Залаты век Беларусі
- Автор: Акіньчыц Станіслаў
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Юніпак
- ISBN: 978-985-6802-48-8
- Жанр: История
Электронная книга - «Залаты век Беларусі». Краткое содержание книги:
Адносны супакой, які панаваў у Вялікім Княстве ў сярэдзіне XV стагодзьдзя, а таксама шчыльны кантакт з Заходняй Эўропай перамяніў ваяўнічых беларускіх баяраў у шляхту, якая ўсё больш займалася арганізацыяй сваіх гаспадарак і пачынала сур'ёзна задумвацца аб сваіх правах. Грамата вялікага князя Казіміра ад 1447 году аб праве свабоднага выезду за мяжу на вучобу ва ўнівэрсытэты і «для лепшаго счасьтя набытья» дазволіла дзесяткам і сотням ураджэнцаў Беларусі атрымліваць вышэйшую адукацыю ў навучальных установах Кракава, Прагі, Вены, Падуі, Балёньі. Толькі на пераломе XV-XVI стагодзьдзяў у Кракаўскім унівэрсытэце вучылася 140 студэнтаў-ліцьвінаў, сярод якіх быў і славуты Франьцішак Скарына з Полацку.
Усьлед за іншымі эўрапейскімі краінамі шляхта Вялікага Княства пачала абмяжоўваць уладу манарха. У 1492 годзе вялікі князь Аляксандар выдаў прывілей, паводле якога «гаспадар» быў абавязаны весьці дыпляматычныя зносіны зь іншымі краінамі толькі па ўзгадненьню з панамі раднымі, у справах унутраных нічога не адмяняць з таго, што было вырашана разам з радаю, бяз згоды яе членаў не рабіць прызначэньні на дзяржаўныя пасады ці зьмяшчэньні зь іх, распараджацца фінансамі толькі пад кантролем рады. Такім чынам дзяржаўную кампэтэнцыю гаспадарскай рады Вялікага Княства Літоўскага можна параўнаць з кампэтэнцыяй сучаснага парляманту. Гэта была даволі прадстаўнічая структура, у якую ўваходзілі каталіцкія біскупы, ваяводы і кашталяны віленскі і троцкі, канцлер, гетман, скарбнік, маршалкі і іншыя прадстаўнікі дзяржаўнага апарату Княства, разам каля 50 чалавек.
У канцы XV стагодзьдзя аформіўся яшчэ адзін прадстаўнічы ворган дзяржаўнай улады - сойм, у склад якога ўваходзілі паны-радныя, прадстаўнікі вялікакняскай адміністрацыі і шляхта з усёй краіны. Спачатку ўся шляхта запрашалася на сойм, але пасьля было ўведзена прадстаўніцтва - два дэпутаты ад павету, хоць ніякаму шляхцічу не адмаўлялася права на асабістую прысутнасьць на сойме.
Вялікае Княства Літоўскае ніколі не было жорстка цэнтралізаванай дзяржавай. Асновай яго заўсёды была дамова паміж вялікім князем і канкрэтнай зямлёй. Так у Полацку і Віцебску вялікі князь ня меў права асабіста прызначаць ваяводу бяз згоды земскага сойму - сходу прадстаўнікоў шляхты ваяводзтва. Большасьць беларускіх гарадоў карысталіся магдэбурскім правам, гэта значыць правам на самакіраваньне, якое вызваляла горад ад суду і ўлады вялікакняскіх ваяводаў.
Беларусь уваходзіла ў XVI стагодзьдзе як эўрапейская дзяржава, якая жыла тымі самымі прынцыпамі, што і рэшта Эўропы. Але на ўсходзе паднімаліся чорныя хмары. Маскоўская дзяржава, падпарадкаваўшы сабе апошніх канкурэнтаў, Вялікі Ноўгарад і Цьвер, усутыч падыйшла да межаў Вялікага Княства Літоўскага. Пасваячыўшыся праз шлюб з Палеолагамі, дынастыяй Бізантыйскай імпэрыі, якая перастала існаваць пад ударамі туркаў, маскоўскі князь Іван III пераняў герб Бізантыі (дзьвюхгаловы арол), і яе палітычную дактрыну, абвесьціўшы Маскву трэцім Рымам, а сябе - «гасударом усяе Русі». Іван ІІІ так фармулюе сваю пазыцыю: «Ано не то адно наша отчіна, коі городы і волості і ныне за намі, і вся Руськая земля, Кіев і Смоленск і іные городы ... с Божьею волею із старіны, от нашіх прародітелей наша отчізна». І гэта не былі толькі словы. Ад 1492 году ўсходняя мяжа становіцца самай неспакойнай мяжой Княства. Адна за другою пяць войнаў з Масквою спусташалі ўсходнюю Беларусь. Вялікае Княства страціла Вязьму, Смаленск, Чарнігаў, Бранск. Аднак 8 верасьня 1514 году пад Воршаю 30-тысячнае беларускае войска, ведзенае гетманам Канстанцінам Астроскім, зьнішчыла 80-тысячную маскоўскую армію і на нейкі час спыніла агрэсію.
Як і ў-ва ўсёй Эўропе, у Беларусі на пачатку XVI стагодзьдзя царква і рэлігія зьяўляліся адным з неабходных элемэнтаў жыцьця грамадзтва. Будынак праваслаўнай царквы або каталіцкага касьцёла быў мейсцам, дзе людзей хрысьцілі, хавалі, дзе яны зьбіраліся ў нядзелі і сьвяты. Царкоўныя званы рэгулявалі жыцьцё навакольных паселішчаў, папярэджвалі аб небясьпецы. Аднак, хаця хрысьціянства не было навіною ў краіне, большая частка сялянаў, а таксама месьцічаў і шляхты характарызавалася хутчэй рэлігійнай абыякавасьцю, чым гарачай пабожнасьцю, молячыся і ў царкве, і старым паганскім багам. Праваслаўная царква ўвайшла ў новае стагодзьдзе яўна ня могучы даць адказ на выклік часу. Духоўны ўзровень сьвятароў хутчэй адпіхваў людзей ад веры, чым прыцягваў да яе. «У нас яшчэ чытаюць старасьвецкія саборнікі, чытаюць пралогі, але іх ужо не разумеюць ні той, хто чытае, ні той, хто слухае», - прызнаваўся адзін з рэлігійных дзеячоў таго часу.