Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » Доўгая дарога дадому
Доўгая дарога дадому - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Доўгая дарога дадому

Электронная книга - «Доўгая дарога дадому». Краткое содержание книги:

Гэтая кніга — успаміны народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава пра асабіста перажытае амаль за 70 гадоў ягонага багатага на падзеі жыцьця. У цікавай аўтарскай манеры вядомы пісьменьнік распавядае пра найбольш яркія старонкі сваёй біяграфіі, дае ацэнку грамадзка-палітычным і культурным працэсам, што адбываліся ў Беларусі на ягоных вачах. В. Быкаў прапануе досьвед культурнага дзеяча, знакамітага пісьменьніка, выказвае думкі адносна будучага разьвіцьця краіны.
1 ... 84 85 86 87 88 89 90 91 92 ... 171
Перейти на страницу:

Падобна, у краiне махнулi кiраўнiчай рукой на эканомiку, прамысловасьць, на далейшы ўздым сельскай гаспадаркi i ўзялiся за любiмы канёк — уздымаць iдэалёгiю. З поваду iдэалёгii праводзiлiся пленумы ўсiх узроўняў, творчых саюзаў; рэдакцыi i выдавецтвы ўмацоўвалi выпускнiкамi ВПШ ды АГН205. Неверагодных памераў дасяглi Галоў- i абллiты, сьпiсы забароненых тэмаў i зьвестак набылi таўшчыню тэлефонных даведнiкаў. У рэдакцыях i выдавецтвах галоўным чалавекам стаў цэнзар, якi прыдзiрлiва мацаў кожны радок i пры парушэньнi дакладваў наверх, каб апэратыўна зрабiць аргвывады. Прапагандовым апаратам было вынайдзена ёмiстае i ўнiвэрсальнае азначэньне: iдэалягiчныя дывэрсii. Для iх выяўленьня пры кожным парткаме працавалi iдэалягiчныя камiсii, якiя таксама выносiлi свае вэрдыкты. Для пачатку ва ўсiх iнстанцыях правялi кампанiю па выяўленьнi абстракцыянiстаў i барацьбе зь iмi.

Аднойчы мяне паклiкалi ў абкам, дзе першы сакратар Уладзiмір Мiцкевiч, чалавек двухмэтровага росту i з квадратнымi пашчэнкамi, папытаўся, цi ведаю я, што такое абстракцыянiзм. У меру маiх ведаў i разуменьня я спрабаваў растлумачыць, што гэта такое, i сказаў, што ў лiтаратуры абстракцыянiзму няма. «А Еўтушэнка?» — было зададзена пытаньне. — «Ну якi ж Еўтушэнка абстракцыянiст, ён самы што нi ёсьць сацыяльны рэалiст», — сказаў я. — «А ваш Карпюк?» Тое мяне ўжо зусiм зьдзiвiла: «Карпюк — абстракцыянiст?» Але, як хутка выявiлася, абкамаўскi бос клiкаў мяне зусiм не затым, каб слухаць мае тлумачэньнi. Калi неўзабаве быў склiканы абласны сход гаспартактыву, Мiцкевiч ужо грамiў на iм маскоўскiх абстракцыянiстаў Еўтушэнку i Вазьнясенскага, да якiх далучыў i нашага Карпюка. Сход патрабаваў ад члена КПСС Карпюка прызнацца, i той выказаўся ў тым сэнсе, што нават добра ня ведае, што гэта такое. Тады Мiцкевiч заявiў у заключнай прамове, што таварыш Карпюк, як усе тут пераканалiся, замаскаваны абстракцыянiст, хаця i не прызнаецца.

Трэба зазначыць, што ў першага сакратара абкаму было нямала прэтэнзiяў да Карпюка зь iншага поваду. Даўнi змагар за праўду i справядлiвасьць, Аляксей з усякага поваду хадзiў у абкам i гадзiнамi сварыўся з усiмi сакратарамi, у тым лiку i зь першым. Яго абуралi адносiны кiраўнiцтва да стану культурных устаноў у вобласьцi, да забесьпячэньня гараджанаў прадуктамi, нават тое, што адрослыя ў скверы дрэвы засланяюць бюст Элiзы Ажэшкi. Цяпер, здаецца, надарыўся момант, каб публiчна зганiць пiсьменьнiка. Але Карпюк рашыў не паддацца, паехаў у Менск да Машэрава. Калi з прыёмам у Машэрава не атрымалася, кiнуўся ў Саюз пiсьменьнiкаў да Танка208. Але Танк толькi разьвёў рукамi — маўляў, што ты будзеш рабiць з дурнямi. Мабыць, Яўген Iванавiч меў рацыю, ён даўно ня ўмешваўся ў ніякiя канфлiкты з уладамi. У лепшым выпадку мог адаслаць да свайго вечнага намесьнiка Шамякiна. Але каб Шамякiн за каго-небудзь заступiўся перад партыйнымi органамi, такога не здаралася. Ён сам iх баяўся; казалi, што, калi ў СП званiла кiраўнiчая дама Сiнельнiкава, з трубкай у руцэ прымаў стойку «сьмiрна».

