Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара
Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара

Электронная книга - «Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара». Краткое содержание книги:

Гэта пятая кніга рамана, у якой працягваюцца неверагодныя прыгоды герояў і адкрываюцца невядомыя старонкі беларускай гісторыі. Гады пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай. Лёднік — чалец усемагутнай Адукацыйнай камісіі, якая дзейнічае пад патранажам караля… Але гэта не выратуе ад непрыемнасцей. I вось ужо сябры зноў уцягнутыя ў інтрыгі магнатаў. Да Пранціша і Баўтрамея далучаецца падрослы сын Лёдніка Алесь, якому ад бацькі перадаліся незвычайныя здольнасці. Бандзе Чорнага Доктара неабходна разгадаць таямніцу знікнення асістэнткі доктара Лёдніка панны Праксэды. Герояў чакаюць сутарэнні Ашмянскага замка, палёт на паветраным цмоку над карнавальнай Венецыяй, снежная лавіна ў Татрах, гасцяванне ў Пацучынага Караля і жалезная клетка ў замку акрутнай Тэрэзы Радзівіл…
1 ... 87 88 89 90 91 92 93 94 95 ... 101
Перейти на страницу:

— Гэта тычыцца толькі маёй сям’і! — гарлаў пан Міхал Брастоўскі. — Забараняю!

— Пазбавіць слова! — напіналіся людзі старосты.

А з боку пані Тэрэзы нехта рашуча прабіваўся да нахабы ці не з кінжалам у рукаве.

Пан Лапацінскі запатрабаваў цішыні.

Пранціш, гледзячы ў трохі запалыя светлыя вочы законніка, не раўнуючы два ледзяшы, гучна нагадаў абставіны справы. І што выклікала ў яго, як суддзі, сумненні ў вінаватасці доктара Лёдніка.

— А вось і галоўны аргумент.

Да Пранціша ягоныя гайдукі падвялі захутаную ў плашч жанчыну. Тая скінула з галавы каптур, абвяла смелым шэрым позіркам публіку — пані Тэрэза ажно прыўстала з месца, а пан Міхал проста падскочыў, як пячкур на распаленай патэльні.

— Я — Праксэда з Брастоўскіх, вашыя мосці. Сведчу, што доктар Лёднік не забіваў мяне, і ніколі ні ён, ні ягоная жонка, мае дабрадзеі, не спрабавалі гэтага зрабіць і ўчыніць мне прыкрасць.

Ведаеце, што ў гэты момант падумала большасць прысутных?

Не пра тое, што ж насамрэч здарылася з дзяўчынай.

Не пра тое, што несправядліва асудзілі пана Лёдніка і выгналі суддзю Вырвіча.

А пра тое, як здорава будзе распавядаць пра гэтае здарэнне сёння ж увечары, і заўтра, і да канца жыцця — у сямейным коле, за сяброўскім келіхам, у свецкім салоне. Як можна тым расповедам, прыкрашаным фантазійнымі дэталькамі, прыцягнуць да сябе падчас гасцявання ўвагу ўплывовага суседа.

Таму ў зале запанавала адносная ціша — ніхто не хацеў упусціць ні слова, толькі вочы цікаўнікаў ажно свяціліся.

— І дзе ж у такім разе вы знаходзіліся, вашамосць, увесь гэты час?

Праксэда не збянтэжылася ні на імгненне.

— Перапрашаю панства, але пан бацька змушаў мяне супраць маёй волі выйсці замуж за прысутнага тут яснавяльможнага пана Якуба Радзівіла. Не ў змозе знайсці належных для пачцівай жонкі пачуццяў, я наважылася збегчы і прысвяціла сябе догляду за хворымі ў шпіталі ў Гародні. Мая хросная маці, яемосць пані Тэрэза Радзівіл, даведалася пра мае няшчасці і забрала да сябе, — Праксэда павярнулася да хроснай, якая пачырванела так, што відаць нават скрозь бялілы. — А потым яемосць дапамагла мне з’яднацца з пачцівым чалавекам, да якога я маю сардэчную схільнасць. Спадзяюся, яемосць пані Тэрэза пацвердзіць мае словы, бо мае вочы добра бачаць ману і праўду.

Праксэда зірнула на падстаўнога староставага брата і на самога пана старосту — вузкі доўгі твар гарбунка пайшоў чырвонымі плямамі. Утаропілася ў вырачаныя вочы хроснай. Пранціш падумаў — ці не надарыцца з той прыпадак, як у Белакамскім замку?

Але пані Тэрэза недарэмна была спрактыкаванай у палацавых інтрыгах. Гэта ў сваёй спачывальні яна магла не стрымлівацца. А тут на кану — мільёны… Варта праклятай дзеўцы рэкнуць пра падмену.

— Як жа было не пашкадаваць бедную сіротку, з якой пан Міхал абыходзіўся вельмі сурова!

Хоць на блін словы маж.

І тут ускочыў князь Міхал.

Словы «лярва» і «курва» ў ягонай прамове пераважалі.

Закончыў патрабаваннем неадкладна вярнуць яму блудную дачку і пакараць усіх, хто меў дачыненне да ейных свавольстваў.

— Гэта немагчыма, вашамосць. Цяпер за яе адказваю я, яе законны муж, Аляксандр Баўтрамееў Ледніковіч.

— Што?!! Курва!

І лярва.

Абурэнню пана Брастоўскага можа і былі межы, але не ў гэтай зале. Судовым ледзь удалося змусіць пана сціхнуць і не зрываць паседжанне.

— Хто дазволіў жаніцца такому смаркачу?

— Я дазволіў. І адразу кажу — ад усялякага пасагу мы адмаўляемся.

Гучны суровы голас спрактыкаванага прафесара і раскаянага мага ўтаймаваў гармідар. Чорны Доктар прабіваўся да галоўнай сцэны трагікамедыі імкліва, як загартаваны клінок.

— Я — доктар Баўтрамей Лёднік. Я блаславіў шлюб майго сына Аляксандра з дзяўчынай, якую ён кахае.

Пан Антоній Тызенгаўз ажно выкрыкнуў з захапленнем:

— Ну я ж казаў калісьці, доктар, што ты жывучы, як прусак!

Пані Тэрка тузанулася, нібыта хацела яшчэ раз прыпаліць праклятага чараўніка. А ашмянскі кат усміхнуўся шырока, як перад місай найлепшых каўбасак.

Цяпер перад панамі-суддзямі паўсталі два прэцэдэнты: зняць з Баўтрамея Лёдніка абвінавачванне ў забойстве і вырашыць, ці законны шлюб панны Браставічанкі.

1 ... 87 88 89 90 91 92 93 94 95 ... 101
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)