Падары нам дрэва
- Автор: Сипаков Иван Данилович
- Год: 1997
- Язык: белорусский
- ISBN: 985-05-0046-8
- Жанр: Детское фэнтези
Электронная книга - «Падары нам дрэва». Краткое содержание книги:
Зацікавяць чытача таксама прытчы і метафары.
— Не вельмі каб багата, — заўважыўшы, што хлопец разглядае яго келлю, як усё роўна апраўдваючыся, зазначыў Мудрэц. — Але жыць можна. Затое ніхто тут мне не перашкаджае. А там жа не далі б працаваць: кожны вар'ят усюды свой нос суне: а што робіш, а навошта, а з якой мэтай?
Крыху памаўчаў.
— Хаця і тут бывае. Вунь мой сябра, выдатны вучоны. Хваліўся сваёй лабараторыяй. І не ведаў, што як толькі ён уключае рубільнік, да яго адразу ж падключаюць гільяціну: ён міжволі рэжа галовы невінаватым. Як толькі сябра даведаўся пра гэта, звар'яцеў. Яго хуценька забралі на волю. І дзе ён цяпер — не ведаю.
На гэты раз Мудрэц маўчаў доўга. Каб хоць неяк вывесці яго з роздуму, Радзім спытаўся:
— Вы тут жывяце?
— Ага, — схамянуўшыся, адказаў той. — І ты таксама будзеш тут жыць. І будзем мы з табою наперад складаць табліцы мяркуемых патопаў і землятрусаў. Разумееш, я ў нечым памыляюся. Усё, здаецца, разлічу, усё ўзважу і прадумаю. Праз тыдзень будзе патоп! Мы падрыхтуемся, пазачыняемся, чакаем, а патопу няма і няма. Тады кароль і абражае мяне: «Дурань ты, а не Мудрэц!» А пасля, калі ўсе супакояцца, павераць, што патопу не будзе, калі паадчыняюць усе закрыўкі, раптам абрушваецца такі лівень…
Радзім разумеў, што і яму складаць гэтыя графікі таксама будзе цяжка: патоп бывае на завушніцы тады, калі Юля, не зняўшы ўпрыгожанняў, будзе купацца, а як ён угадае, калі ёй захочацца ў ваду?!
Скажам, землятрусы ўгадаць крыху лягчэй. У іхняй вёсцы танцы бываюць раз ці два на тыдзень, звычайна ў суботу, альбо ў нядзелю, вось тады, мусіць, і пачынае ходарам хадзіць зямля пад нагамі ў людзей з краіны За, калі Юля пойдзе, да прыкладу, полечку ці рускага.
А Мудрэц усё скардзіўся.
— Бываюць у нас і гады засухі. Свеціць сонца і свеціць. Не заходзіць зусім. Усё выпаліць, бывае, да голай зямлі. І людзі аж салавеюць ад спёкі. Але я ніяк не магу зразумець перыядычнасць гэтай бяды і прычыну таксама…
Радзім ведаў прычыну. Засуха на Завушніцы, відаць, пачыналася тады, калі Юля здымала ўпрыгожванне і клала яго на падаконнік. А ў акно свяціла сонца! Ён сам, калі часам дакранаўся да завушніцы, дзівіўся, якая яна была гарачая: нельга ўзяцца рукою! Зразумела, як горача тады бывае людзям на ёй — быццам у скварні.
Так пачаліся будні жыцця на Завушніцы. Радзім шкадаваў, што няма побач з ім Оі, якая б, дзякуючы свайму загадкаваму энергетычнаму злепку, магла б расказаць, што зараз робіць Юля і дзе знаходзяцца яны самі. Але дзіцячыя пальцы, якія паасобку садзілі яе і яго на Завушніцу, відаць, развялі іх у розныя бакі, і яны хутчэй за ўсё апынуліся не толькі ў розных месцах, але і ў розных дзяржавах: ён — на За, а яна — ці ў Вуш, ці ў Ні, ці ў Ца.
— Ведаеш, хацеў я разам з табою ўкрасці сюды і тваю дзяўчыну. Але ў мяне гэта чамусьці не атрымалася. Я змушаны быў яе адпусціць.
— Якую дзяўчыну? — не ведаючы, пра каго Мудрэц гаворыць, спытаўся Радзім.
— Ну тую, з якой ты хімію вучыў. Але ўвесь матэрыял раптоўна пачаў супраціўляцца. Упершыню большае не хацела змяшчацца ў меншым, а меншае — не сутыкалася з большым…
Во яно што! Цяпер Радзіму стала зразумела, чаму Юля вярнулася дадому. І яшчэ хлопец здагадаўся, што Вялікі Мудрэц не ведае, што Завушніца, на якой існуе столькі дзяржаў і жыве столькі людзей, належыць не каралю № 121, а ўсяго толькі Юлі, яе вуху.
А як, скажыце, яна можа знікнуць у сваёй жа Завушніцы? На чым тады тая будзе трымацца? Юля пачне змяншацца, а разам з ёю зменшыцца і сама Завушніца, куды дзяўчыне трэба ўваходзіць… Рэбус!
Жыццё на За ішло сваім парадкам. Людзі ўжо прывыклі да Радзіма, яны ведалі, што ён з Мудрацом заняты папярэднімі разлікамі зненавідных стыхійных бедстваў, і цярпліва чакалі вынікаў. Час на За быў не такі, як на Зямлі, але дыскамфорту ад гэтага Радзім не адчуваў.
— Сумуеш па Беларусі? — аднойчы, перапыніўшы працу, ні з таго ні з сяго спытаўся раптам Мудрэц.
— Сумую, — шчыра прызнаўся Радзім.
— Я гэты час многа цікавіўся тваёю Радзімаю. Прагледзеў усе крыніцы, якія толькі былі ў нас, — Мудрэц крыху памаўчаў, падумаў і, уздыхнуўшы, сказаў: — Прыгожая і добрая яна, твая радзіма, — і дадаў: — Па такой нельга не сумаваць…
У Радзіма аж зашчаміла сэрца — радасна, калі вось так чужыя людзі гавораць пра твой край.
Яму ж, шчыра кажучы, пакуль што не было калі сумаваць: за гэты, як яму здавалася, кароткі час ён пабываў у столькіх экзатычных краінах, пабачыў столькі людзей і пазнаў столькі дзіваў, што і пра радзіму, і пра сваю вёску яму не было калі ўспамінаць. І ўсё ж вось зараз, як толькі Мудрэц загаварыў пра гэта, у Радзіма затрымцела душа і ён адчуў, як стаміўся ад змушанага падарожжа.