Залаты век Беларусі
- Автор: Акіньчыц Станіслаў
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Юніпак
- ISBN: 978-985-6802-48-8
- Жанр: История
Электронная книга - «Залаты век Беларусі». Краткое содержание книги:
Пасьпяхова адбіўшы татараў, наваградзкае княства пачало падпарадкоўваць сабе балцкія плямёны ўздоўж Вільлі, і прэтэндаваць на Жамойць, змагаючыся пры гэтым з Тэўтонскім ордэнам. Адначасова шляхам дамовы «Старыны ня рухаем, навіны ня ўзводзім» да Наваградку далучыліся Полацак, Віцебск, Тураў, Пінск. Новая дзяржава, якая атрымала назву Вялікае Княства Літоўскае, ад самага пачатку карысталася наваградзкім гербам Пагоня - на чырвоным полі срэбны вершнік з узьнятым мячом. На беларускіх землях «пагоняй» называлася скліканьне баярства на вайну, усеагульнае апалчэньне.
У першай палове XIV стагодзьдзя Вялікае Княства Літоўскае аб'яднала практычна ўсю Беларусь і частку Жамойці, пастаянна адбіваючы напады крыжакоў з захаду і поўначы і татараў з усходу і поўдня. У 1323 годзе вялікі князь Гедзімін перанёс сталіцу дзяржавы з Наваградку ў Вільню і пачаў будаваць мураваныя замкі ў паўночна-заходняй Беларусі (у Вільні, Наваградку, Лідзе, Мядзелі), каб супрацьстаяць крыжацкім нападам. Ягоны сын, Альгерд, у 1362 годзе разьбіў татараў у бітве каля ракі Сінія Воды і вызваліў з-пад іхняй улады ўкраінскія землі - Кіеўшчыну, Валынь і Падольле, паклаўшы пачатак заняпаду Залатой Арды. Вялікае Княства Літоўскае стала адной з найвялікшых і адной з магутнейшых дзяржаваў у Эўропе. У гэты час беларускія землі канчаткова аб'ядналіся і замацавалі сваё цэнтральнае месца ў дзяржаве, у выніку чаго, паводле вобразнага выразу Ф.Багушэвіча, Беларусь стала тут «як зерне ў гарэху». Пачынаючы з гэтага часу і аж да другой паловы XIX стагодзьдзя сучасная Беларусь называлася Літвою, а яе жыхары - ліцьвінамі або людзьмі літоўскімі, літвою.
Справаводзтва пры двары вялікага князя вялося на дзьвюх мовах: уся дакумантацыя, зьвязаная з Захадам, выконвалася на лаціне, а дакуманты, прызначаныя для ўласнай дзяржавы і ў адносінах з усходнімі суседзямі, пісаліся як на лаціне, так і на царкоўнаславянскай мове, якая ў Вялікім Княстве выконвала тыя самыя функцыі, што і лаціна ў Заходняй Эўропе. Гэтыя мовы, па сутнасьці, былі мёртвымі, але дазвалялі паразумявацца з усімі навакольнымі народамі. Ужо ў сярэдзіне XIV стагодзьдзя ў граматах, пісаных у Вільні ці Полацку на царкоўнаславянскай мове, заўважаюцца ўплывы жывой беларускай мовы, а на пачатку другой паловы XV стагодзьдзя старабеларуская мова стала дзяржаўнай мовай Вялікага Княства Літоўскага.
Сьмерць вялікага князя Альгерда выклікала крывавую міжусобную барацьбу ў Княстве, у выніку чаго вялікім князем літоўскім стаў Альгердаў сын - Ягайла. Стаўшы на чале дзяржавы, Альгердавіч апынуўся ў досыць складанай сытуацыі, бо на паўночным захадзе ўзмоцнілі свой наступ Тэўтонскі і Лівонскі ордэн, захапіўшы Жамойць, з поўдня прыходзілі трывожныя весткі з Арды, на ўсходзе пачыналіся першыя канфлікты зь Вялікім Княствам Маскоўскім, а на захадзе не сьціхала спрэчка з Польскім Каралеўствам пра Валынь. Апроч усяго Ягайла ня быў старэйшым сынам Альгерда і за вялікакняскі пасад трэба было змагацца і са сваімі роднымі братамі, і са стрыечнымі. Таму вялікі князь літоўскі шукаў апірышча ў саюзе з суседнімі дзяржавамі, або з Масквой, або з Польшчай. Аднак ледзь пачаўшы перамовы з Дзьмітрам Данскім, Ягайла хутка адмовіўся ад гэтых крокаў, бо маскоўскі князь запатрабаваў ад Альгердавіча прызнаць сябе «малодшым братам» Масквы і ахрысьціць у праваслаўе «ўсю Літву». Саюз з Польшчай выглядаў больш прывабным, бо дазваляў вялікаму князю літоўскаму стаць адначасова польскім каралём. У дадатак гэта давала магчымасьць сумеснымі намаганьнямі спыніць крыжацкую агрэсію. Пасьля адпаведных перамоваў у 1385 г. у Крэве было падпісанае пагадненьне аб дынастычнай вуніі (аб'яднаньне, у якім дзьве дзяржавы маюць аднаго караля). Ягайла са свайго боку абавязваўся хрысьціць паводле каталіцкага абраду яшчэ ня хрышчаных ліцьвінаў. Але Крэўская вунія не прынесла супакою Княству, не задаволенаму падпісанымі ўмовамі. На чале апазыцыі стаў стрыечны брат Ягайлы, Вітаўт, якога падтрымлівала значная частка беларускіх баяраў. Каб канчаткова не згубіць улады над Вялікім Княствам, Ягайла пайшоў на саступкі і прызнаў Вітаўта вялікім князем літоўскім. У 1410 годзе аб'яднаныя войскі Вялікага Княства Літоўскага і Польскага Каралеўства пад Грунвальдам разграмілі армію Тэўтонскага ордэну. Краіна ўздыхнула з палёгкай. Скончылася перамогай амаль двухсотгадовая вайна, заходняя мяжа на стагодзьдзі стала самай спакойнай. Праз сто гадоў Тэўтонскі ордэн прызнае сваю васальную залежнасьць ад Польскага Каралеўства, а Лівонскі ордэн стане галоўным экнамічным партнёрам Княства, ягоная сталіца Рыга - гандлёвай брамай для Беларусі ў Заходнюю Эўропу.