Станаўленне польскамоўнай паэзіі ў полілінгвістычнай літаратуры Беларусі эпохі Рэнесансу
- Автор: Кавалёў Сяргей
- Год: 2001
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Станаўленне польскамоўнай паэзіі ў полілінгвістычнай літаратуры Беларусі эпохі Рэнесансу». Краткое содержание книги:
Няпроста вызначыць жанр “Патрыёта Айчыны...” Падобных патрыятычных “зваротаў” з’яўлялася нямала ў тагачаснай Рэчы Паспалітай: акрамя згаданага ўжо “Цнатлівага Літвіна” Х. Валадковіча можна назваць сачыненне Ф. Крыскага “Philopolites, to iest Miłosnik Oyczyzny” (Кракаў, б. г.) альбо ананімны “Votum szlachcica polskiego Oyczyzne miłuiącego” (Кракаў, 1596). Звычайна, гэта былі напісаныя прозай публіцыстычныя сачыненні, выдадзеныя як водгук на нейкую канкрэтную палітычную падзею альбо як рэакцыя на негатыўныя – з пункту гледжання аўтараў – тэндэнцыі ў грамадстве. “Патрыёт Айчыны...” Г. Пельгрымоўскага – паэтычнае сачыненне, якое складаецца з 23-х вершаў , непарыўна звязаных паміж сабой тэматычна і кампазіцыйна. Такім чынам, больш правільна казаць не пра зборнік вершаў, а пра вершаваную кампазіцыю, альбо паэтычную дэкламацыю “Патрыёт Айчыны да сенату і дзяржавы літоўскай”, выдадзеную пад адной вокладкай у двух варыянтах: лацінамоўным і польскамоўным. На жаль, факт двухмоўнасці не заўсёды адзначаецца даследчыкамі (Анушкин 1970: 38).
Мастацкая сітуацыя ў дэкламацыі Г. Пельгрымоўскага нагадвае пасяджэненне сенату, у якім бяруць удзел Патрыёт Айчыны (porte-paroles аўтара), Маці-Літва і яе шматлікія дзеці: розныя землі Вялікага Княства Літоўскага (пры чым, не толькі тыя ваяводствы, якія ўваходзілі ў склад дзяржавы напрыканцы XVI ст., але і колішнія ўладанні літоўскіх князёў, і нават сумежныя тэрыторыі). Тэма выступлення Патрыёта і ўсяго “пасяджэння сенату” – заняпад некалі магутнай дзяржавы, абыякавасць грамадзян да лёсу Бацькаўшчыны – традыцыйная не толькі для польскамоўнай паэзіі Беларусі эпохі Рэнесансу, але і для літаратуры ўсіх часоў і народаў увогуле. На пачатку сваёй прамовы Патрыёт згадвае былую веліч Літвы, гераічныя традыцыі продкаў:
Wielowładny to narod Litewski przed laty
Słynął w złoto y męże waleczne bogaty:
Szeroko państwa swego rosciągał granice,
Oyczystych pol warowal, iak oka zrzenice. <...>
Nie obciążał swych oczu snem leniwym ani
Przekażała mu męstwa złych miłości pani.
Kochał się w dobrey broni, cudzoziemskie stroie
Z obyczaymi odrzucał. Dobre były swoie.
Dość narodów y znacznych czołem iemu bilo,
A postrachem Litewskie imie wielom było.
Dzisią wszystko inaczey . <...>