Падары нам дрэва
- Автор: Сипаков Иван Данилович
- Год: 1997
- Язык: белорусский
- ISBN: 985-05-0046-8
- Жанр: Детское фэнтези
Электронная книга - «Падары нам дрэва». Краткое содержание книги:
Зацікавяць чытача таксама прытчы і метафары.
Ды і агледзецца таксама не паспеў — адразу ж адчуў, што з ім штосьці адбываецца. Здаецца, ён зноў пачаў змяншацца — зразумеў гэта па тым, што ўсё вакол яго вырастае памерамі, а ён сам нібыта ўплішчваецца — усё глыбей і глыбей — у завушніцу.
Успомніў, колькі ён ужо за час сваіх прыгод змяншаўся: нават, калі, здавалася, змяншацца не было куды і не было як, усё роўна знаходзілася такая магчымасць. І дзіўна, чым болей Радзім змяншаўся, тым здаваўся самому сабе яшчэ больш вялікім і моцным.
Не, гэта яму не толькі здавалася, гэта было на самой справе: чым меншым ён цяпер рабіўся, тым большым выглядаў сярод усяго, што ўзнікала вакол яго. Асабліва такое стала відавочным, калі ён раптам апынуўся — як усё роўна саскочыў аднекуль туды — у якімсьці вялікім і тлумным горадзе, сярод невядомых яму людзей. Радзім быў завялікі і для людзей, і для дамоў — гараджане, што мітусіліся, як мурашкі, пад нагамі, задзіралі галовы і глядзелі на яго, як на нейкае дзіва.
О гэтая скрыўленасць часу і прасторы, гэтае другое, ці ўжо трэцяе вымярэнне! Толькі што ён быў маленечкаю кузуркаю сярод веліканаў, ніяк не мог перайсці ад краю і да краю чаравік, не мог убачыць цалкам чалавека, а зараз ужо на яго самога глядзяць як на волата і, мусіць, прыкідваюць, ці ўдасца з ім як-небудзь паразумецца.
Падумаў: вось і цяпер нехта хутчэй за ўсё пазірае на завушніцу, але не ўяўляе, нават сцяміць не можа, што на ёй ёсць гарады і мітусяцца людзі. Ды ён і сам раней не думаў пра гэта, а каб хто сказаў такое, абурыўся б: завушніца, як завушніца, пра якое жыццё на ёй вы гаворыце?!
На шчасце, ніякіх непаразуменняў з гэтымі людзьмі ў Радзіма не ўзнікла. Да яго зусім блізка падышоў нейкі чалавек, зірнуў знізу ўверх, пачаў штосьці гаварыць.
Але хлопец нічога не чуў. Тады незнаёмец, зразумеўшы, што стараецца ён марна, палез рукою за спіну і нібыта ўключыў якую кнопку. І на вачах пачаў расці, шырыцца, таўсцець — як усё роўна яго надзімаў хто. Неўзабаве ён зраўняўся ростам з Радзімам. Руку, што націскала кнопку, сунуў у Радзімаву далонь, прывітаўся:
— Здароў.
— Здароў! — адказаў яму Радзім.
— Ну як?
— Аніяк, — усміхнуўся хлопец.
Чалавек гэты быў такі свойскі, і гаварыў ён так проста і нязмушана, быццам яны ведалі адзін аднаго вельмі даўно. Тварам і паставаю ён быў падобны на Кастуля, губашлёпавага бацьку, гаваруна і кампанейскага дзядзьку, і таму Радзіму было проста з ім гаварыць — якраз так бы ён гаварыў з любым вясковым мужчынам.
— Вітаю цябе, хлопча, у вар'яцкім доме! — між тым усміхнуўся яму новы знаёмы.
— Дзе, дзе? — перапытаў Радзім. — У вар'яцкім доме, кажаце?
— Ага. Але ты вельмі не перажывай і не палохайся, — убачыўшы, што хлопец змяніўся з твару, збляднеў і наструніўся, супакоіў яго дзядзька. — Тут сабраны лепшыя людзі нашай краіны. А сапраўдныя вар'яты якраз на волі, там, за сценамі нашага дома.
Радзім аглядзеўся, абвёў вачыма збудаванні.
Гэта і праўда, мусіць, быў вар'яцкі дом. Ён вельмі ж нагадваў турму: адгароджаны ад астатняга свету тоўстымі, высокімі, цаглянымі сценамі, паверсе якіх ішоў калючы дрот, сам змрочны і няветлівы, ён палохаў сваімі мурамі і скляпеннямі. Убачыўшы, што Радзім яшчэ болей разгубіўся, дзядзька развёў рукамі:
— Даруй мне, хлопча, што я цябе выкраў сюды. Спадабаўся ты мне. А ў мяне якраз няма талковага памочніка. Таму я даўно прыглядаюся да цябе, сачу за табою. Вось мне і здалося, што толькі ты паможаш нам, — дзядзька абвёў позіркам турэмныя сцены, паказаў рукою. — А да іх ты неўзабаве прывыкнеш. Людзі ў нас усе прыстойныя, разумныя. Ты пасябруеш з імі і праз нейкі час не будзеш заўважаць муроў.
— А вы хто тут будзеце? — хоць і па-свойску, але ўсё ж няўпэўнена, нясмела спытаўся Радзім.
— Я? Я тут Галоўным Вар'ятам працую, — адказаў дзядзька і патлумачыў: — Пасада ў мяне такая…
Пачуўшы гэта, Радзім яшчэ болей разгубіўся. Ён не ведаў, як сябе паводзіць з незнаёмцам, што думаць пра яго: ці то дзядзька напраўду нармальны чалавек, якога сілаю схавалі ў вар'яцкі дом, ці, можа, ён на самой справе вар'ят, але гаворыць так, што адразу не разбярэшся, хворы ён ці здаровы.
— Не бойся мяне, хлопча, — убачыўшы Радзімаву разгубленасць, загаварыў да яго дзядзька. — Ніякі я не вар'ят. Такім хочуць мяне бачыць сапраўдныя вар'яты. А тут, за мурамі, вельмі тактоўныя і праніклівыя людзі абралі мяне нават Галоўным Мудрацом.