Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0075-7
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
Я не разумею яе і запытальна пазіраю на немца. Той, стоячы на каленях, пільна глядзіць у другі канец трубы, дзе з пісталетам у руцэ застыў Сахно. У доле ціхенька, унутрана стогне Юрка.
— Капітан! Капітан! — сцішана клічу я.
Каця раптам пачынае тузацца і матляць галавой — не трэба! Здаецца, я разумею правільна. Але гэта ўжо чорт ведае што!
— Перавязаць трэба! — кажу я. — Ану, пусці рукі!
Прыгнуўшыся, па трубе прабіраецца Сахно. Каця яшчэ болей сціскаецца і дрыжыць усім целам.
— Вось не даецца! Што рабіць?
— Да? — пазіраючы на выхад, няўцямна перапытвае Сахно.
Каця расслабляецца. Шэры цень атуляе яе нядаўна яшчэ чырванашчокі твар. I тут я разумею: яна памрэ! Але гэта дзіка, гэта жахліва! Гэта злачынна і ненатуральна: чаму гіне дзяўчына, калі мы, трое мужчын і салдат, застаёмся жывыя?
— Каця! Каця! Што ж ты робіш? — пачынаю я недарэчна папракаць яе. — Ты што — саромеешся?
Каця перарывіста і цяжка дыхае і моўчкі глядзіць на мяне. Здаецца, яна чуе, толькі гаварыць чамусьці не можа. Пасля позірк яе сунецца кудысьці ўбок і спыняецца на немцу.
У мяне з’яўляецца здагадка.
— Ён? Так? Хай ён перавяжа? Так?
Каця не пратэстуе, толькі неяк працягла выдыхае і расслабляецца. Вочы яе паволі заплюшчваюцца. Я не ведаю, ці гэта згода, ці мо сілы назусім пакідаюць яе. Амаль спалохана я гукаю немца:
— Ком! Перавязаць! Бінтаваць. Фарштэйн?
— Я, я.
Немец пачынае таропка расшпільваць яе шматлікую вопратку, — паўшубак, ватныя штаны, — адхінае скрываўленае, пабітае асколкамі шмаццё. Каця ціха ляжыць, абыякавая да яго дотыкаў, і я пачынаю памагаць яму. Удвух мы бессаромна раскрываем Каціна цела — маладое, акрываўленае, усё ў ранах дзявочае цела, якому ўжо не ачуняць. Гэта я бачу адразу. З першага позірку. I я не магу прымірыцца з недарэчнаю гэтай смерцю. Толькі што я магу зрабіць?
Зрэшты, прыняць смерць тут, напэўна, давядзецца ўсім.
Мы яшчэ не заканчваем перавязку, калі недзе паблізу раздаюцца нямецкія галасы. Сахно з пісталетам у руцэ адразу кідаецца ў дальні канец трубы. Адхіснуўшыся ад Каці, я хапаю ўтаптаны ў снег карабін і падаюся туды ж. Ззаду спрабуе прыўзняцца Юрка.
Угнуўшы галовы, мы прыхінаемся спінамі да настылага бетону трубы і слухаем. Я паціху знімаю затвор з ахоўніка. Раз за разам азіраюся на другі выхад. Там, аднак, пуста. Юрка трымае ў кулаку пісталет і не зводзіць з нас поўнага трывогі позірку. Яго вочы рэзка гараць на блеклым, нейкім ужо не юначым, вельмі засяроджаным на чымсьці сваім твары. Немец у нязручнай паставе насцярожана чакае ля Каці.
Галасы недзе блізка змаўкаюць. Настае цішыня, у якой натужна гудзе, грукаціць шаша. Сахно ціхенька выглядвае з трубы і тут жа рэзка адскоквае. Адразу ж зусім блізка чуецца:
— Вэн вір дзіс цум абэнд фон дэн панцыр ніхт цэркутшт вэрдэн зо шлюфэн вір[6].
I адказ крыху далей:
— Міт дэн обэрстэн дон Маер дурх. Ер швінгст унс лебендзіг абэр тот дацу[7].
Гэта зусім кепска. Яны ля самага насыпу. На дарозе, чуваць, бразгаюць дзверцы кабіны, значыць, машыны стаяць. Але іншыя ідуць. Напэўна, спынілася некалькі. Для чаго?
I раптам мяне прымушае зжахнуцца немец. Наш немец. Яго твар напружана выцягваецца, у вачах не то страх, не то якая рашучасць. Рукі далонямі на снезе, як у спрынтэра на старце. Глядзі, кінецца наўцёк. Я крута павяртаю карабін.
— Хальт!
Немец, няўцямна ўслухоўваючыся, кідае на мяне боязны позірк і апускаецца. Ногі яго расслабляюцца. Чорт, пэўна, яго трэба б прыстрэліць… Ды страляць нельга.
I тут усё адтуль жа, ад насыпу, далятае новы гук — слабенькі бразгат салдацкае спражкі. Аглушаны крыўднай здагадкай, я асцярожна выглядваю. Так і ёсць. Зрабіўшы сваю справу ў кювеце, два немцы таропка ідуць да шашы. На хаду зашпільваюць амуніцыю. Яны абвешаны шпулькамі з кабелем. Пэўна, знімалі сувязь.
Раптоўна страціўшы сілы і хістаючыся, я паўзу да Каці. Ля яе падаю ў снег. Пасля, саўладаўшы са сваімі пачуццямі, узнімаю галаву. Каця памірае. Я ведаю, як паміраюць людзі, і, бадай, не памыляюся. Яна напружваецца, тузаецца, выдыхае. Галава яе цяжка перакочваецца на разматляных русых валасах. Вочы напаўадкрыты. Рукой яна разы два махае ля твару, нібы адганяе мух. I раптам кажа:
— Адыдзі. Не цямні.
Мяне гэта здзіўляе. Так цвяроза і так выразна! Міжвольна я азіраюся. Хто цямніць? Я? Ці немец? А яна зноў кажа:
— Міця! Міценька! Цёмна вельмі…
— Каця!
Але яна выдыхае і сцішваецца. Вочы яе спыняюцца на чымсьці ўгары і гаснуць. Абапёршыся на руку, я сяджу побач. З другога боку сядзіць немец. Твар у яго скамянеў. Ён увесь у слыху. I не дзіва: праз дзвесце метраў свае. Ён можа закрычаць, і тады нас усіх схопяць. Але ён не крычыць. Мне нават здаецца, што ён не меней за нас баіцца.
6
Калі нас да вечара не раздушаць танкі, то праскочым. (ням.)
7
З оберстам Майерам праскочым. Ён нас прымусіць, жывых ці мёртвых. (ням.)