Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » История » Пляц Волі
Пляц Волі - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Пляц Волі

Электронная книга - «Пляц Волі». Краткое содержание книги:

Гістарычны раман-дакумэнт «Пляц Волі» Алеся Пашкевіча прысьвечаны старонкам беларускае гісторыі, якія неразрыўна зьвязаныя з імкненьнямі да Вольнай Беларусі. Пляц Волі для аўтара ёсьць ня толькі адным зь менскіх пляцаў, але і сэрцам Вольнай Беларусі. Лёс беларускіх незалежнікаў і ў часы паўстаньня і змаганьня за нежалежнасьць БНР і ў часы нямецкай акупацыі зьвязаныя менавіта з гэтым пляцам.
Раман складаецца з некалькіх частак, маюць розных герояў, але нязьменнае толькі імкненьне да незалежнасьці Радзімы.
Першая частка распавядае пра першыя спробы стварэньня незалежнай БНР ды пра змаганьне за яе са зброяй у руках падчас Слуцкага збройнага чыну ў 1920 годзе, калі невялікая Случчына паўстала супраць бальшавіцкага прыгнёту за вольную Беларускую Народную Рэспубліку.
Кніга другая прысьвечаная таленавітаму палітыку і вайскоўцу, які у кожны момант сваго жыцьця імкнуўся дасягнуць аднае мэты ― вольнай Беларусі.
Нягледзячы на мастацкі характар твору, захапляе яго глыбокая гістарычнасьць, падмацаваная дакумэнтальнымі сьведчаньнямі.
1 ... 67 68 69 70 71 72 73 74 75 ... 199
Перейти на страницу:

― Ня смейся…

Так Міця Буба стаў палкавым кавалём. І нарадавацца на яго не маглі: і вінтоўку даробіць, і каня падкуе. І сам змяніўся, ажыў нібыта, усміхацца пачаў, заспяваў нават… А аднаго разу Русака перастрэў:

― А ты ж мяне ў паперу не ўпісаў…

― Якую паперу?

― Усіх ты алоўкам перапісваў і подпіс ставіць прасіў!

― А… — Узняў у сподзіве Русак бровы, пачухаў за вухам — і з кішэні аркушык дастаў, прытуліў да дзвярэй. — То як цябе запісваць?

― Гэта… — Міця зніякавела адклаў малаток, неяк разгублена і спалохана стаў выціраць аб нагавіцы далоні, паветра напоўніцу ў грудзі набраў… ― Жалязовіч!

Русака як токам працяла. Усміхнуўся, далонь кавалёву ў сваёй сціснуў, патрос:

― Малайчына, браце, малайчына! На вось, падпішыся…

Міця крэмзнуў штось няўмела там, куды паказваў палец Русака, і бадзёра зноў малаток узняў — і так па ўжо астылай загатоўцы мянтоліць пачаў, што з яе ажно іскры пырснулі…

Незвычайна сонечны ранак. Апаў мароз, хоць і пашчыпваў яшчэ за вушы. Доўгія шыхты абодвух палкоў брыгады ўціскаліся ў невялікі семежаўскі рынак і цягнуліся па шырокай вуліцы. Неяк тужліва-ўзрушна і ўадначас велічна на душы. І не ў аднаго яго — тое ж казалі і вочы сяброў. Усё ж правільна зрабіў Русак, што сабраў «папараць-кветаўцаў» супольна: «Разам не толькі бацьку лацьвей біць!»

Ды і больш упэўнена каля яго пачувалася хлопцам: як-ніяк тры гады ў царскай арміі ўнтэр-афіцэрам праслужыў, і на Першым усебеларускім кангрэсе ўдзел браў, і на з'ездзе Случчыны старшыняваў — хоць усяго на нейкіх чатыры гады й старэйшы.

Іх адзьдзел стаяў на тэрыторыі рынку, акурат пасяродку — побач з палкавым сцягам. Алесю й Лістападу трымаць і ахоўваць яго даручылі, і Алесь моцна сціскаў сцягавае дрэўка — нібыта руку Людзіну.

«Ну й малайцы дзяўчаты нашы!» — думаў.

