Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
1 ... 79 80 81 82 83 84 85 86 87 ... 268
Перейти на страницу:

А мне ўжо, бадай, нічога і не страшна. Смерць Каці мяне ашаламляе. Колькі ўжо загінула на маіх вачах — знаёмых і невядомых, але я ніколі не раскісаў так. Мо таму, што яны былі мужчыны і салдаты. Як-ніяк я быў падрыхтаваны да думкі, што яны могуць загінуць. Смерць на вайне — рэч дужа звычайная. Але чаму памірае гэта дзяўчына? Хто яе паслаў на вайну і чаму? Хіба сама папрасілася? Але што яна ведала аб ёй? Тое, што пісалі газеты: гераізм, патрыятызм. А памірае ў нейкай трубе, па недарэчным выпадку расшкуматаная мінай. I мы не можам ёй памагчы. Ды і навошта яна тут? Хіба ў нас мала мужчын? На перадавой, у тылах, у краіне наогул? На кожны дзесятак у ланцугу — добрая сотня ў бліжніх тылах. I якіх мужчын! Дужых, пісьменных, свядомых.

— Дакументы забралі? — пытаецца Сахно і ўкленчвае побач.

Я не адказваю. Каму што, а гэтаму найперш — дакументы. Яму галоўнае — выканаць фармальнасць. Дакументы — вайсковая тайна. Яна не павінна трапіць да ворага. Але што ў тых дакументах? I каму яны цяпер патрэбны? Яе жыцця ён не бярог, а пра нейкія паперкі столькі клопату…

Сахно тым часам запускае руку пад Кацін паўшубак і доўга там шарыць. Я на яго не гляджу. Без злосці я не магу бачыць гэта. Добра, што яна мёртвая і ёй усё роўна. А была б жывая, напэўна стала б у гэтага капітана бітая морда…

Дастаўшы з нагруднай кішэні чырвонаармейскую кніжку, Сахно зазірае ў яе.

— Шчарбенка Кацярына Іванаўна. Вядомае прозвішча, — са з’едлівай ухмылкай паведамляе ён.

Я напружваю памяць. Сапраўды, прозвішча і мне здаецца знаёмым. Толькі дзе я яго чуў? Я запытальна гляджу на Сахно. Той запіхвае ў кішэню яе дакументы і заўважае мой позірк.

— Не прыпамінаеце? Пэпэжэ камбата Маскалёва. З дзевяноста дзевятага, — кажа ён і ідзе ў той канец трубы. — Загад па дывізіі быў.

Падобна на тое, што гэта яго забаўляе. Што яна пэпэжэ і што быў загад наконт яе недазволеных адносін з камбатам Маскалёвым. Ён рады, што хоць пасля смерці знайшоў, чым папікнуць яе.

— Ну і што? — ледзьве стрымліваючы сябе, пытаюся я.

Сахно, азірнуўшыся, бліскае з-пад броваў сваім праніклівым позіркам, і я зрываюся:

— Ну і што? Калі і пэпэжэ? Ну і што?

— Замаўчыце! Вы што — ачумелі?

Ён знерухомлівае, утуліўшы голаў, і ўнутры ў мяне ўсё ападае. Я ледзьве валодаю сабой. Пэўна, ён мяне давядзе да шаленства. Я не магу яго бачыць… Дзіва, якія мы розныя людзі! Афіцэры адной арміі. Грамадзяне адной краіны. Чорт яго ведае, чаму так? Чаму суседства вось гэтага лакеяватага немца мне лягчэй стрываць, чым яго?

А немец тым часам устае і ідзе да Сахно. Я ўжо заўважыў, што з нядаўняга часу ён наогул стараецца трымацца бліжэй да капітана. Мной ён быццам ужо і грэбуе. Жэстыкулюючы кастлявымі рукамі, ён кажа нейкую доўгую фразу. Сахно пасуровелымі вачыма няўцямна ўстаўляецца ў яго і ўзмахвае пісталетам.

— Ану, назад! Назад!

Немец адступае, але ўсё яшчэ нешта стараецца давесці капітану. Той, вядома, не разумее, але насцярожваецца.

— Што ён кажа? — упаўголаса пытаецца ён у мяне.

— Ён жа вам кажа. Вось вы і зразумейце.

Капітан хмурыцца.

— Ну, ведаеш!.. Я інстытутаў не канчаў. Гэтай брыдоце не вучыўся.

Вядома, гэтай «брыдоце» ён не вучыўся. Чаму ён наогул вучыўся? У школе я таксама не захапляўся нямецкай мовай, але гора і вайна ўсяму навучаць. Некалькі слоў з фразы немца я ўсё ж разумею, пра астатнія здагадваюся. Немец даводзіць, што трэба некуды ўцякаць, бо калі пачнецца штурмоўка (шляхтангрыф), дык салдаты (лёс рэннен дэцкунг) — пабягуць сюды, у сховішча.

Гэта падобна на праўду. Але хай пачынаецца штурмоўка. Дрэнна, калі штурмавікі не наляцяць і калона прарвецца з Кіраваграда. А можа, і добра. Прынамсі, для нас, Чорт ведае што, робіцца ў маёй галаве. Я ўжо не магу разабрацца, што добра, а што дрэнна.

Немец нявесела вяртаецца ад капітана і моўчкі садзіцца ля Юркі.

— Вось наляцяць «ІЛы» і зробяць з вас мясакамбінат! — не хаваючы свае злосці, кажу я немцу.

Той, нечакана згаджаючыся, ківае галавой:

— Я, я.

Гэта мяне злуе яшчэ больш. Скажы, якая пакорлівасць! Можа, гэты фрыц зараз скажа, што ён камуніст? Што з калыскі быў супраць Гітлера? Бывала ж такое. Сорак чацвёрты — не сорак першы. Самыя гарачыя нацысцкія галовы паспелі ўжо прастыць.

— Мы вас перадушым, як вошай! Разумееш? Як лёйзы — к ногцю! — красамоўна паказваю я рукамі. — Варум гебт аух ніхт гефанген?[8]

вернуться

8

Чаму вы не здаяцеся ў палон? (ням.)

1 ... 79 80 81 82 83 84 85 86 87 ... 268
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)