Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II
- Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II». Краткое содержание книги:
Ч-чорт!
Мужык, які толькі што адкінуў убок непатрэбны стары меч, раптам крыкнуў:
Корчак! Пабойся бога. Што ж ты робіш, кацюга? Чаго Юстына падбіваеш? Ты ж ведаеш, ён галавою скрушны…
Нізкалобы Юстын непаразумела глядзеў на іх, трасучы рукою ў паветры.
Змоўч! – сказаў Корчак. – Змоўч, Брона.
Я пайду ад цябе, – спакойна сказаў Брона. – Я не кат. І ўсе мы, з Кроераўшчыны, не каты. Адна ў нас душа. А ты – як вурдалак прагны. Дачакаешся срэбнай кулі ды асінавага кала.
Белыя вейкі мужыка дрыжалі, але казаў ён з запалам, смела.
Не будзе табе такое поспеху. Таксама і ў яго – гонар.
Корчак трохі засмуціўся:
То што, можа, ужо васпан прапануе што?
Забі, а не здзекуйся… Ды ён сам скажа… Скажы, пане, не губі душы.
Раўбіч глядзеў ў яго светлыя вочы:
Ідзі, хлопча Брона, у мой пакой, трэці ад залы. Яны не знайшлі…
Ну во, – узрадаваўся Брона. – А вы, сыраядцы…
…а там, за шторай, вісіць мой штуцэр. Для цябе ўжо адну стрэльбу знайду. Трымай на памяць…
А ім не скажаш? – спытаў Брона.
Ім не скажу, – проста кінуў Раўбіч. – Яны расамахі. Падлай харчуюцца. Кроў не па іх. – І, памаўчаўшы, сказаў: – Дабівайце, ці што.
Брона глядзеў на Яраша са спакойнай варожасцю і павагай.
Т-так, – сказаў Корчак. – І сапраўды… Паміраць стоячы будзеш?
Але.
Нажыліся мы тут, хлопцы. Дзякуй трэба сказаць аднаму дабрадзею за параду.
Не трэба яму тваёй падзякі, – спакойна сказаў Брона. – Ён сказаў праўду. Ёсць у гэтага чалавека зброя. Ды толькі ўсё вы ўлічылі, акрамя яго.
Корчак глядзеў на Яраша. Потым выняў з похваў корд і старчма кінуў яго ў зямлю.
Ты не бойся, раўбіцкі пан. Удараць дакладна.
Я не баюся.
Брона пабег па штуцэр і прынёс яго.
Ух-х, які, – усміхаўся ён. – Аж рукі прыкіпелі. Вось гэта дык зброя. Ну, трымайцеся цяпер…
Раўбіч усміхнуўся. Выгляд у хлопца быў як у дзіцяці, што атрымала цацку.
Ну, дзякуй… Ты – нічога!.. Ты нават падумаць не пасмееш, я пастараюся ўжо, – спяшаўся Брона і нібы растлумачыў: – Жонку маю з дзецьмі Кроер некуды ў Расейшчыну прадаў за непаслухмянасць… А што яна там?
Я разумею, – проста сказаў Раўбіч.
Вядзіце коней, хлопцы, – сказаў Корчак. – Дом паліць не будзем. Хай удаве будзе дзе жыць. – І усміхнуўся: – Мо і для мяне нешта знойдзеш?
Раўбіч з жарсткаватай усмешкай пакруціў галавой.
Ды я жартую, – сказаў Корчак.
Людзі з коньмі сталі трохі ўбаку і не глядзелі на іх. Нікому не хацелася глядзець на забойства.
Брона выцягнуў з зямлі корд і стаў з левага боку і трошкі спераду ад Раўбіча. Глядзеў яму ў вочы спакойнымі і чужымі вачыма.
Маліся, – сказаў Корчак.
Пан Яраш узняў галаву і, гледзячы на языкі высокага полымя, пачаў чытаць апакрыфічную малітву паноў-латнікаў, супраць якой чатырыста год дарэмна змагалася царква. Беспаспяхова, бо чыталі яе адзін раз і потым не было каго караць.
Брона слухаў, як падалі словы. Маўчаў і глядзеў чужымі вачыма. І ляцелі, ляцелі ў неба языкі агню.
“ Воіны бога прыйшлі па мяне”, – спакойна чытаў Раўбіч.
Корчак адышоў да коней.
“Воіны бога прыйшлі па мяне… Яны прыйшлі – і не самусцілася сэрца маё. Яны прыйшлі – і не здрыгануліся калені мае… Цямноцце было вакол. І ў цемрыве гарэлі твары архангелаў…
…Як повень блізіліся яны… Як лава раслі яны… Як ураган раслі яны… Як сонца ў час смерці раслі яны”.
Дзіўны гук нарадзіўся недзе. Нібы пачынаўся абвал. Далёка-далёка. Брона не здзівіўся. Так яно і павінна было быць. Што ж, калі на чалавека ішлі воіны бога…
“Як чорны агонь былі вочы іх… Як сухая трава ў агні былі валасы іх… Як вежы ў пажар былі крылы іх… Як расплаўненая сталь былі мячы іх.
…І разверзлася неба – і пажар быў за спінамі іх.
Але не трапятала душа мая”.
Пошчак нарастаў і нарастаў, блізіўся. Неадольны, магутны. Зямля стагнала. Потым даляцелі два стрэлы, а праз хвіліну яшчэ два.
Што такое? – спытаў Корчак.
Вялікі атрад, – сказаў нехта.
Войска, – мармытнуў Юстын. – Наўцёкі, хлопцы!
Ці-ха! – сказаў Корчак.
Зямля грымела ўжо, нібы з жалеза была.
І праўда до, – сказаў Корчак і ўскінуўся ў сядло. – Заседзеліся… Брона, канчай ды даганяй.
Людзі кранулі коней. Абвал ужо грымеў на ўсю сілу.
Брона зрабіў крок і сустрэў вочы Раўбіча.
“Бо не баяўся я смерці дзяцей – ніжэ сваёй канчыны без канца і прычасці, без слёз і памяці…”
Брона зайшоў за спіну Ярашу, падняў з зямлі штуцэр і рэзкім ударам корда перарэзаў вяроўкі. А потым з усёй сілы штурхнуў далонню. Раўбіч не ўтрымаўся на замлелых нагах і паваліўся на зямлю.
Корчак, азірнуўшыся, убачыў ляжачага і тое, што Брона ўзлятае ў сядло. Коннікі зніклі за домам.