І Бусел поруч стаяў (пасур'ёзнеў яшчэ больш, паспакайнеў — не Клекатун ужо, не!), хлопцы з колішніх «пяцёрак». Сярод іх — і Юрка Харытончык, надзейны і сведамы сябар. Па гадах роўня Русаку, нарадзіўся ён непадалёк ад Грозава. З восені да вясны хадзіў у школу, летам пасвіў кароў. Пасля смерці бацькі сам вёў гаспадарку. У васемнаццаць гадоў застаўся поўным сіратой — з дзвюмя малодшымі сёстрамі. У 1915-м забралі ў войска, прайшоў вучобу і стаў зводным у рангу капрала. У снежні 1917-га, пасля дэмабілізацыі, вярнуўся дамоў, з сабою прывёз… кулямёт, тры вінтоўкі і рэвальвер. Зброю аддаў у «пяцёрку». Вясной 1919 года зноў патрапіў пад мабілізацыю — ужо бальшавіцкую. З селавым прыгаворам (сірата, апякуе дзвюх меншых сясцёр, трымае гаспадарку, мусіць быць вызваленым ад войска) з'явіўся ў Слуцак да камісара Лебедзя.

― Трэба йсці бараніць свабоду, бо йнакш прыйдуць белыя дзянікінцы, — быў адказ камісара.

І тады й выпаліў упарта Юрка:

― Не пайду — датуль, пакуль апошніх гаспадароў не пабяруць!

― Ах, то ты шабатажнічаеш! — ускіпеў Лебедзь, рэвальвер выхапіў. ― Арыштаваць!

Але мабілізаваныя не дазволілі ўчыніць гэта з сіратою. Юрка падаўся на гарадскі рынак, а там якраз — мітынг супраць бальшавіцкага вайсковага пабору.

― Далоў камуну! Хай жыве вольная Беларусь! — крычалі ў натоўп абураныя юнакі. Абудзіліся й сяляне. Аглоблі ў рукі пабралі (у некаторых і зброя была) — і пабілі чырвоных міліцыянтаў. Непакорцаў утаймавалі толькі два панцырных аўтамабілі, што спешка прыкацілі на рынкавую плошчу…

Пасля гэтага па вёсках пачалі наведвацца карныя аддзелы — вышуквалі «дэзерціраў» і «контраў». У Папоўцах у чэрвені двух хлопцаў злавілі й расстралялі. Абураныя мужчыны ў лес пачалі сыходзіць, у партызанку.

А ў канцы ліпеня палякі ў краі запанавалі. Юрка вярнуўся ў вёску, — а ў хляве ні каровы, ні свіней, — усё ў абоз чырвоны пабралі. Дзякуй Богу, сёстры ў суседзяў перахаваліся…

А з тыдзень таму Юрка Харытончык далучыць да іхняга ланцуга папрасіў і Ўладзю Жылку з братам. І яны побач узбуджана выструньваліся…

Загаварылі прамоўцы — пра становішча ў краі, пра тое, што бальшавікі ў Слуцку ўжо раскашуюць і да іх збіраюцца.

У Семежава прыехалі сябра Найвышэйшай Рады БНР (добра вядомы Алесю яшчэ па Менску) Кузьма Цярэшчанка, новы старшыня БВК Андрэй Якубецкі. Суправаджаў іх начальнік штаба брыгады Антон Борык.

Зрабіў даклад і Цярэшчанка, адзначыў вялікі розгалас пачатай случакамі справы, крануўся апісання слуцкага чыну ў газэтах — у прыватнасці, у гарадзенскім «Беларускім слове» (а пазней ад Якубецкага Алесь пачуе і пра апошнія дні Гаруна: у БВК прыйшоў урадавы ліст з кракаўскага вайсковага шпіталя — вестка пра Гарунову смерць. БВК пастанавіла дэлегаваць некага ў Кракаў, каб даведацца пра абставіны смерці песняра й змагара, адшукаць ягоную магілку. Ехаць напрасілася Паўліна Мядзёлка — ейны муж, Тамаш Грыб, эмігрантам жыў у Лодзі. Па звароце Мядзёлка і расказала, што Гарунова магілка — на пахаванні польскіх жаўнераў, на ёй толькі просты драўляны крыж з таблічкаю ўсяго на два словы: «Аляксандр Прушынскі»).

1 ... 67 68 69 70 71 72 73 74 75 ... 199
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)