Залаты век Беларусі
- Автор: Акіньчыц Станіслаў
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Юніпак
- ISBN: 978-985-6802-48-8
- Жанр: История
Электронная книга - «Залаты век Беларусі». Краткое содержание книги:
Адзін з галоўных прынцыпаў аднаўленьня духоўнага жыцьця заключаецца ў непасрэдных адносінах з Богам, якія базуюцца на чытаньні і разуменьні Бібліі кожным чалавекам, таму разьвіцьцё Рэфармацыі выклікала дынамічны рост колькасьці навучальных установаў ва ўсёй Эўропе. Кожная эвангельская царква імкнулася мець школу, у якой бы дзеці і дарослыя вучыліся чытаць, пісаць, лічыць і г.д. Лютаранская Швэцыя стала першай краінай, якая ўвяла ўсеагульную адукацыю на дзяржаўным узроўні. З Рэфармацыі таксама бярэ свой пачатак такая навука як пэдагогіка. Ян Амос Каменскі, прапаведнік і настаўнік, увёў тыя прынцыпы, на якіх трымаецца сучаснае навучаньне, напрыклад: «Настаўнік павінен вучыць ня столькі, колькі ён можа, а колькі вучань можа зразумець». Каб дзеці лепш маглі ўспрыняць матэрыял, ён першы пачаў выкарыстоўваць малюнкі ў навучальным працэсе.
Чытаючы Біблію, многія адукаваныя людзі XVI-XVII стагодзьдзяў зьвярнулі ўвагу на тое, што Бог хоча, каб кожны чалавек вывучаў, пазнаваў, разьвіваў і абрабляў той сьвет, у якім ён жыве. Гэта дало пачатак разьвіцьцю прыродазнаўчых навукаў. Дацкі астраном Тыха Брагэ заснаваў ва Ўніборгу найлепшую ў Эўропе абсэрваторыю, якая стала навуковым цэнтрам Даніі. Дзякуючы гэтаму, Тыха Брагэ выканаў найдакладнейшыя астранамічныя вылічэньні і склаў каталёг тысячаў зорак. На аснове гэтых дасьледваньняў нямецкі вучоны Ёган Кеплер, які прысьвяціў сваё жыцьцё пошуку матэматычнай гармоніі, у адпаведнасьці зь якой Бог стварыў сусьвет, адкрыў тры законы абарачэньня плянэтаў вакол Сонца, канчаткова давёўшы геліяцэнтрычную будову Сонечнай сыстэмы і стаўшы адным з пачынальнікаў сучаснай астраноміі. Нямецкі батанік Фукс даў навуцы найбольш шырокую і сыстэматызаваную батанічную намэнклятуру. Ангельскі філёзаф Фрэнсіс Бэкан, які лічыў неабходным аднавіць панаваньне чалавека над прыродай, страчанае ў выніку грэхападзеньня, стаў адным з заснавальнікаў мэтаду навуковага экспэрымэнту, які прадвызначыў імклівае разьвіцьцё навукі ў наступных стагодзьдзях. У пазьнейшыя часы ідэі, народжаныя з чытаньня Слова Божага, натхнялі матэматыка Готфрыда Ляйбніца і фізыка Ісаака Ньютана. Менавіта вяртаньне хрысьціянскага сьвету да Бібліі дало пачатак астраноміі, фізыцы, хіміі, батаніцы, анатоміі і іншым навукам, безь якіх немагчыма ўявіць сучасную цывілізацыю.
Да часоў Рэфармацыі адносіцца ўзьнікненьне паняцьцяў, якія сёньня вядомыя як агульначалавечыя каштоўнасьці. Свабода сумленьня, свабода слова, права на жыцьцё, права на адукацыю і многія іншыя сягаюць сваімі каранямі ў XVI стагодзьдзе.
Нельга не заўважыць уплыву Рэфармацыі і на нацыянальнае разьвіцьцё народаў. Кожны раз прыняцьцё ідэяў Рэфармацыі суправаджалася нацыянальным уздымам, вяло да незалежнасьці, як у выпадку Галяндыі ці Швэцыі, або падымала нацыянальную культуру, мову на дзяржаўны ўзровень, як гэта было ў Нямеччыне, Францыі, Англіі. Адным з прынцыповых патрабаваньняў рэфарматараў заўсёды было патрабаваньне шырокага ўжываньня роднай мовы.
Можна з упэўненасьцю сказаць, што тое грамадзтва, у якім мы сёньне жывем, тая культура, тая тэхніка, якія нас атачаюць, сталі тым, чым ёсьць, дзякуючы Рэфармацыі. Рэфармацыя распачала працэсы, якія зьмянілі сьвет, менавіта яна стала пачаткам пэрыяду, названага гісторыкамі Новым Часам.
Вялікі рух Рэфармацыі, які ахапіў у XVI стагодзьдзі Эўропу, не абмінуў і Вялікае Княства Літоўскае, беларускую дзяржаву, пачаткі якой губляюцца ў трывожным XIII стагодзьдзі. У 1242 годзе тумэны Бату-хана ператварыўшы ў пустыню Ўладзіміра-Суздальскую Русь, прайшлі вогненым катком праз Кіеўшчыну, Валынь, Паўднёвую Польшчу і Вэнгрыю, пакідаючы пасьля сябе папялішчы гарадоў і зарастаючыя маладым лесам палі. У гэтай сытуацыі беларускія княствы, якіх не закранула яшчэ татарская навала, пачалі аб'ядноўвацца. Цэнтрам новага дзяржаўнага ўтварэньня стала Літва, пушчанскі край ў ваколіцах Наваградка, дзе ўжо даўно жылі разам, то ваюючы, то сваячачыся, славяне і балты. Каля 1250 г. Міндоўг, абраны наваградзкім князем, пашырыў сваю ўладу аж да Менску. Здольны дыплямат і мудры ваявода, у 1253 г. ён быў каранаваны ў Наваградку папскім легатам, і такім чынам нэўтралізаваў небясьпечнага ворага на паўночным захадзе - Тэўтонскі ордэн. Зьяўленьне магутнай улады ў Верхнім Панямоньні занепакоіла суседзяў, і празь некалькі гадоў да межаў Беларусі пацягнуліся незьлічоныя татарскія орды хана Бурундая. Перш чым ісьці на Наваградак, Бурундай запатрабаваў пад пагрозай вайны Галіцка-Валынскаму княству зруйнаваць усе ўмацаваньні вакол гарадоў, і князю Даніле Галіцкаму прыйшлося зрабіць гэты самагубчы крок, бо хто ж мог супрацьстаяць татарам. Але паход Бурундая на Літву (так у старажытнасьці называлі беларускія землі) не прынёс Ардзе перамогі. Спустошыўшы Случчыну і Наваградчыну, Бурундай ня змог падпарадкаваць беларускія княствы і адыйшоў назад у прычарнаморскія стэпы. З тых часоў засталіся ў народзе паданьні пра бітвы з татарамі пад Койданавым і Магільным.