Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]». Краткое содержание книги:
Першая кніга распавядае нам пра «выйсце крыніц» якія выліліся ў раку гневу і змаганьня за незалежнасьць Беларусі. Нягледзячы на літаратурнасьць раману, адчуваецца натуральнасьць падзеяў. Кожны бачыць, як памірае стары сьветапогляд яшчэ з часоў перад падзеламі Рэчы Паспалітай, і нараджаецца новае пакаленьне, якому суджана пакласьці галаву для будучыні Беларусі. «Грушы накнавана абрынуцца ў Дняпро», але і «крыніцы нязьменна спалучацца ў імклівую раку».
Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману, і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім» сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет, каб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
Ну і чорт з табою! Ты даў мне толькі адну добрую параду. Буду адбівацца, калі па мяне прыйдуць. Але я паспрабую таксама паторгаць за нітачкі, калі да мяне прыйдуць з хітрасцю. Паторгаю проста з цікавасці, каб паглядзець, як яшчэ нізка можа ўпасці чалавек. Я ведаю, што Кур'ян душыцель, але я не ведаю, ці падлюга ён. Я выпрабую гэта на яго халуях. Які гаспадар, такія і слугі.
А дарэмна ты не паспрабаваў раскілзаць мора, карсіканскі дурасліўчык. Дальбог, цікавей загінуць ад рукі мясцовага Рабесп'ера, крывавага і з віламі (на гільяціну ён выдаткавацца не будзе, трымай кішэнь), чым ад Кур'яна з мізэрным задам, зацягнутым у ласіны. Янка-Рабесп'ер, дык гэта хаця цікава. А ты не пажадаў. І вось за гэта накладуць табе аж па самае… І паляціш ты рылам у свой жа гной. І пачнуць жа цябе па замках цягаць, імя гразёю абліваць, узвялічваць, зноў абліваць, пакуль не прыйдуць да вываду, што было дадатнае, а было і адмоўнае, і толькі не вядома, што пераважае, дый наогул, ці варта гэтым займацца, тым болей што ўся твая справа даўно патанула ў цемры вякоў і, за непатрэбнасцю, занесена на антрэсолі архіва матухны-гісторыі.
Косткам і тое спакою не будзе. Павінен быў ведаць гісторыю маленькага Наварца[56]. Прыйшоў з поўдня, прамяняў Парыж на імшу, памёр, забальзаміравалі італьянскім спосабам, на вякі. Паклалі ў нейкае там абацтва… Сен-Дэні, ці што? А тут Рабесп'ер… Санкюлоты падумалі-падумалі. Добры, здаецца, быў кароль, песенькі пра яго спяваюць.
«Vive Henri guatre…»[57] Ды і работы чалавечай шкада… А потым, далей ад граху, у агонь, разам з Людовікам Адзінаццатым, Акаянным… Так і табе будзе. Тваю Вандомскую калону абавязкова нехта скіне рана ці позна. Твой прах, які, ты мяркуеш, пакладуць у дом інвалідаў, — нехта выкіне.
Ну вось, ведаеш, а пнешся.
А дарэмна ты не паспрабаваў раскілзаць мора!..
Такім думкам аддаваўся Даніла Загорскі, усё яшчэ ўмацоўваючы камяніцу, рыхтуючы яшчэ адну хітрасць і п'ючы, бы ў пустыні. А потым, калі Карсіканец сапраўды загрымеў, з Пецярбурга прыехаў рэвізор, каб расследаваць справу пра манастыр, генерал-ад'ютант Баранаў…
«Эге, сілаю браць не будуць, — падумаў пан. — Справа за часам прыахалола і здаецца ўжо не такой важнай. Трэба рызыкнуць».
І ён рызыкнуў: запрасіў генерал-ад'ютанта ў Вежу. А там на вячэру. А там — у камяніцу.
Баранаў убачыў валы, порах, гарматы, узброеных людзей, а ў камяніцы бясцэнныя габелены, антыкі, карціны.
— Чаму гэта тут? — Баранаў успомніў бочкі з порахам у скляпеннях і здрыгануўся. — Жыццё вам, спадзяюся, не абрыдла?
— Я фаталіст. Трапіць дык трапіць.
— А калекцыі?
— Я не хачу, каб імі цешыўся нехта яшчэ. Зрэшты, вам магу падарыць гэтага фаўна.
Фаўн з часам прыдбаў высакародную цёмную паціну, уцёртую ў мармур. Яна не зніжала яго белі, а толькі надавала яму рэльефнасць і прыгажосць жывога цела.
Фаўн з'едліва ўсміхнуўся Баранаву. Генерал не помніў сябе ад радасці. Гэта было больш каштоўна, чым «Нерон» Юсупава, звычайны афіцыйны бюст рымскіх часоў. У Юсупава была толькі адна «ступа» з такой вось пацінай. А гэта… Элада! У яго, Баранава, ёсць ужо бюст Агрыпіны. Цяпер ён пераплюне і Юсупава з яго «ступаю» і Шарамецева з ягонай славутай пампейскай «Козачкай».
— Бярыце, генерал. Я вызваляю гэтага фаўна ад наканаванасці.
Загорскі ўбачыў, што клюнула. Некалькі такіх пастак, для кожнага тыпу людзей, было расстаўлена ў яго.
— Пашкадуйце гэта, князь, — узмаліўся рэвізор. — Выбух — і…
— Усё адно жывём на вулкане. Не я, дык нехта другі.
Баранаў зразумеў намёк. Ды гары яно гарам, каб праз вежу нейкага ідыёцкага манастыра загінула такое. Але яму было страшна: а раптам і на яго данос?
— Вы ведаеце, што на вас ёсць ананімны данос, князь?
— Магчыма. У мяне шмат ворагаў.
— Аб манастыры.
— Чуў і такое. Спадзяюся, не ігумен скардзіўся.
— Не, ён якраз маўчыць.
«Яшчэ б ён крычаў, — падумаў князь. — Хто яго, калі ён крычаць будзе, бітага на месцы пакіне».
— Бачыце, ветру з манастыра… мне баяцца не даводзіцца. Я ж кажу: плётка ворагаў.
— А дачка?
— Ды што дачка. Вы лепей спытайце ў яе і ў зяця. Жывуць. Пасаг — дзве тысячы душ. Чаго ім яшчэ?
Баранаў паспакайнеў.
— А хто ж манастыр спаліў?
56
Генрых IV.
57
Віват Генрых Чацвёрты… (франц.)