Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Серия: Авантуры Пранціша Вырвіча #1
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Редакцыя газеты “Звязда”
- ISBN: 978-985-90277-6-5
- Жанр: Исторические приключения
Электронная книга - «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега». Краткое содержание книги:
І Вырвіч, на жаль, ужо не мог не разумець, што калі яны з чароўнай адважнай Паланэйкай сустрэнуцца пасля, на людзях, яна, хутчэй за ўсё, яго проста не пазнае, або за найвялікшую літасць холадна і ледзь заўважна кіўне галавой з мудрагелістай прычоскай… І нябачны меч зноў пратне сэрца загоннага шляхцюка з блакітнымі вачыма.
Раздзел чатырнаццаты
МІНАТАЎРЫ ПОЛАЦКІХ СУТАРЭННЯЎ
Па дарозе з Менску на Полацак не так шмат заставалася праваслаўных храмаў… А трэба было яшчэ знайсці той, дзе святар правядзе таемны абрад вянчання ўначы, і ніхто з навакольных вёсак не адсочыць.
Але пан Лёднік, уладальнік свежага патэнту на шляхецтва, падпісанага каралём Аўгустам Сасам і прададзенага за тысячу дукатаў ягоным канфідэнтам графам Брулем немаведама каму, упёрся, каб перад небяспечным падарожжам у чарговыя сутарэнні абавязкова асвяціць адносіны з пекнай сяброўкай дзяцінства.
А калі доктар упарціўся, яго можна было забіць, але не адгаварыць.
Свечкі мігцелі, як быццам нейкія мізэрныя істоты, развітваючыся, махалі маленечкімі вогненнымі хусткамі. Цемра па кутах храма ад гэтага здавалася яшчэ цямнейшай, а словы святара пагрознымі… Хаця ён казаў аб вечнай любасці і еднасці душаў. Што Бог з’яднаў, таго чалавек не раз’яднае.
Баўтрамей Лёднік і Саламея Рэніч таксама не выглядалі бесклапотна шчаслівымі, як належала жаніху і нявесце. Яны хутчэй нагадвалі тых, што збіраюцца на смяротную бойку… Хаця так жа і было — паводзіны магнатаў, якія дазвалялі маленькім чалавечкам задавольваць свае капрызы, ды надорвалі іх нечуванымі шчадротамі, прыводзілі на памяць кухараў, што кормяць калядную гусь марцыпанамі, разынкамі ды іншым смакоццем, якое павінна надаць мясу асаблівы прысмак. Вось, калі ласка — дазволілі палачанам абвянчацца, калі Лёднік запатрабаваў. І Пранцысь, які выконваў ролю дружкі ў свайго былога слугі, здагадваўся, чаму Лёдніку закарцела пашлюбавацца. Каб, калі што, Саламея засталася шляхцянкай, бо жонка пераймае званне мужа. Гэтае «калі што» Вырвічу не падабалася.
Над Саламеяй трымала вянец палахлівая прыслуга панны Багінскай. Ганулька час ад часу кідала на Пранцыся ўстрывожаны позірк, але Вырвіч рабіў выгляд, што гэтага не заўважае. Цені рабілі твар Лёдніка зусім змрочным, і Пранціш па-ранейшаму не мог уцяміць, што ў абліччы доктара прыцягвае жаночыя пагляды. Куртуазны мужчына мусіць быць з акуратнымі светлымі кудзерамі, яснавокі, з усмешкай на вуснах і румянкам на шчоках. І ўжо ніяк не такі дзюбаносы…
Саламея, у простай светлай сукенцы, павярнулася да жаніха, і трошкі-трошкі ўсміхнулася, ямінка ўтварылася толькі на левай шчацэ, і за гэтую ямінку кожны не сляпы мужчына гатовы быў бы аддаць… ну калі не жыццё, то ўсё іншае. За што доктару дасталася такая кабета? Барон Герман Ватман, відаць, падумаў пра гэта ж, бо гучна ўздыхнуў і выйшаў з маленькай царквы ў глухой вёсачцы між Менскам і Полацкам.
…І ложа, і пошасць адны на дваіх…
І сутарэнні.
На паліцах полацкай аптэкі грувасціліся шклянкі і сасуды так цесна, што між імі нельга было й палец прасунуць. Што цямнела ў некаторых шкляніцах, скруціўшыся ў колцы, віючыся бурымі водарасцямі, Вырвіч нават ведаць не хацеў. А востры пагляд светлых, як блакітны лёд, вачэй аптэкара Лейбы не дадаваў утульнасці, бо здавалася, што аптэкар бачыць наскрозь твае смешныя недахопы, і паблажліва над імі пасмейваецца. Зразумела цяпер, дзе Лёднік набраўся з’едлівасці. Хаця не, у спадара Лейбы была не з’едліваць, а хутчэй мяккая насмешка — і над светам, і над сабой, змяшаная з сумам і спрадвечным фаталізмам. Быццам чалавек раз назаўсёды сабе сказаў: я ведаю, што вакол дрэнь, але ж я нічога не змяню, таму застаецца толькі горка пасмяяцца.
Але на Лёдніка і Саламею аптэкар паглядаў з расчуленымі слязьмі.
— Бутрым! Дзіцятка! Ты жывы! І ты, дарагая мая! Гасподзь заступіўся, няйначай! Прабач, прабач старога баязліўца — я не змог за цябе толкам заступіцца… Хто я такі? Прыкрыкнулі, і ў мяне язык прыліп да зубоў… А на цябе, бедная дзяўчынка, абрынуліся такія сілы, што я думаў — усё… Не пабачу болей твайго анёльскага аблічча… Божа вялікі, Божа усемагутны… Заступіўся!
Аптэкар доўга абдымаўся з Саламеяй і Бутрымам, потым хітра пасміхнуўся:
— Як я рады, што вы разам. Нарэшце ты, Бутрым, уцяміў, што найчысцейшае золата не ў тыглі, а побач, у чароўным вобліку Саламеі Рэніч.