Станаўленне польскамоўнай паэзіі ў полілінгвістычнай літаратуры Беларусі эпохі Рэнесансу
- Автор: Кавалёў Сяргей
- Год: 2001
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Станаўленне польскамоўнай паэзіі ў полілінгвістычнай літаратуры Беларусі эпохі Рэнесансу». Краткое содержание книги:
Як і папярэдні твор паэта, “Эпіцэдзіум” уяўляе сабой вершаваную прамову, больш разгорнутую і аргументаваную, але менш эмацыянальную і вобразную за “Паранімфус”. Немагчыма ўявіць сабе, каб гэтую доўгую прамову сапраўды чыталі над магілай нябожчыцы. Здзіўляе, што аўтар адрасуе свае суцяшэнні выключна бацьку Марусі і нават не згадвае пра яе мужа ды іншых блізкіх людзей. Адсутнічае ў паэме і ўсхваленне цнатлівага жыцця гераіні, чаго вымагала традыцыя напісання падобных твораў (Ślękowa 1991; Włodarski 1987).
Фунеральная паэма Я. Пратасовіча па многіх крытэрыях саступае не толькі славутым “Трэнам” Я. Каханоўскага, але і “Апісанню смерці і пахавання княгіні Альжбеты Радзівіл” Ц. Базыліка. У “Эпіцэдыуме” Я. Пратасовіч зарэкамендаваў сябе не як чуллівы лірык, але як эрудыраваны мараліст, што выявілася таксама і ў ягоных наступных творах.
Роля суцяшыцеля спадабалася паэту, наступнае вершаванае суцяшэнне ён адрасаваў свайму дзядзьку, наваградскаму кашталяну А. Палубінскаму. Праўда, ніхто з блізкіх А. Палубінскага не памёр, але ў сувязі з тым, што князь дасягнуў пажылога ўзросту, пляменнік вырашыў маральна падтрымаць дзядзьку і пераканаць яго ў прывабнасці старасці. “Konterfet człowieka starego...” (Вільня, 1597) – лепшы маральна-дыдактычны твор Я. Пратасовіча, паэт патрапіў спалучыць тут сваю багатую эрудыцыю з творчымі здольнасцямі, знайсці для рэлігійна-філасофскіх аргументаў адпаведную літаратурную форму.
Кампазіцыя “Вобраза старога чалавека” вылучаецца строгай прадуманасцю, цалкам падпарадкаваная аўтарскай задуме. Пасля эпіграмы на герб Палубінскіх і вершаванага прысвячэння князю ў кнізе змешчана гравюра з выяваю нямоглага старца на мыліцах. Ад імя гэтага Старца і вядзецца аповяд у першай частцы твора, якую аўтар у вершы-прысвячэнні слушна называе “лямантам”. З ляманту Старца паўстае непрывабны малюнак гаротнага існавання чалавека на схіле ягоных дзён, ва ўладзе цяжкіх хваробаў і маркотных думак, перад абліччам хуткай смерці. Герой наракае не толькі на фізічныя, але і на маральныя пакуты з прычыны старасці, жаліцца на адзіноту і на пагардлівыя адносіны да яго з боку грамадства:
Nawet u własney żony y w swoich dzieci
Miłości żadney nie mam, y u prostych kmieci.
Bo dzieci radziby mie co narychley zbyli,
Aby tym rychley po mnie w dobrach moich żyli.