Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]». Краткое содержание книги:
Першая кніга распавядае нам пра «выйсце крыніц» якія выліліся ў раку гневу і змаганьня за незалежнасьць Беларусі. Нягледзячы на літаратурнасьць раману, адчуваецца натуральнасьць падзеяў. Кожны бачыць, як памірае стары сьветапогляд яшчэ з часоў перад падзеламі Рэчы Паспалітай, і нараджаецца новае пакаленьне, якому суджана пакласьці галаву для будучыні Беларусі. «Грушы накнавана абрынуцца ў Дняпро», але і «крыніцы нязьменна спалучацца ў імклівую раку».
Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману, і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім» сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет, каб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
Яму нічога не было патрэбна. Ён ведаў людзей. Ён ведаў свет.
Да гэтага чалавека цяпер ехаў Алесь.
XV
На тым беразе цягнулася і цягнулася Доўгая Круча.
Дняпро ў гэтым месцы быў просты, як страла, і як страла імчаўся паміж берагамі — высокім і нізкім. А круча на тым беразе была самым дзіўным, што калі-небудзь ён свавольна ўтвараў.
Даўжынёю з вярсту і вышынёю сажняў на пяцьдзесят, роўная, нібы па лінейцы праведзеная ў даўжыню і ў вышыню, яна была з крывава-чырвонай гліны, цвёрдай, як камень, непрыступнай ні для нягоды, ні для вады. І на гэтай строме, карэннямі ўгору, там-сям віселі сосны з залацістымі стваламі і свежай гліцай, віселі паміж небам і зямлёй, скарлючаныя, перавітыя, як вязка змей, няскораныя ў сваім жаданні жыць там, дзе не здолеў і не захацеў жыць ніхто.
За кручай і вышэй яе Дняпро шырэў, разліваючыся. Круча стрымлівала яго, не давала прарвацца ўніз і змыць усё на сваім шляху.
Касюнька ступала стомлена, але ўсё яшчэ гулліва. І вось за Кручай, за невялікім разлівам, перад Алесевымі вачыма паказаліся ўзгоркі, на якіх, як вока сягала, густа зелянеў неаглядны парк. А ў парку, на грэбені высокай грады, зіхацела нешта блакітнае і залатое. Белае, блакітнае і залатое ў пералівах вясёлкавых вадзяных струменяў.
За мостам дарога зварочвала і вяла ўздоўж Дняпра. Сажняў праз пяцьдзесят ён заўважыў пазалочаную паркавую агароджу, нібы звітую са сцяблін і траў, простую і прыгожую. Агароджа ішла і ўправа і ўлева, губляючыся ў зеляніне. А там, дзе да яе падыходзіла дарога, была брама, шырока расчыненая ў зялёны змрок алеі. Людзей не было. Толькі недзе далёка, у шатах, мякка гучалі нейкія струны, як Эолава арфа. Алесь не ведаў, што за ім сочаць і што цяпер на яго непрыкметна глядзяць дзве пары вачэй.
Пастаяўшы перад брамай, пагладзіўшы Алму, якая прыўстала на луцэ, топчучы лапамі хвасты дзвюх качак, малады коннік паціснуў плячыма і рушыў каня ў змрок алеі. Сонца было яшчэ даволі высока.
Адхон, зарослы векавымi дрэвамi, цягнуўся з левага боку. У адным месцы на яго ўзбягалi звiлiстым серпанцiнам мармуровыя сходы з шырокiмi прыступкамi. Але гэта вiдавочна было не для каня. Затым алея павярнула ў шырокi яр, дзе буяла разнатраўе. Ён не ведаў, што з самага «вялiкага сядзення ў камянiцы» за паркам перасталi сачыць. Калi ж сядзенне скончылася, дзеду так спадабалася чароўнае спалучэнне працы садоўнiка, якi распланаваў i да часу выхоўваў дрэвы, i свавольства прыроды, якая вызвалiла iх ад прыгнёту нажнiц, што ён загадаў пакiнуць парк у спакоi. I вось цяпер парк буяў, i ў iм было надзiва хораша. Сярод буйнага лесу, ледзь ачышчанага ад ветрабою i пустазелля ды ад куставога смецця, траплялiся вельмi рэдка, толькi каб паказаць, што гэта не лес, што гэта назнарок, то два-тры дзiкiя камянi над уваходам у пячору, то зялёны амур, увесь у штучна ўзрошчаным на iм моху. Амур глядзеў на коннiка, прыклаўшы палец да вуснаў, а ля яго ног было высечана на каменi: «Сhut!»[58]
Алея забірала, па нябачнай дузе, усё лявей і лявей, і вось вачам адкрыўся бакавы двор палаца, прагна, быццам клюшнямі краба, ахоплены двайной каланадай. У тым месцы, дзе яна расступалася, залацілася расчыненая агароджа вялізнай брамы. І зноў мёртвая цішыня. Пясок двара роўны, і на ім ніводнага следу. Быццам ён так і ляжыць сто год.
Пасярэдзіне двара моўчкі стаіць мармуровая, у натуральную велічыню, копія з фларэнтыйскага Давіда.
Алесь злез з каня і пачаў адвязваць качак, спіною адчуваючы бязлюддзе і мёртвую цішыню.
Ён не здрыгануўся, ён увесь час чакаў гэтага і, усё яшчэ стоячы спіной да голасу і адвязваючы качак, адказаў:
— Дзень добры!
Потым, трымаючы качак у руцэ, павярнуўся на голас.
На верхняй прыступцы нізкага ганка стаяў, невядома як і адкуль з'явіўшыся, чалавек.
Ён быў, бадай што, трошкi менш сажнёвага росту, магутны, але здаваўся маленькiм i самотным сярод гэтага мёртвага двара.
Чалавек стаяў і глядзеў на яго з вышыні спакойна, трошкі іранічна і дапытліва.
Алесь працягнуў чалавеку качак.
— Гэта вам.
— Спадзяешся, што за дзень больш не з'ясі? — халодна спытаў той.
— Спадзяюся.
Чалавек ацэньваў. У чалавека была сівая грыва валасоў, якая, насуперак звычаям веку, не ведала парыка.
Нерухомы чалавек усё глядзеў на Алеся і ацэньваў:
«Да чаго падобны на прадзеда, на Акіма. Нават жэсты. Нават манеры. Нават голас. Валасы, праўда, і ў нявесткі каштанавыя, але гэта не ад яе… Такія вось у Акіма, у бацькі, былі… І не спешчаны… Сакалятнік, як прадзед… Манеры толькі горшыя: велічы мала. Гэта ўжо ад праклятага веку… Усё Акімава… Не, не ўсё… У таго былі сінія вочы, а ў гэтага шэрыя, матчыны… Значыць, дрэнь унук, бо гэта жанчыне добра, а мужчыну, ды яшчэ Загорскаму — н-не… Будзе як сынок: ні цёплы, ні халодны… Ды яшчэ, крый божа, у царкву пацягнецца… Да пацукоў, да Кур'яновага пляменнічка-капрала…»
58
Цс-с! (франц.).