Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0121-4
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4». Краткое содержание книги:
У чацверты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Апошні баец» (1957 г.), «Жураўліны крык» (1959 г.), «Здрада» (1960 г.), «Трэцяя ракета» (1961 г.), «Пастка» (1962 г.), «Альпійская балада» (1964 г).
Блішчынскі дастаў з маёравай сумкі яго артылерыйскую карту і, раз-пораз пазіраючы навокал, пачаў вадзіць у ёй рудым пазногцем — шукаць месца, дзе яны цяпер апынуліся. Відаць было, што ён ужо зусім ацверазеў, пераход дарогі і гэтая няўдача з выхадам да сваіх занепакоілі яго; ад былое ўпэўненасці неяк мала што засталося.
— А давай ось так і пойдзем, — сказаў Цімошкін, паказваючы рукою ў бок ад выспы з немцамі. Блішчынскі падняў ад карты свой заклапочаны твар, прыплюшчыў блізарукія шчылінкі-вочкі і паглядзеў, нібы панюхаў, у прастор.
— Што ты, Цімошкін! Не пройдзеш… I не высоўвайся так! Сядай! — па-начальніцку спахапіўся ён, убачыўшы, што хлопец высунуўся з-за сцірты.
Цімошкін пастаяў крыху і адчуў, як пачынае мутнець уваччу. Ідучы, неяк лягчэй было выцягваць з сябе апошнія сілы, ды і не так працінала сцюжа, цяпер жа мерзлі ногі і ўсё цела налілося страшэнным цяжарам. Зноў жа ўладарнаю сілай падступаў да іх голад. Цімошкін абмацаў свае кішэні, выбраў у адным некалькі сухіх крошак і кінуў у рот. У галаве ад стомы і бяссонніцы цягуча, аднастайна гудзела, і думкі ніяк не маглі сагнаць нейкай санлівай ленасці. Хацелася сесці, сцішыцца, і болей, здаецца, нічога не трэба было б.
Цімошкін ссунуўся спіною па саломе і, нейкі абыякавы да ўсяго, аб чым трэба было цяпер дбаць, аддаўся спакою.
Сцірта была вялікая, трошкі нахіленая, з вялізнаю снегавою шапкай наверсе. З гэтага боку, дзе прыткнуліся хлопцы, хтосьці падскуб салому, ад таго зрабіўся застрэшак, пад якім амаль не было снегу. Праз дзесяць крокаў адгэтуль валялася жалезная бочка з двума таўровымі абручамі, і ля яе, прыпарушаны снегам, ляжаў конскі труп. Плоская канячая шыя ўліпла ў снег, чэрава неймаверным горбам выперла ўгору, задняя нага высока задралася, і на ёй свежай іржой чырванела падкова.
— I што ж рабіць? — з трывожнай паныласцю ў голасе спытаўся Блішчынскі, седзячы над картай.
— Трэба чакаць. Можа, увечары выберамся, — сказаў Цімошкін, адчуваючы, што перамагчы стому ў яго ўжо няма сілы.
— Цяпер нам канцы, разумееш? — нерваваўся пісар. — Вось дык улезлі!
— Вось табе і тылавыя часці! — з Ціхай злосцю азваўся Цімошкін. — Хоць бы да франтавых выбіцца.
— Чорт ведае што такое.
— Думай. Ты ж разумны. Ты вёў.
— Ага, я вёў, — зазлаваў Блішчынскі. — Я вёў не да немцаў, а да сваіх вёў. Не забывайся.
— Можа, скажаш яшчэ, што ты ратаваў мяне? — без усякага запалу запытаў Цімошкін, тулячыся да саломы. Блішчынскі скіраваў на яго свае маленькія і вельмі рухавыя вочкі і глядзеў, нібы на вінаватага — са злосцю і прыкрасцю ад усіх іхніх цяперашніх няўдач.
— Свінчо нясмаленае! Каб не я, ты і цяпер пад тым кустом ляжаў бы, сябрука б чакаў.
— А ты б і цяпер пад агароджай сядзеў, — нядоўга думаючы, выпаліў Цімошкін, У хлопца ўжо накіпала на земляка — і за пахвальбу, і за бессаромную баязлівасць, і наогул за ўсё ранейшае, змоўчанае, перажытае ў сабе.
— Ты што? Напраўду думаеш, што я баязлівец? — запальчыва ўсклікнуў Блішчынскі. — Думаеш, за сваё жыццё баюся? Можа, і так. Дапусцім. Хай. Але не забывайся: я гарматы не кінуў, як некаторыя… смелыя. А за гармату ты глядзі… Варта дазнацца начальству і… Разумееш?
— А што гармата? — адкінуўся ад саломы Цімошкін. — Мы што — ворагу яе аддалі? Ці павінны былі цягнуць? Шчарбак вунь клін у рэчмяшку нясе, а болей што?
Блішчынскі змоўчаў, а Цімошкін падумаў, што, пэўна, ён не забудзе ўжо на тую гармату. Можа, яшчэ, выйшаўшы да сваіх, перакруціць усё ды наплявузгае начальству — тады паспрабуй дакажы, што не так. Але хлопец не хацеў задзірацца, ліха на яго — урэшце было аб чым непакоіцца куды болей.
Ён зноў падаўся ў застрэшак, Блішчынскі ж, відаць, не на жарты ўзрушаны новай няўдачай, гугнява скардзіўся:
— А цяпер нам канцы. Гэта як піць даць. Калі нават і выберамся. Цяпер мы — акружэнцы. От жа д’ябальскае ліха! Улезлі!..