Мінскі напрамак. Том ІІ
- Автор: Мележ Иван Павлович
- Год: 1958
- Язык: белорусский
- Год: Дзяржаўнае выдавецтва БССР рэдакцыя мастацкай лiтаратуры
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Мінскі напрамак. Том ІІ». Краткое содержание книги:
Самалёт упаў за ляском, на тым баку.
Прасачыўшы за гэтым боем, які ішоў, здалося яму, бясконца доўга і за час якога было збіта яшчэ два нямецкія і два нашыя самалёты, Шчарбацюк выклікаў свайго намесніка па тылу і папрасіў далажыць, дзе цяпер яго машына і абозы. Аказалася, адзін абоз наткнуўся на групу гітлераўцаў, і яны захапілі некалькі павозак...
Генерал-маёр пры гэтай вестцы густа барвова пачырванеў, жылы на яго твары набухлі. Ён кіпеў ад гневу,— пачынаўся «выбух».
— Шляпы! — вылаяўся генерал-маёр. Рэзка прайшоўшы туды-назад па беразе, ён загадаў: — Усе тылы падцягнуць да моста i' да дванаццаці трыццаці пераправіць.
— Ёсць, таварыш генерал.
Панура маўклівы, з намаганнем стрымліваючы гнеў, генерал пайшоў да ракі. Ён сеў у рыбацкую лодку,— салдаты адразу ўзмахнулі вёсламі.
2...
Калі дывізія пераправілася цераз Бярэзіну і прарвала ўмацаванні гітлераўцаў, Шчарбацюк павярнуў яе на поўнач і павёў усцяж ракі. Такі быў загад камандуючага арміяй.
Дывізія павінна была як мага хутчэй прабівацца да Барысава.
Ад камандуючага арміяй Шчарбацюк ведаў, што з поўначы да Барысава падыходзяць танкі і пяхота.
— Шчарбацюк, я зноў баюся за цябе! — далікатным, уедлівым голасам паведаміў разам з гэтым камандарм.— У цябе назіраюцца некаторыя трывожныя сімптомы...
Камандзір дывізіі пакрыўджана, гнеўна пачырванеў: «Зноў сімптомы!.. Зноў баіцца, вечна баіцца! Адна песня...»
— Паспяшайся, Шчарбацюк,— дадаў яму напаследак камандуючы.— А то паспееш — к самаму канцу!..
— Не спазнюся,— адказаў генерал-маёр.
Дывізія рушыла да Барысава. Збіла некалькі варожых заслонаў. Байцы, стомленыя бяссоннай ноччу, ішлі па гарачай пыльнай дарозе, неслі на сабе мінамёты, бранябойкі, кулямёты, скрынкі з мінамі і патронамі...
Перад вечарам пераправіліся з боем цераз рэчку Плісу, якая недалёка ад горада ўліваецца ў Бярэзіну, а ў прыцемку наблізіліся да Барысава.
У горадзе ўжо ішлі баі. Яны ішлі і ў старой частцы горада, і ў Новым Барысаве, якія падзяляла Бярэзіна. Дывізіі Шчарбацюка выпала вызваляць паўднёвую частку Нова-Барысава, раён вакзала.
Дывізія пачала бой без перадышкі, адразу, як толькі падышла да першых хат. Гітлераўцы, што заселі ў прывакзальных пабудовах, дотах, руінах, спаткалі пехацінцаў вельмі моцным агнём.
У сасняку, дзе выбраў генерал-маёр камандны пункт, раз-по-раз ірваліся снарады і міны, але камандзір дывізіі не звяртаў на гэта ўвагі,— яго непакоіла тое; што батальёны, штурмавыя групы запыніліся.
Стоячы з групай афіцэраў на ўскраі, сасняку, генерал-маёр пазіраў на горад, у якім уздымалася некалькі пажараў. За цёмнымі будынкамі чулася страляніна, выбухі, гурчанне машын. Страляніна даходзіла і здалёку, з другога боку горада.
За Бярэзінай таксама не сціхаў бой.
— Нашы падышлі да ракі...— прамовіў, як бы адгадваючы думкі генерала, ад'ютант.— Эх, шкада, што гітлераўцы ўправіліся ўзарваць мост.
— Так... шкада...
Шчарбацюк сказаў гэта такім тонам, што адчувалася — камандзір дывізіі нечым вельмі занепакоены.
Ад'ютант раптам заўважыў, што генерал штосьці мармыча,— ён прыслухаўся і разабраў:
А канагона маладога вязуць з разбітай галавой...
Генерал яшчэ прамармытаў-праспяваў некалькі слоў, потым плюнуў, нібы адплёўваючыся ад назойлівай мелодыі.
Ён быў незадаволены, і ад'ютант добра ведаў чаму: прыходзіцца стаяць на месцы.
А тут якраз пазваніў камандуючы арміяй, просячы паведаміць, як справы ў дывізіі. Шчарбацюк далажыў, што пачаў бой за горад, але пакуль дзейнічае на подступах да станцыі, дзе гітлераўцы трымаюцца асабліва моцна. Камандуючы не сказаў ні слова незадавальнення за тое, што дывізія затрымліваецца,— нават пахваліў, што хутка пераправіліся і падышлі да горада. Гэтая пахвала падзейнічала на генерала, як папрок.
Шчарбацюк папрасіў выклікаць да тэлефона Сібірака.
— Ну што ў цябе? Усё па-ранейшаму?
Камандзір палка адказаў, што гітлераўцы не адыходзяць.
— І што ты думаеш, сэрца маё, рабіць? Страляць датуль, пакуль адступяць?
Ласкавасць зараз у яго была такая, што ўсе, хто ведаў натуру генерала, адчувалі, што вось-вось можа зноў пачацца выбух гневу.
— Хачу паспрабаваць абыйсці іх злева...— адказаў падпалкоўнік.
— Ты ўсё спрабуеш?
— Там у мяне ўжо дзейнічае штурмавая група.
— Падварушы. Ды хутчэй. Не марудзь!
Задачу гэту камандзір палка даў штурмавой групе Праворнага,
Малодшы лейтэнант з чатырнаццаццю байцамі, сярод якіх быў і сержант Туравец, зайшоўшы на левы фланг палка, паўзком прабіраўся цераз насып, цераз рэйкі. Не вельмі далёка палаў пажар, але святло яго закрывала нейкая разбураная сцяна, ад якой на насыпе ляжаў шырокі цень.