Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II
- Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II». Краткое содержание книги:
Гэтая не зусім звычайная і пад корань падсякаючая злашкодны матэрыялізм гісторыя адбылася нешта на пачатку студзеня 1861 года. Маніфест аб вызваленні яшчэ не было, і, зразумела, нябожчык яшчэ блукаў па сваёй кватэры, занепакоены, як жа гэта ўсё абыдзецца без яго.
У пакоях былой кватэры Растоўцава жыў генерал-ад’ютант Пуцята, таксама спірыт, чалавек, які выклікаў д’ябла і пагражаў яму, што ў выпадку ідэйных рознагалоссяў ён паскардзіцца на яго обер-пракурору сінода і камітэту міністраў.
Па сумяшчальніцтву з містыкай гэты чалавек займаўся яшчэ выхаваннем юнацтва ў духу адданасці радзіме і прастолу, таму што займаў пасаду начальніка штаба ваенна-навучальных устаноў, і такім чынам, ваенная моц імперыі часткова залежала ад прывідаў, а здані, што насялялі пакоі генерала, – ад яго служэння ваеннай магутнасці дзяржавы, а за гэта служэнне Пуцята атрымліваў цалкам матэрыяльную пенсію і сімвалічныя чыны і ордэны. Такім чынам Пуцята на практыцы вырашыў адзінства матэрыяльнага і ідэальнага ў прыродзе.
На пачатку студзеня ў пакоях Пуцяты чутны былі дзівосныя гукі. На пытанне: “Ці не Якаў Іванавіч?” – пачуўся трохкратны стук у дзверы, і па пакоях павеяла магільным холадам.
Потым магічны аловак даў на зададзеныя пытанні наступныя адказы:
Што табе патрэбна тут?
Агонь, – адказаў аптымістычна настроены мярцвяк.
Для чаго?
Схільны да рашучых дзеянняў, ваяўнічы нябожчык адказаў:
Ваяваць!!!
Каму ваяваць?
Міністрам.
Пэўна, здань даведалася ў нематэрыяльным свеце аб нечым ганебным для яе гонару, чаго яна не ведала на зямлі.
З кім?
З падступным князем Канстанцінам.
Які канец?
Уседзяржыцель! Магіла!
Устрывожаны і ўражаны да глыбіні душы, Пуцята зрабіў даклад аб гэтым Мураўёву-вешальніку, у той час міністру дзяржаўных маёмасцяў, а той – графу Адлербергу, міністру імператарскага двара і ўдзелаў, пасля чаго яны ўтрох падзяліліся гэтай астральнай размовай, вядома ж, з шэфам жандараў і начальнікам трэцяга аддзялення Далгарукавым, тым больш што ён быў не абы-якім знаўцам тагасветнага яшчэ з часоў справы Сялецкага[48]. Спачатку думалі даць ход справе, але Растоўцаў быў мёртвы, а флюіды – рэч ідэальная, і пасадзіць іх нікуды нельга. Таму раздумалі.
А паколькі сігналы былі трывожныя – усе чацвёра ўпалі ў паніку і доўгі час знаходзіліся ў разгубленасці, што ж цяпер рабіць?
...Але да скону Растоўцава яшчэ аставаўся час, а рэдакцыйныя камісіі не згаджаліся з ім да канца. Без зямлі вызваляць было нельга, бо “мужык” – гэта не толькі яго ўласнае, нікому не патрэбнае жыццё, не толькі яго “побыт”, але яшчэ і плацёж дзяржаўных павіннасцяў. Акрамя таго, улічвалі, што вольнаму бездамоўніку не трэба шукаць сякеры ў сенцах, а касы – на другім канцы сваёй сенажаці, дзе ўчора забыўся на яе. І тое і другое было заўсёды пры ім.
Вырашана было зямлі даць больш, а павіннасці зменшыць, хоць і не настолькі, як аб тым лямантавалі Магілёўская, Цвярская і яшчэ адна-дзве губерні. Нельга было дапусціць, каб беззямельны замнога аддаў былому пану, – скарбніца дзяржавы была спустошана. Замест вотчыннай улады было дэмакратычна прапанавана сялянскае ўпраўленне... пад наглядам паліцэйскіх органаў.
Камісіі працавалі пяць месяцаў і скончылі чарнавы праект, але адразу пасля гэтага пачалася валтузня і віск “пакрыўджаных”. У Пецярбург ляцелі заўвагі ад тамбоўскіх, тульскіх, маскоўскіх паноў. Цара заклікалі не даваць веры “лібералішкам”. Дэпутаты ад губернскіх камітэтаў паехалі ў сталіцу рабіць змены ў праекце.
Я туды не паеду, – сказаў дзед. – Загадзя скажу, што будзе. Мяккацелыя пачнуць дабівацца неадкладнага выкупу, няцяжкага для іх, суда і публічнасці, а гасудар, у невымоўнай сваёй літасці і ўвазе да тых, хто любіць прастол, пакажа ім хвігу.
Як у ваду глядзеў. Сапраўды, на ліберальным цвярскім “адрасе пяцёх”, “ни с чем не сообразном и дерзком до крайности”, было накрэслена гасударам “замечание авторам” за ”неправильные и неуместные свои домогательства”.
Лібералы Масквы прасілі аб маленечкім прадстаўніцтве і атрымалі ў адказ толькі тры словы:
Ишь, чего захотели.
Заўвагі камісіі – нават гэтыя заўвагі! – палічылі занадта левымі і выправілі.
Але на практыцы не было дадзена і гэтага. Адразу пасля таго, як Растоўцаў накіраваўся ў сваё, такое неспакойнае для ўсіх, замагільнае падарожжа, на яго месцы сеў міністр юстыцыі граф Панін, таксама спірыт, і падтрымаў крайніх “правых”. Нормы зямельных надзелаў былі зменшаны, павіннасці – узраслі.
Алесь лазіў па сходах, мастках і кацельных памяшканнях цукроўні. У гэты час – пачатак красавіка – яна амаль не працавала. Толькі ў адным з цэхаў ішла апрацоўка яшчэ з восені нарыхтаванага паўфабрыкату. Зрабілі запас, каб не было вялікіх прастояў.
48
Сялецкі абвінавачваўся ў гіпнатызме і чараўніцтве.