Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Детское фэнтези » Падары нам дрэва
Падары нам дрэва - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Падары нам дрэва

Электронная книга - «Падары нам дрэва». Краткое содержание книги:

Новая аповесць вядомага беларускага пісьменніка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Янкі Сіпакова — прыгодніцка-фантастычная. Яе галоўны герой нечакана трапляе ў нейкае іншае вымярэнне. Там і пачынаецца яго новае жыццё і прыгоды ў незвычайнай завушніцы, сярод мёртвых робатаў і, урэшце, на невядомай планеце, якая загінула ад экалагічнай катастрофы.
Зацікавяць чытача таксама прытчы і метафары.
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 106
Перейти на страницу:

Янка Сіпакоў Падары нам дрэва

Блуканне па іншасвеце

Пад нагамі ў мурашоў

— Зірні, зірні, што гэта такое? — здзівілася Юля.

Яны сядзелі пад яблыняю на коўдры, пасланай на маладую зялёную траву, і паўтаралі хімію — рыхтаваліся да прадметных залікаў і неўзабаўных выпускных экзаменаў у школе. Але вучыць ужо нічога не хацелася — больш думалася не пра выпускныя, а пра ўступныя экзамены ва універсітэт, куды яны разам збіраліся паступаць: яна — на біяфак, ён — на гістарычны факультэт.

У Радзіма не ўсё было добра з хіміяй, — не, хлопец ведаў яе, але не на пяцёрку — і таму ён вельмі сур'ёзна адносіўся да заняткаў з выдатніцай Юляю, для якой гэты прадмет, здаецца, быў самы лёгкі.

Збіраўся разам з імі ісці яшчэ і Губашлёп — так усе ў школе звалі Юрася Кулету — але яны ўцяклі ад яго ў калгасны сад: Кулета вельмі любіў пагаварыць і з ім наўрад ці ўдалося б адкрыць падручнікі. Але хутчэй за ўсё яны ўцяклі з іншае прычыны — проста ім захацелася пабыць удваіх…

Была надзіва дружная вясна, усё ў прыродзе аж буяла ад цвету — амаль адначасова зацвілі травы, краскі, кусты, дрэвы: над самымі іхнімі галовамі навісалі буйныя ружавата-крамяныя кветкі яблынь, непадалёку пеніліся бела-белыя вяночкі вішань і бела-зеленкаватыя пялёсткі груш, якія пахлі чысцінёю і свежасцю, зводдаль да іх даносіўся п'янлівы водар бэзу і калакалушы, што цвілі ў лагчыне, у надрэчных кустах. Вачам было аж жоўта ад дзьмухаўцоў, з-за якіх, здавалася, не відаць і самой травы, неяк роўна і ціхамірна, пералятаючы з кветкі на кветку, гулі пчолы.

— Ну зірні ж ты хутчэй! — ужо спалохана, нецярпліва закрычала Юля, і тады Радзім, усё яшчэ не спяшаючыся, падняў вочы ад падручніка і зірнуў туды, куды паказвала яна.

Над імі вісела штосьці вялізнае і пачварнае, яно ўвачавідкі рабілася яшчэ большым, яшчэ страшнейшым і яшчэ пагрозлівей махала сваімі вялікімі, нібы пластмасавымі, крыламі.

Хоць ён і адчуў, як, падымаючыся, трашчаць на галаве ад страху кароценькія валасы, якія не паспелі адрасці,— ваенкамат, нібыта ўпэўнены, што хлопец не паступіць, адразу ж пасля экзаменаў намерваўся забраць яго ў армію і загадзя падстрыг пад нулёўку — усё ж імкнуўся не падаваць выгляду, што і яму самому жудавата.

— Дык гэта ж пчала, — няўпэўнена, але спакойна, разважліва адказаў ён, спрабуючы заспакоіць Юлю, а заадно і самога сябе.

— А чаго яна такая вялікая?! Радзічак, мне страшна! — Юля ўскочыла на ногі, схапіла за руку Радзіма, змусіла ўстаць і яго: яны саступілі з коўдры, адбегліся крыху ўбок — абы толькі не вісела, не гуло над самымі галовамі гэтае страшыдла.

Яны, узяўшыся за рукі, як скамянелыя, стаялі на адным месцы, толькі вачыма азіраліся па баках і ніяк не маглі зразумець, што вакол іх адбываецца.

Усё, як звар'яцелае, расло, падымалася ўгору. Выпроствалася і вялізнымі шурпатымі зялёнымі пасамі шыбавала ў неба трава. Да дзьмухаўцоў, нібы да вялікіх сланечнікаў, яны, каб і хацелі, не змаглі б зараз дацягнуцца — перад вачыма былі толькі іхнія тоўстыя, як тое бярвенне, ствалы. Яблыня, пад якою яны стаялі, так вырасла ў неба, што яе галіны хісталіся недзе аж ля самага сонца, а тоненькі яшчэ нядаўна камель зрабіўся суцэльнаю пакарабачанаю, пукатаю сцяною, якая засланіла сабою ўсё на свеце.

Недзе знікла крылатая пачвара, якая іх напалохала, — пчала, мусіць, паляцела сваёю дарогаю. А на тым месцы, зверху, крыху збоку ад іх, высока-высока вісела ўжо, як хмара, нешта вялікае-вялікае, яно засланяла паўнеба, і ў ім цяжка было пазнаць тую коўдру, на якой яны толькі што сядзелі.

Маладая, густая, як шчэць, трава знікла, зрабілася рэдкаю, зараз ад травіны да травіны было так далёка, як у высечаным, прарэджаным лесе ад дрэва да дрэва. Ды і сама трава стала падобнаю на дрэвы: вока ўжо не брала шырокія каснікі лістоў, якія хісталіся так высока. Коўдра ляжала на моцных травінах, якія падпіралі яе, і знізу было дзіўна бачыць, як яна правісае там, дзе травіны зламаліся.

Значыць, усё, што было вакол іх, увачавідкі, імкліва расло, падымалася ўгору, а яны як усё роўна танулі ў зямлю, нібы апускаліся ў яе ўсё ніжэй і ніжэй — быццам уціскаліся ў зусім ужо блізкую глебу. Яна была зараз перад самымі вачыма: пясчынкі, якіх толькі што не заўважалі, крупінкі, што нядаўна рыпелі пад нагамі, павырасталі ў вялізныя валуны і горы рыхлай, сітаватай зямлі — яны былі між іх, як між сапраўдных гор у цясніне, і ад гэтага рабілася яшчэ страшней, пачынала кружыцца галава.

— Радзімачка, што з табою?! — закрычала раптам Юля.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 106
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)