Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0075-7
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
I раптам скамянелыя мае адчуванні ўраз абуджаюцца. Мяне ахінае жах. I гнеў. Гнеў на Сахно. Гэта ён завёў нас на міннае поле! Гад, ён загубіў Кацю! Захлынуўшыся крыўдай, я імкнуся да яго. Але ўвесь мой намер блытае Каця. Па сваіх слядах я бягу да яе. Дзяўчына сутаргава падымае насустрач свой. шырокі, цяпер асабліва непрыгожы твар. Яго перакошвае грымаса болю. Зубы ў яе сцяты. I ўнутры глохне стогн.
— Каця! Кацюшанька! Каця!..
Упаўшы перад ёй на калені, я хапаю яе за плечы. Потым за талію. I раптам разумею: ногі! З пасечанага асколкамі валёнка ліецца на снег цёплая кроў. Другога валёнка зусім няма: Зрэшты, няма і нагі да калена. Страшны, раструшчаны выбухам, мокры цяльпук. Ватныя штаны і полы паўшубка няшчадна пасечаны асколкамі. З дзірак тырчаць хамлакі ваты і поўсць.
Да нас падбягае немец. Ён кідаецца мне памагаць. Дрыготкімі рукамі я прыўзнімаю яе ногі. Але што з імі рабіць? Кроў ліецца па маіх руках, у рукавы, на шынель. Немец таксама занепакоена мітусіцца і лапоча:
— Гефлехт! Гефлехт![5]
Ён совае мне вузенькі раменьчык, і я разумею: трэба накласці жгут. Каця, усё сцяўшы зубы і душачы стогн, закідвае голаў. Але маўчыць. Яе твар увачавідкі бялее і хутка пакрываецца дробненькім высыпам поту.
Мітуслівымі рухамі азяблых рук я з усяе сілы перацягваю над каленам тое, што засталося ад яе нагі. Немец тым часам адшпільвае рэмень ад майго карабіна. Гэтым рэменем мы ўдвух як-колечы абкручваем другую нагу, у валёнку. Тады я ўскідваю галаву. Насупраць, абапёршыся аб калена рукой, сагнуўшыся, стаіць Сахно.
— Ну, ты рады? Ты рады? Ты гэтага хацеў?
Сахно рэзка распрамляецца. Хуценька азіраецца наўкола. I маўчыць. Але я бачу, вочы яго расшыраюцца і неяк дурнеюць, трацячы свой заўсёдны выраз строгай уладарнасці. Ён разгубіўся. Але тут жа нейкім валявым намаганнем перамагае сябе і зноў робіцца ранейшым — суровым і патрабавальным.
— Замаўчы! — з ціхім шаленствам крычыць ён і загадвае: — Бяры Кацю! Жыва!
Я азіраюся. Ну, вядома, трэба ўцякаць. Два выбухі на мінным полі наўрад ці засталіся незаўважанымі. I я падпарадкоўваюся Сахно, ужо ведаючы: на міны мы болей не пойдзем. Абапёршыся на карабін, я ўстаю і нагінаюся. Сахно з немцам узвальваюць на мяне абмяклае цела Каці. Затым яны падбягаюць да Юркі, які, пакорлівы лёсу, цярпліва ляжыць на снезе. Яго бярэ на сябе Сахно. Я не зусім разумею, што ён удумаў. Відаць, не разумее гэтага і немец, якому капітан нешта з надрывам тлумачыць.
Урэшце, відаць, даўмеўшыся, немец улегцы адбягае на паўсотні крокаў і азіраецца. Па ягоных слядах марудна рушыць Сахно. За ім, абапіраючыся на карабін, — я.
Па неглыбокай нізінцы мы брыдзем назад, да чыгункі.
33
Але за чыгункай па шашы едуць немцы.
Мы іх не бачым за насыпам, аднак яшчэ здалёк чуем — мноства машын бясконца тарахціць, гудзе, вые маторамі, сігналіць — імкне з Кіраваграда. Яны адступаюць. Але куды дзецца нам?
На шчасце ці на бяду, нас прытуляе труба.
Мы ўпаўзаем у яе бетонны тунель і знясілена падаем у самым пачатку. Труба шырокая, амаль у рост чалавека. У доле пласт спрасаванага снегу. Дужа ветрана і сцюдзёна. Але з шашы нас тут не відаць.
Апусціўшыся на калені, я звальваю з сябе Кацю. Потым падаю сам і сутаргава аддыхваюся. Ззаду на свежа-натаптаным снезе — дробныя плямы крыві. Полы майго шыняля таксама ў падмёрзлай крыві. Каця проста сцякае крывёю. Вочы яе шырока адкрыты, але зрэнкі ўвесь час падкочваюцца пад павекі. Гэта мяне палохае. Яе трэба перавязаць. Але перавязаць няма чым. Санітарную сумку мы, спяшаючыся, пакінулі ў полі, на месцы выбуху. Каб як-небудзь дапамагчы дзяўчыне, я ўшчэнт акалелымі рукамі пачынаю расшпільваць знізу яе паўшубак. Там таксама ўсё ў крыві. Але Каця чагось сціскаецца, рукамі ўпарта захінае свае полы. Вочы яе спалохана глядзяць на мяне.
Я зноў настойліва расхінаю паўшубак, але яна сціскае калені, падцягвае іх да жывата і заціскае ўсё так — нагамі і рукамі.
5
Жгут! Жгут! (ням.)