Пасьля зьезду на месца Сiнельнiкавай у ЦК прыйшоў Савiцкi, i першай яго камандзiроўкай на перыферыю стала паездка ў Горадню.

Карпюк паклiкаў мяне ў Дом Ажэшкi, дзе ён звычайна сядзеў над друкаркай, i кажа: «Слухай, прылятае Савiцкi, дык ты сустрэнеш яго ў аэрапорце, а тут буду прымаць я. Як i належыць па пратаколе».

Я так i зрабiў. Спаткаў важнага госьця ля трапу самал ёта, на абкамаўскай «волзе» прывёз да Карпюка. Карпюк падняўся з-за стала. Савiцкi, якi некалi разам з Карпюком вучыўся на Вышэйшых лiтаратурных курсах, па-таварыску працяг руку — здароў, Аляксей. Аляксей, аднак, схаваў свае рукi за сьпiну i мовiў: «Во што, Алесь. Ты стукач, i я табе рукi не падам. Але калi ты прыехаў ад ЦК, дык сядай, будзем гаварыць аб справе».

Савiцкi, мабыць, меў добрыя нэрвы, не мiргнуўшы вокам, сеў за стол. Пачалася казённая размова — выкананьне плянаў, адносiны i ўзаемаадносiны. Карпюк хутка згубiў увагу да госьця i сказаў, што ў яго сёньня шмат працы, ён канчае аповесьць. Яны холадна разьвiталiся. Той халодны прыём праз кароткi час даволi горача адгукнуўся ў Карпюковым лёсе.

Як я з часам пераканаўся, жыцьцё ў правiнцыi мае хiба ўяўную перавагу перад сталiчным жыцьцём, дзе ў сучаснага чалавека сапраўды ёсьць магчымасьць схавацца ў мурашнiку шматлюдзьдзя. Насуперак пашыранаму меркаваньню, у правiнцыi тое немагчыма. Па-першае, тут ён пад няспынным наглядам начальства, суседзяў, органаў, якiя заўсёды iмкнуцца ўсё i пра ўсiх ведаць. Зноў жа — вiзыты. У Гораднi, дзе мы шмат год жылi з Карпюком, не мiнала тыдня, каб хто не прыехаў да нас — зь Менску, Масквы цi з Польшчы. Вядома ж, прыяжджалi сябры, харошыя людзi, журналiсты, якiм мы былi радыя. Звычайна пасьля такiх знаёмстваў завязвалася сяброўства, якое часам доўжылася гадамi. Але сярод iх траплялi i падазроныя цi яўна падасланыя па лiнii бясьпекi людзi. Ды як было ўведаць пра тое? Iншыя пiсалi пiсьмы цi тэлефанавалi па справах зь Менску або Масквы. Часта званiў Мiкола Матукоўскi. Ён працаваў у «Известиях» i, вядома, шчыраваў для сваёй газэты. Што-нiшто я пiсаў так, як разумеў з праблемаў лiтаратуры цi мовы, ён, вядома ж, перапiсваў, i тое друкавалi, мала, аднак, робячы радасьцi аўтару. Аднойчы да нас прыехаў любы ўсiмi Уладзiмер Караткевiч. Тады ён пiсаў «Хрыстос прызямлiўся ў Гароднi» i хацеў паглядзець на гродзенскiя «касталомныя вежы». Не чакаючы, калi яму гаспадары наладзяць пачостку, сам склiкаў тутэйшых лiтаратараў у рэстаран «Беларусь» (якi яшчэ тады быў), пачаў адкаркоўваць бутэльку шампанскага i аблiў любую iм Дануту. Пасьля гжэчна выбачаўся i цалаваў яе ручкi. Незадоўга да свае сьмерцi прыехаў з Варшавы слынны польскi паэт Вiктар Варашыльскi, якога пасьля затрымалi на гродзенскай мытнi, зрабiлi ганебны, зьневажальны ператрус па поўнай праграме. Варашыльскi тут нарадзiўся i з бацькамi жыў у вайну. Немцы ня вынiшчылi сям’ю славутага гродзенскага яўрэя-гінэколяга толькi з тае прычыны, што ўсе гады акупацыi яе ратавала беларуская жанчына, былая работнiца раддому. Вiктар распавядаў, як тая цягала па начах трох малых i трох старых, перахоўвала ў скляпах i закiнутых хлеўчуках, рызыкуючы ўласным жыцьцём i жыцьцём сваiх крэўных. I выратавала, нiхто не загiнуў. Памерла тая жанчына ў 70-я гады, не адзначаная нi беларускай уладай, нi iзраiльскiм Ёдяшэм. Дрэўца ў яе гонар ля славутай менскай Ямы нiкiм не пасаджана. На дзень цi два мы з Карпюком мелi прыемнасьць сустракаць у Гораднi ўжо тады слыннага пiсьменьнiка з Беластоку, апальнага Сакрата Яновiча. У часе прагулянак па гарадзенскiх ваколiцах ён распавядаў пра свой перасьлед ад польскiх уладаў, а мы распавядалi яму пра свой. Тым i паразумелiся. Як паказаў час, — назаўжды.

1 ... 84 85 86 87 88 89 90 91 92 ... 171
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)