Станаўленне польскамоўнай паэзіі ў полілінгвістычнай літаратуры Беларусі эпохі Рэнесансу
- Автор: Кавалёў Сяргей
- Год: 2001
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Станаўленне польскамоўнай паэзіі ў полілінгвістычнай літаратуры Беларусі эпохі Рэнесансу». Краткое содержание книги:
Час надзіва літасціва абыйшоўся са спадчынай Я. Пратасовіча, да нас дайшло ажно шэсць кніг паэта – значна больш, чым ведaў К. Эстрэйхер і іншыя польскія бібліёграфы ХІХ - пачатку ХХ ст. Калі зыходзіць з колькасці выдадзеных кніг, можна падумаць, што Я. Пратасовіч быў адным з самых пладавітых паэтаў Княства эпохі Рэнесансу. Але на самой справе аб’ём ягонай друкаванай спадчыны невялікі: каля 120 старонак (прыкладна, як вершаваны трактат М. Стрыйкоўскага “Ганец Цноты”). Храналогія выдання ягоных твораў выглядае наступным чынам: 1595 – першы, 1597 – чатыры наступныя, 1608 – апошні. Наколькі нам вядома, ніводнаму з калегаў Я. Пратасовіча не ўдавалася на працягу года выдаць ажно чатыры кнігі; гэта ўвогуле выключны выпадак у тагачаснай літаратурна-выдавецкай практыцы. Чым тлумачыцца творчы выбух 1597 г. – нечаканым збегам акалічнасцяў, падтрымкай прыяцеляў-мецэнатаў, добразычлівасцю друкара Я. Карцана – невядома. Яшчэ больш дзіўна выглядае дзесяцігадовае маўчанне паэта пасля такога выдавецкага поспеху.
Дэбютаваў Я. Пратасовіч сціплым віншавальным вершам з нагоды шлюбу Януша Скуміна з Барбарай Нарушэвіч: “Paranimphus” (Вільня, 1595). Як сведчыць назва верша, паэт выконваў на вяселлі пачэсную ролю свата (гр. “paranimphus” – сват, дружка). У ягоныя абавязкі ўваходзіла падводзіць жаніха да алтара, кіраваць парадкам цырымоніі і першаму прамаўляць віншавальнае слова. Калі б Я. Пратасовіч на самой справе не з’яўляўся сватам, ён вымушаны быў бы выдаць верш ананімна: так вымагала традыцыя напісання матрыманіяльных твораў (Mroczek 1989; Ślękowa 1991).
Вершаваная прамова Я. Пратасовіча вылучаецца прадуманай кампазіцыяй і прыгожым, хаця простым стылем, адпавядае важнейшаму патрабаванню рыторыкі: спалучае ў сабе яснасць, выразнасць і змястоўнасць. Нагадаўшы ў невялічкай прадмове пра сваю ролю і абавязкі, аўтар-прамоўца просіць гасцей з прыхільнасцю выслухаць ягоныя словы і па чарзе звяртаецца да бацькоў маладых (просіць іх блаславіць сына і дачку), да жаніха з нявестай (жадае ім дачакацца не толькі дзяцей, але ўнукаў ды праўнукаў) і да прысутнай на вяселлі моладзі (тлумачыць мэты хрысціянскага шлюбу і заклікае хлопцаў хутчэй узяць прыклад з Януша).
У адрозненні ад Я. Каханоўскага, які свой шаферскі верш “Dziewosłąb” насыціў антычнымі вобразамі і алюзіямі, Я. Пратасовіч абапіраецца, у асноўным, на біблейскія матывы: напрыклад, пароўноўвае Фёдара Скуміна, які аддаў свайго сына ў рукі Барбары, з ... Аўраамам, які збіраўся ахвяраваць свайго сына Богу. Толькі ў фінальнай частцы верша, запрашаючы гасцей заспяваць і патаньчыць, Я. Пратасовіч згадвае бога Апалона і іншых міфалагічных персанажаў, але заклік узняць келіхі за здароўе маладых падмацоўвае не згадкаю пра Бахуса, а спасылкаю на аўтарытэт Саламона:
Przy czym też y trunek mierny nie zawadzi,
Wszak i Salomon mądry o tym znacznie radzi.
Przeto y mnie po pracy daycie wina czasze,
Ktorą chętnie wypiję iuż za zdrowie wasze.