свеце, дзе без іх не абыдзешся. І не маглі ў гэтым свеце існаваць ні гаспадарка, ні палітыка, ні мастацтва – не пацершыся аб той метал, без яго. А між тым усе маўчалі аб ім, робячы выгляд, як бы яго і не было.
Героі кніг жылі, нібы ў іх быў неабмежаваны крэдыт. Героі не ведалі, колькі каштуюць боты, цялячая нага або фунт вось гэтага цукру. А гэта ж было цікава, бадай як паэзія, хоць і далёка не высакародна.
Грошы часам знішчалі існае. Але што ні кажы, гэта яны ж рухалі шматлікімі сіламі на зямлі, гэта яны прымушалі многіх выдзірацца з балота адсталасці, напружваць розум і мускулы, змагацца.
Галоўнае, самае першае ў кожным народзе, было тое, як ён урабляе палі, будуе дарогі, наводзіць масты, якія машыны стаяць на яго фабрыках і, урэшце, як ён зарабляе і як выдаткоўвае гэты самы “агідны метал”.
Алеся здзіўляла, чаму, напрыклад, любімы Пушкін зусім нідзе не казаў аб тэхніцы, а аб эканоміцы абмовіўся ў двух-трох нязначных урыўках, у той час як маёнтак Ганчаровых зваўся “Палатняны завод”, а самому паэту даводзілася часта і пакутліва думаць пра грошы.
Гэта было, вядома, таму, што паэты, калі яны сапраўды паэты, хочуць аддаваць сябе ўсім часам і не старэць ніколі. Вернасць была і астанецца вернасцю, каханне каханнем і смерць смерцю, а вось гэтыя два чыгунныя беспаветраныя апараты (адзін для выпарвання, другі для канчатковага згушчэння сіропу) давядзецца сёння ж выкінуць на сметнік, а замест іх паставіць другія, новыя, якія таксама з часам састарэюць.
І Алесь думаў аб тым, што калі-небудзь, калі нейкі боўдур зацікавіцца ім, Алесем Загорскім, і яго суседзямі, ён проста не здолее прайсці паўз гэтыя апараты, якія Алесь сёння выкіне, паўз паравую машыну – у дваццаць конскіх сіл, магчыма, вартую жалю для яго! – для прыводу ў дзеянне таркі і насосаў, паўз другую, у пятнаццаць конскіх сіл, што выцягвае паветра з апаратаў і пампуе ваду для ўсяго завода.