Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве
- Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0899-9
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве». Краткое содержание книги:
Так званыя "вяршкі грамадства", разбэшчаныя наскрозь, звар'яцелыя ад выраджэння, тупыя, кіравалі людзьмі, якія ва ўсіх адносінах былі вышэйшыя і лепшыя за іх. Унутранымі справамі Расіі тры гады кіраваў Бібікаў, адзін з найбольшых містыкаў таго часу; ён рэгулярна па начах выклікаў дух нябожчыка сына, які памёр у Дрэздэне, і нібы гутарыў з ім. І такія людзі маглі казаць бязвольнаму цару словы падзякі за тое, што ён вызваліў "20 millions de pauvres petites shevilles"[41]. Нават дэмагогу Валуеву гэта не спадабалася.
"Бедныя болцікі" рабілі найвышэйшую справу на зямлі, прымушалі зямлю раджаць. А тыя, хто сядзеў над імі — арганчыкі, спірыты, вернападданыя балваны, эратаманы і педэрасты, жывёлы, што елі з падлогі, — якую справу рабілі на зямлі яны?! Ніякай, акрамя арганізаванага рабунку, марнатраўлення жыцця і смактання апошніх сокаў з гэтай няшчаснай зямлі. Нездарма самыя цынічныя і разумныя — а магчыма, і легкаважныя — з іх казалі пра puces qui vont chercher leur ptyre jusque des régdions interdites[42].
Растоўцаў таксама быў спірыт і містык. Аднак гэта не перашкаджала яму змагацца за зямныя даброты. Я не ведаю, ці лічыў ён, што цень чалавека на тым свеце атрымлівае ў аднаасобнае карыстанне цені тых рэчаў, якімі валодаў на зямлі. Але было падобна на тое. А можа, ён проста лічыў, што іншыя людзі як сабе хочуць, а ён, Якаў Растоўцаў, ніколі не памрэ. І сапраўды, яму было ў той час толькі пяцьдзесят шэсць год, і мінула ўсяго трыццаць тры гады, як у казцы, з таго часу, калі ён здрадзіў дзекабрыстам. Ён паспеў стаць мярзотнікам у дваццаць два гады, калі большасць не паспявае яшчэ зрабіцца нават проста людзьмі, а не тое што страціць гонар і прыстойнасць. І ён ведаў, што здраджаныя ім загінулі, як і тысячы іншых (сумленныя, часцей за ўсё, мала жывуць), а ён існуе.
Ва ўсякім разе, ён трымаў сябе так, быццам быў бессмяротны, і імкнуўся як мага хутчэй здзерці сабе і тысячам такіх, як сам, усё, што магчыма — і больш за гэта — з народа, які "высочайше доверили" яму.
Вежа бурчаў:
— Старая шлюха! Як ён у вочы здраджаным глядзіць? Яны ж, некаторыя, вярнуліся з астрогаў, часам даводзіцца глядзець у вочы. Баіцца. Каб тыя, на Сенацкай, не стаялі, а ўзялі іх усіх у рукі — Яшку б першаму на слупе вісець.
Але "старой шлюсе" не было аніякай справы да таго, што аб ім думаюць. Ён спяшаўся хапаць. Хапаць як мага, колькі стане сілы. Хапаць, нават пакідаючы пасля сябе голую зямлю. Яму аставалася жыць, калі пачаліся пасяджэнні рэдакцыйных камісій, дзесяць месяцаў і дваццаць сем дзён, але ён гроб і дзёр, вельмі нагадваючы таго чалавека, з якога смяяўся пераапрануты анёл казкі, бо той выбіраў сабе на рынку як наймацнейшыя, прынамсі на год, пантофлі, не ведаючы, што заўтра раніцай яго абуюць у іх, кладучы ў труну. Памёр ён 6 лютага 1860 года, нарабіўшы перад гэтым колькі мог злога.
На гэтым, уласна кажучы, ён мог бы і скончыць, як усе людзі на гэтай зямлі, але ваяўнічы "старец" не ўгаманіўся і пасля смерці, спрабуючы, насуперак усім законам натуры, і з таго боку магільнай пліты ўплываць на справы асірацелай без яго зямлі.
Гэтая не зусім звычайная і пад корань падсякаючая злашкодны матэрыялізм гісторыя адбылася нешта на пачатку студзеня 1861 года. Маніфест аб вызваленні яшчэ не было, і, зразумела, нябожчык яшчэ блукаў па сваёй кватэры, занепакоены, як жа гэта ўсё абыдзецца без яго.
У пакоях былой кватэры Растоўцава жыў генерал-ад'ютант Пуцята, таксама спірыт, чалавек, які выклікаў д'ябла і пагражаў яму, што ў выпадку ідэйных рознагалоссяў ён паскардзіцца на яго обер-пракурору сінода і камітэту міністраў.
Па сумяшчальніцтву з містыкай гэты чалавек займаўся яшчэ выхаваннем юнацтва ў духу адданасці радзіме і прастолу, таму што займаў пасаду начальніка штаба ваенна-навучальных устаноў, і такім чынам, ваенная моц імперыі часткова залежала ад прывідаў, а здані, што насялялі пакоі генерала, — ад яго служэння ваеннай магутнасці дзяржавы, а за гэта служэнне Пуцята атрымліваў цалкам матэрыяльную пенсію і сімвалічныя чыны і ордэны. Такім чынам Пуцята на практыцы вырашыў адзінства матэрыяльнага і ідэальнага ў прыродзе.
На пачатку студзеня ў пакоях Пуцяты чутны былі дзівосныя гукі. На пытанне: "Ці не Якаў Іванавіч?" — пачуўся трохкратны стук у дзверы, і па пакоях павеяла магільным холадам.
41
Дваццаць мільёнаў бедных болцікаў (франц.)
42
Блох, якія шукаюць сабе ежу аж да забароненых месцаў (франц.).