Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка
- Автор: Копыл Илья
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Інстытут Беларускай гісторыі і культуры
- ISBN: 978-9984-897-11-0
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка». Краткое содержание книги:
Ілля Копыл
Гледзячы на тыя падзеі з пазіцыі сённяшняга дня, мне не зразумела, для чаго Сталін, Жукаў, Конеў так напіналіся, каб першымі захапіць Берлін. Па-першае, амерыканцы не збіраліся яго браць штурмам, бо яны пазбягалі вялікіх неапраўданых страт. Па-другое, захапіўшы Берлін, савецкае кіраўніцтва ўсё роўна вымушана падзяліла горад на 4 часткі акупацыі паміж саюзнікамі, паднесла ім яго на сподачку.
Некалькі слоў аб тым, як падпісваўся акт аб капітуляцыі Германіі. Ён быў падпісаны 7 мая 1945 года. З амерыканскага боку акт падпісаў генерал Сміт, з боку СССР — генерал Суслапараў, з боку павержанай Германіі — генерал Йодль. Акт уступіў у сілу ў ноч з 7 на 8 мая. 8 мая радаваўся ўвесь свет. Звесткі дайшлі да Крамля. Там абурыліся. Хто пасмеў свавольнічаць?! Амерыканцы, каб уцешыць Жукава, каб не дражніць звера, не сталі пярэчыць супраць яшчэ аднаго падпісання акта аб капітуляцыі Германіі. З боку СССР падпісаў надменны маршал Жукаў, з боку Германіі — фельдмаршал Кейтэль. Але гэта падзея ўжо не іграла ніякай ролі, ніхто ў свеце, акрамя СССР, яе не заўважыў.
Трэба адзначыць, што Сталін не выказаў асаблівай радасці, што ў вайне з Германіяй пастаўлена апошняя кропка. Ён быў не супраць паваяваць яшчэ, бо вайна з самага пачатку ішла не па яго сцэнарыі. Ён збіраўся першым знянацку, без аб’яўлення вайны напасці на Германію і за кароткі тэрмін дайсці да Берліна. Жукаў і Цімашэнка падрыхтавалі план вядзення вайны. СССР меў шматкратную перавагу над Германіяй у жывой сіле і ва ўзбраенні. Але атрымалася ўсё наадварот. «Лепшы сябра» Сталіна папярэдзіў падзеі, напаў першым і вельмі хутка дайшоў да Масквы.
Пасля Параду Перамогі, які адбыўся ў Маскве ў дажджлівы дзень 24 чэрвеня 1945 года, пра Дзень Перамогі не ўспаміналі 20 гадоў — да 9 мая 1965 года. З гэтага моманту галоўнай дзеючай асобай у Вялікай Айчыннай вайне стаў чарговы генсек ЦК КПСС Леанід Брэжнеў. На яго грудзях з маўклівай згоды сённяшніх ветэранаў пачапілі ордэн Перамогі. Цяпер ужо самай галоўнай вайсковай аперацыяй стаў не штурм Берліна, а высадка дэсанта на бераг Цэмескай бухты каля Новарасійска і захоп там невялікага плацдарма плошчай у 30 кв. км. Плацдарм некалькі разоў наведаў начальнік палітаддзела 18-й арміі палкоўнік Брэжнеў. Як пачалі пісаць гісторыкі, менавіта тая аперацыя была лёсавызначальнай для далейшага ходу вайны!
Як з цягам часу ўсё мяняецца! Бо зараз нам даводзяць, што паваротным пунктам у ходзе вайны была бітва на «Лініі Сталіна» пад горадам Заслаўем на подступах да Мінска, бітва — якой не было.
Які эпізод вайны ні возьмеш — усюды хлусня. Возьмем, прыкладам, блакаду Ленінграда. Не для людской памяці, а па ідэалагічных меркаваннях, для турыстаў, як нейкую выставу, пабудавалі Піскароўскія могілкі. А на тым месцы, дзе праводзіліся самыя масавыя пахаванні, пасля вайны заклалі парк Перамогі. Кроны дрэў у ім разрасліся, трава на газонах сакавітая, квітнеюць клумбы — зямля ўгноена… Нашчадкі памерлых і выжыўшых прагульваюцца па алеях парка і, магчыма, не падазраюць, што пад іх нагамі сотні тысяч людскіх парэшткаў. Улада рабіла і працягвае рабіць усё, каб сцерці вялікія страты з памяці. У Ленінградзе ёсць яшчэ адно змрочнапамятнае месца — цагельны завод. У часы блакады ён працаваў як крэматорый. Спачатку ў пячах завода штодзённа спальвалі па 800 цел. Потым, па загадзе першага сакратара Ленінградскага абкама КПСС Жданава, норму спальвання давялі да 1500 трупаў за суткі. Попел з печаў вывозілі ваганеткамі і выгружалі ў катлаван, з якога да блакады здабывалі гліну. Катлаван, ці кар’ер, меў вельмі ўнушальныя размеры. Пасля вайны яго запоўнілі вадой, уладкавалі бераг, пабудавалі пляжы, зоны адпачынку — атрымалася прыгожае возера. Зараз там адпачываюць, купаюцца, загараюць, п’юць піва пецярбуржцы. Няўжо ім невядома, што дно гэтага возера пакрыта тоўстым слоем святога попелу? На тым месцы, дзе стаяў цагельны завод, пабудавана станцыя метро «Парк Перамогі». Уваход у метро знаходзіцца якраз там, дзе стаялі печы.
Якая колькасць людзей загінула ў блакадным Ленінградзе, дакладна невядома. Да вайны ў горадзе прыжывала З мільёны чалавек. На момант ліквідацыі блакады засталося ўсяго 500 тысяч.
Эвакуіравана людзей з Ленінграда было не надта многа. Гэта быў у асноўным персанал навукова-даследчых устаноў. У Ленінград рынулі бежанцы. Па розных ацэнках, іх колькасць складала ад 2 да З мільёнаў чалавек. Яны і сталі паміраць першымі. Бо былі без дакументаў, без месца працы, ім не выдаваліся картачкі на атрыманне пайкоў. Блакаду можна было зняць на год раней.
Чаму я так падрабязна пішу пра блакадны Ленінград? Таму што ў гэтым пекле памёр мой родны брат Сяргей. Дзе яго магіла — невядома. Крэмль не спяшаўся з дапамогай блакаднаму Ленінграду.