Доўгая дарога дадому
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2004
- Язык: белорусский
- Год: Кніга
- ISBN: 985-6605-13-Х
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Доўгая дарога дадому». Краткое содержание книги:
Найперш я завёз аповесьць у Менск, перадаў Пімену Панчанку. Пiмен быў заклапочаны, — мае аповесьцi, падобна, пачалi пагражаць ягонаму рэдактарству ў «Маладосьцi». Сказаў: добра, калi б падтрымаў «Новый мир». Але ж для «Нового мира» трэба перакласьцi, а перакладчыка ў мяне не было. Тады Пiмен кажа: зрабiце падрадкоў нiк, а перакладчыка яны самi знойдуць. У Маскве перакладчыкаў — навалам.
Так i зрабiў — перапiсаў тэкст больш-менш па-расейску. Знарок не шлiфуючы, ня дбаючы пра стыль, адно клапацiўся пра сэнс. Нейкай аказiяй адправiў рукапiс у Маскву. Праз дужа кароткi час патэлефанаваў Кандратовiч — трэба прыехаць.
На гэты раз адбылася сустрэча з усёй рэдакцыяй. У шырокiм крэсьле сядзеў грузнаваты, афiцыйна апрануты Аляксандр Трыфанавiч Твардоўскі, прыйшлi стрыманы Аляксей Кандратовiч, акулярысты Iгар Вiнаградаў, гаваркi Уладзiмер Лакшын, мая рэдактарка Аня Берзер i яе каляжанка Iна Барысава. Пасьля падышоў сiвавалосы ўсьмешысты Iгар Сац, а сакратар Хiтроў быў тут ад самага пачатку. Пачалося абмеркаваньне, якое iшло нядоўга, стрымана i грунтоўна. Памятаю, Кандратовiч гаварыў пра некаторую жорсткасьць самой канструкцыi аповесьцi, Лакшын — пра характары. Твардоўскi адзначыў пэўны новы ньюанс у распрацоўцы няновай тэмы, але сказаў, што надрукаваць аповесьць для яго — абавязак. Вось толькi пераклад… Хто зробiць пераклад? Лакшын сказаў, што пераклад мог бы зрабiць Дудзiнцаў, нядаўна раскрытыкаваны за раман, ён сядзiць бяз працы. Твардоўскi зiрнуў на яго з дакорам: «Ага, значыцца, так: аўтар Быкаў, рэдактар Твардоўскi, перакладчык Дудзiнцаў? I вы хочаце з такiм трыё надрукаваць аповесьць?». Усе засьмяялiся, зразумеўшы марнасьць прапановы Лакшына. Тады, пасьля нядоўгага роздуму, Аляксандр Трыфанавiч кажа: «Вось, няхай Васiль сам папрацуе над рускiм тэкстам, як мае быць вычытае, Анна Самойлаўна паможа. А мы паглядзiм». На тым i вырашылi. I на шмат год запачаткавалi з Быкава перакладчыка ўласнай прозы. Хаця хлеб той апынуўся надзвычай цяжкi, прынамсi для мяне, якi ня раз спрабаваў яго кiнуць. Але зноў браўся, бо iнакш не выпадала.
У заключэньне Твардоўскi аб’явiў, што аўтарская назва ня пойдзе, над назвай патрэбна думаць. Мусiць, тое мне найбольш не спадабалася, але я ўжо ведаў, што тут надта патрабавальна адносяцца менавiта да назвы. Таго ад iх вымагае палiтыка. А там, дзе палiтыка, там няма месца нi густу, нi нават логiцы. Уся мая далейшая практыка адносiнаў з выданьнямi i выдавецтвамi пацьвердзiла тую нязрушную выснову.
У «Маладосьцi» аповесьць, як i належала, выйшла раней за новамiрскую публiкацыю. Але не пасьпеў я атрымаць чарговы нумар «Маладосьцi», як у Менску зьявiўся вялiкi артыкул партыйнага журналiста, нейкага Агеева, якi каменя на каменi не пакiдаў ад аповесьцi. Дасталося, вядома, i аўтару. Хаця iншай ацэнкi я i не чакаў, але было трохi крыўдна — колькi ж можна! На гэты раз беларускае кiраўнiцтва не спудлавала — папярэдзiла пэўную маскоўскую ацэнку. Калi раней яно апыналася «на падхопе», дык цяпер падхоплiваць маглi расейцы. Iнiцыятыва была за Беларусьсю.
У Маскве, канешне, ня спалi, падхапiлi ў час. Цi не па ўсiх газэтах пракацiлася хваля крытыкi i асуджэньня. Не прытупляў палiтычнае пiльнасцi ГЛАВПУР. На ўсялякiх палiтычных нарадах ягоны начальнiк генэрал Епiшаў у якасьцi нэгатыву прыводзiў у прыклад «паклёпнiцкую» аповесьць Быкава. Ягоныя ацэнкi перайшлi нават ў вайсковыя падручнiкi i дапаможнiкi па палiтзанятках для салдатаў Савецкай армii. Тут якраз падасьпеў i «Новый мир» з аповесьцю, дзе яна была названа «Атака сходу». Тое, што «сходу», павiнна было неяк прабачыць няўдачу самой атакi, — так мне растлумачылi пасьля ў «Новом мире». Але не прабачылася нiчога. Уся савецкая прэса, чынячы расправу над аўтарам заганнай аповесьцi, грамiла i часопiс, асаблiва ня раз ужо зганьбаванага Твардоўскага. Чытаючы, як яго бэсьцяць, я адчуваў некаторую няёмкасьць, што «падставiў» часопiс i яго шаноўнага рэдактара. Той, аднак, не вiнiўся, а прыслаў мне чарговы лiст з падтрымкай i спасылкай на пратапопа Авакума, якi з астатнiх сiлаў топае сабе з пратапопiцай. Толькi да якой мэты, думаў я. Да свайго апошняга вогнiшча ў закiнутай хацiне? Праўда, «Литературка» зьмясьцiла адзiную на той час пазытыўную рэцэнзiю на аповесьць, i для мяне сталася важна, што аўтарам яе быў Юры Бондараў.