Станаўленне польскамоўнай паэзіі ў полілінгвістычнай літаратуры Беларусі эпохі Рэнесансу
- Автор: Кавалёў Сяргей
- Год: 2001
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Станаўленне польскамоўнай паэзіі ў полілінгвістычнай літаратуры Беларусі эпохі Рэнесансу». Краткое содержание книги:
Неадпаведнасці зместу асобных вершаў рэальнай гістарычнай сітуацыі і зместу іншых вершаў прасцей за ўсё было б вытлумачыць недаглядам аўтара, які не здолеў парадзіць з мастацкім часам у творы. Але ўважлівае знаёмства з вершамі “Патрыёта...” прыводзіць да высновы, што гэта – не так, і што часавыя неадпаведнасці ў значнай ступені вынікаюць з агульнай канцэпцыі кнігі. Мы маем дачыненне з унікальнай гістарычнай геаграфіяй Вялікага Княства Літоўскага, створанай у паэтычнай форме, з арганічным спалучэннем паведамляльных, апісальных і экспрэсіўна-эмацыянальных элементаў.
На скаргі і справядлівыя папрокі Літвы адказваюць яе дзеці: гарады і землі, якія ўваходзяць альбо калісьці ўваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага. У невялікіх вершах як у магічных люстэрках адбіліся асаблівасці гістарычнага развіцця розных рэгіёнаў краіны. Жамойцкае стараства згадвае пра сваю шматвяковую барацьбу з крыжакамі, Валынь – пра бітвы з татарамі і прымусовае далучэнне да Польшчы, Падляшша – пра яцвягаў і вынікі Люблінскай уніі, Віцебск і Орша – пра змаганне на перадавых рубяжах з Масквой, Рэчыца і Мозыр наракаюць на казацкія набегі... Усе яны суцяшаюць маці-Літву, запэўніваюць яе ў сваёй любові і абяцаюць дапамогу ў цяжкую гадзіну. А землі, якія некалі знаходзіліся ў сферы палітычных уплываў вялікіх князёў літоўскіх, а цяпер належаць іншым дзяржавам, выказваюць спадзяванне вярнуцца пад крыло Літвы. Нават Пскоў і Ноўгарад, якія былі некалі незалежнымі і не схіляліся ў паклоне ні перад Літвой, ні перад Масквой, трапіўшы ў маскоўскую няволю, чакаюць вызвалення з боку Княства (добрае веданне рэальнай гісторыі ўтварэння Маскоўскай дзяржавы спалучалася, як бачым, у аўтара вершаў з палітычнымі фантазіямі).
У кожнага з рэгіёнаў, якія выступаюць з прамовамі да маці-Літвы, свая гісторыя і свая палітычная пазіцыя, свой умоўны мастацкі час (адны прамаўляюць з мінуўшчыны, другія – у разгар вайны з Масквой, трэція – пасля падпісання міру). Такая разнастайнасць стварае ўражанне паліфаніі, наяўнасці сапраўднага дыялогу ў творы (вядома, яшчэ не ў бахцінскім разуменні гэтага паняцця (Бахтин 1975: 526 - 528), але ўжо далёкіх ад аднамернасці і схематызму “Дыялогу літоўскага шляхціца...”). У “Патрыёце...” прысутнічаюць элементы мастацкай гульні, пераўвасаблення паэта ў тых, каму ён дае слова, нават калі ён, як патрыёт Літвы, ім не сімпатызуе. Напрыклад, перакопскія татары хваляцца сваімі набегамі на Княства:
Ospałe Chrześciany często nawiedzamy,
Z ich córkami roskoszy miley zażywamy.
A co się z nich narodzi – daiem obrzezować,
Chcąc w tym Machometowe ustawę zachować.
Gdy podroście, pomoze nam bic Chrześciany,
Chociasz z tey krwie iest miedzy nami wychowany.