Доўгая дарога дадому
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2004
- Язык: белорусский
- Год: Кніга
- ISBN: 985-6605-13-Х
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Доўгая дарога дадому». Краткое содержание книги:
Недзе з часоў хрушчоўскай адлiгi ў савецкiм друку пачалi паяўляцца кнiгi славутых заходнiх аўтараў, да таго ў нас невядомых. Можа, першым з гэтага шэрагу пачалi выдаваць раманы Рэмарка, якi адразу знайшоў немалую папулярнасьць сярод чытацкай моладзi. (Парыж, жанчыны, кальвадос. Але i «На Заходнiм фронце безь пераменаў».) Калi французскiх жанчын i свабоднае каханьне ўлады неяк трывалi, дык «Заходняга фронту безь пераменаў» стрываць не маглi. Як заўжды, апэратыўна было пушчана ў абарот зьняважлiвае ў нас азначэньне рэмаркiзм, якi, бы бiрку быку на рогi, вешалi на таго цi iншага аўтара. Першым такой «пашанай» быў ганараваны Булат Акуджава зь яго невялiчкай, але ёмiстай аповесьцю «Будзь здароў, шкаляр», выдадзенай у скандальных «Тарусских страницах» у Калузе. То была добрая аповесьць. Але болей пра вайну Акуджава, здаецца, не пiсаў — аддаўся паэзii i шансону, якiя зрабiлi яго знакамiтым у сьвеце. Пасьля Рэмарка ў лiтаратурны савецкi ўжытак адразу ўвайшоў Хэмiнгуэй, хоць яго самы значны раман «Па кiм звонiць звон» нiяк не хацелi выдаваць у Маскве, а як выдалi, дык аказалася, што амаль трацiна тэксту была страчана ў купюрах. Мне далi ў Маскве надрукаваны на тонкай паперы рукапiс, якi я ўважлiва прачытаў дома i адчуў сябе дужа бедным. I дужа неадукаваным таксама. Toe, што мы намагалiся i нiяк не маглi зразумець у вайне, знакамiты Хэм зразумеў i напiсаў яшчэ ў 30-я гады. З таго часу, а можа, i раней, сутнасьць вайны не зьмянiлася. Ваенная сутнасьць наогул наўрад цi мяняецца праз стагодзьдзi. Толькi на першы погляд здаецца, што наша вайна не такая, як папярэдняя, у чымсь кожная наступная вайна iнакшая, а ў вынiку ўсе аднолькавыя. Мiнае час, i ўсё зьлiваецца ў адно ёмiстае i ненавiснае людзям азначэньне — вайна. Хэмiнгуэй адкрыта сказаў, што «вайна — гэта бардак» i што вайна ў 30 год здаецца зусiм iншай, чым у 18–20 гадоў, што даўнiм уражаньням i пачуцьцям ня варта занадта верыць. I што найлепшая школа для пiсьменьнiка — нешчасьлiвае дзяцiнства (Твардоўскi, аднак, лiчыў, што — юнацтва), i што проза — гэта «архiтэктура, а не майстэрства дэкаратара». А мы столькi шчыравалi над стылем, прысмакам слова, забыўшыся пра выснову iншага знакамiтага аўтара (Уiльяма Фолкнэра), што калi надта клапацiцца над стылем, дык не застанецца нiчога, апроч стылю. Хэм ня надта клапацiўся наконт узаконенага стылю, затое яго хутка прызналi заснавльнiкам уласнага стылю. Але, можа, самае значнае, што знайшлося для мяне ў вялiкага гуманiста Хэмiнгуэя, была праставатая, але дужа ёмiстая думка: «Добра, калi вырашыш ня быць дрэньню». Праўда, у нас аднаго рашэньня для таго было мала, патрабавалася яшчэ шмат чаго, што часам было вышэй за жыцьцё, вышэй за твой чалавечы лёс.
Задума з «Круглянскiм мостам» высьпявала паволi, на гэты раз болей пад уплывам прачытанага, а ня ўспомненага, перажытага. У лiтаратуры i асаблiва ў журналiстыцы, а таксама ў т. зв. дакумэнтальнай лiтаратуры пра вайну тым часам падабралi ўсе i ўсялякiя праявы сапраўднага i выдуманага гераiзму, дайшла чарга да дзяцей. Ствараўся вобраз малога помсьлiвага героя, якi так ненавiдзеў фашыстаў, што толькi i iмкнуўся аддаць супраць iх жыцьцё. Дарослыя дзядзькi, вядома ж, разумелi яго i ўсяляк садзейнiчалi яму. Хаця i было шкода малечу, але калi ён так просiць, дык адмовiць яму не маглi. I яны яго навучаюць, як тое зрабiць з найбольшым вынiкам — узарваць мост, цягнiк, цi хоць бы аўтамабiль са снарадамi. Вядома, ён гiне, але па-геройску, тое ўсё вытлумачвае i апраўдвае. Пра маральны бок справы таго акту звычайна не згадвалася — мараль там адсутнiчала. Мяне ж прыцягвала менавiта мараль, з таго і зьявіўся.
«Круглянскi мост» выйшаў у часопiсе «Полымя», якi на той час рэдагаваў Павел Кавалёў — Павэлак, як яго трохi зьняважлiва клiкалi маладзейшыя. Паводле сваёй прыроды то быў неблагi чалавек, не апантаны бальшавiк, памяркоў ны i абачлiвы. Вялiкай складанасьцi з публiкацыяй не было — дальнабачны рэдактар найперш заручыўся падтрымкай ЦК. Сакратар па прапагандзе, былы партызан Пілатовiч аповесьць адобрыў. Як пасьля казаў рэдактар, Пілатовiч найбольш быў прываблены заключнай фразай пра камiсара, якога, бы анёла-збавiцеля, чакае ў яме падлетак-партызан Сьцёпка. Звычайна ў сваiх творах я прынцыпова пазьбягаў вобразаў камунiстаў-камiсараў, але тут дапусьцiў магчымасьць таго. Так сказаць — гiпатэтычнага камiсара, якога няма, але якi можа зьявiцца. Як паказаў час, то быў выйгрышны ход, якi ў беларускiм выданьнi ўвогуле апраўдаў сябе. Рэдактар «Лiтаратуры i мастацтва», сам былы палiтрук-камiсар Леанiд Прокша надрукаваў у сваёй газэце ўласнаручна напiсаны артыкул, цалкам апалягетычны да аповесьцi. Я пераклаў яе на расейскую мову i адвёз у «Новый мир».