Мінскі напрамак. Том ІІ
- Автор: Мележ Иван Павлович
- Год: 1958
- Язык: белорусский
- Год: Дзяржаўнае выдавецтва БССР рэдакцыя мастацкай лiтаратуры
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Мінскі напрамак. Том ІІ». Краткое содержание книги:
Назіраючы за боем, генерал-маёр заўважыў, што полк Сібірака прыпыніўся.
— Чаму затрымліваешся? — запытаў яго незадаволена камандзір дывізіі.
Падпалкоўнік адказаў, што яго затрымлівае батальён Паўлоўскага, які вядзе бой з гітлераўцамі, што заселі ў вялікім доме.
— Дом добры...— нечакана пачуў генерал.— Паўлоўскі не хоча разбіваць яго снарадамі...
Шчарбацюк хвіліну маўчаў. Потым папрасіў, каб яго звязалі з Паўлоўскім.
— Ну, раскажы, што там за дом? Добры!.. Ну, што ў ім добрага? Колькі, скажы, паверхаў? Тры паверхі?.. Школа была? Адкуль гэта ведаеш, друг мой? Па выгляду? Што, вокны шырокія?
У твары Шчарбацюка паявілася штосьці дзіцячае, цікаўнае.
— Значыць, дом добры і школа?
Ён задумаўся.
— А зможаш ты ўзяць дом так, каб... не разбіваць снарадамі і людзей не загубіць марна?
— Думаю, што вазьму...
Генерал-маёр запытаў, колькі на гэта патрэбна будзе часу, і дазволіў. Толькі загадаў, каб не марудзілі.
Прайшло, мусіць, з паўгадзіны, як генерал-маёру далажылі, што дом выратавалі, што забітых у штурмавой групе няма. Байцы, сказаў Сібірак, узлезлі па вадасцёкавай трубе на трэці паверх і адтуль пачалі спускацца ўніз, ачышчаючы дом ад нямецкіх кулямётчыкаў і аўтаматчыкаў...
— Хто там з іх асабліва?.. Павіншуй ад мяне са «Славаю», а камандзіра са «Звёздачкай».
Яшчэ ішоў бой, а Шчарбацюк, выклікаўшы да тэлефона свайго намесніка па тылу і камандзіраў палкоў, загадаў падрыхтавацца да «дарогі».
— Адразу, як толькі скончым, выступаем. Без затрымкі!..
3...
Паўдня перабіраліся цераз балотца. Увесь вечар, зрэдку спыняючыся, хутка ішлі. Толькі пад поўнач, калі прыехалі ў вялікае маўклівае сяло, прышла каманда зрабіць прыпынак, адпачыць, і малодшы лейтэнант спыніў узвод.
Юрый з асалодай выпрастаў налітае стомаю цела. Нарэшце, ён можа паспаць. Паспаць спакойна цэлую гадзіну, ды яшчэ на саломе ў хаце.
Сержант узбег на ганак, адчыніў дзверы. Пасвяціўшы запальнічкаю, ён акінуў позіркам пакой. Тут было пуста і няўтульна, але Юрыю вельмі хацелася спаць, ён ведаў, што і камандзір, і байцы хочуць толькі аднаго — хутчэй паваліцца спаць. Што яму да ўтульнасці!
Сержант загадаў салдату, які ўвайшоў пасля яго, пашукаць саломы ці сена:
— Хутка. Як куля!
Праз хвіліну салдат унёс у хату абярэмак сена: яно было ў хляве на палацях.
Сержант запаліў баначку з гаручым рэчывам, якая цьмяна асвятліла пакой, і, падгарнуўшы пад галаву сена, разаслаў шынель.
Праворны, які ўвайшоў неўзабаве, быў таксама змораны і, ступіўшы ў пакой, не здымаючы ботаў, адразу зваліўся на сена.
— Пабудзі, Шарыфутдзінаў, праз гадзіну,— сказаў ён ефрэйтару, прызначанаму ў варту.— Ды глядзі, каб на пасту не драмалі! Эх, ногі гудуць!..— ён соладка пазяхнуў і прыкрыўся палой шыняля.
У гэтую хвіліну ў пакой ускочыў салдат.
Ён падышоў да Шарыфутдзінава і трывожна выдыхнуў:
— Немцы!..
— Дзе?! — ціха, але ўстрывожана запытаўся ефрэйтар.
— Тут — у суседнім пакоі...
— За сцяной?
— З двара ўваход...
— Што яны... робяць?
— Спяць.
— Дык чаго ж ты крычыш? — незадаволена прамовіў ефрэйтар.— Эх ты!.. Чалавек — галава, два вухі!
Ён спакойна зняў з пляча аўтамат і, рашуча бліснуўшы вузкімі вачыма, падаўся да дзвярэй; салдат кінуўся за ім. Але на парозе ён прыпыніўся, падумаўшы, што трэба папярэдзіць камандзіра ўзвода.
Ён азірнуўся і ўбачыў, што малодшы лейтэнант ужо не спіць. Пачуўшы хуткія, неспакойныя крокі салдата, Праворны, адольваючы санлівасць, мімаволі прыслухаўся: ці не да яго? Можа, распараджэнне якое? Ён улавіў словы: «Немцы!.. Тут...»
Праворны парывіста ступіў да салдата:
— Дай аўтамат! Скажы Шарыфутдзінаву, каб не спяшаўся!..
— Вы б не ішлі, таварыш малодшы лейтэнант... Мы самі!
Праворны не адказаў. У хвіліны, калі пагражала небяспека, ён станавіўся маўклівым і хуткім.
— Колькі іх? — запытаўся Юрый у аўтаматчыка.
— Не разгледзеў... Чалавек, думаю, сем...
Праворны і Юрый вышлі на двор, дзе іх чакаў
Шарыфутдзінаў. Навокал, як і раней, панавала цішыня і цемра, але цяпер яны быццам таілі ў сабе штосьці пагрознае. Усе мімаволі насцеражыліся. Каля дзвярэй стаяў яшчэ адзін салдат. Праворны, запытаўшыся, ці не заўважылі тут поблізу нямецкіх вартавых, падышоў да дзвярэй і першым ступіў у цёмныя сенцы, левай рукой звыкла вымаючы з кішэні ліхтарык. Следам за ім увайшлі Юрый, Шарыфутдзінаў і салдат.
Праворны ірвануў сенечныя дзверы да сябе. Яркі прамень яго ліхтарыка пабег па падлозе, потым пераляцеў на бочку, абмацаў куты. У сенцах было пуста.