Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]
Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]». Краткое содержание книги:

Раман у двух кнігах «Каласы пад сярпом тваім» прысьвечаны падзеям напярэдадні паўстаньня 1863–1864 гадоў у Беларусі.
Першая кніга распавядае нам пра «выйсце крыніц» якія выліліся ў раку гневу і змаганьня за незалежнасьць Беларусі. Нягледзячы на літаратурнасьць раману, адчуваецца натуральнасьць падзеяў. Кожны бачыць, як памірае стары сьветапогляд яшчэ з часоў перад падзеламі Рэчы Паспалітай, і нараджаецца новае пакаленьне, якому суджана пакласьці галаву для будучыні Беларусі. «Грушы накнавана абрынуцца ў Дняпро», але і «крыніцы нязьменна спалучацца ў імклівую раку».
Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману, і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім» сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет, каб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
1 ... 64 65 66 67 68 69 70 71 72 ... 154
Перейти на страницу:

…Малельня была забітая, поп выгнаны ў Мілае, у старую царкву-крэпасць, самую непрытульную і сырую з усіх цэркваў, якія былі ў яго ўладаннях. Хутка туды ж накіраваліся і папы з Вежы, Святога і Вітахмо.

— Буду плаціць вам удвая, абы духам вашым не смярдзела бліжэй чым за дваццаць вёрст.

Ён ненавідзеў папоў, ненавідзеў цяпер бога, ненавідзеў салдат і жандараў, тых, ад якіх тхнула потам, даносам і крывёй, тых, якія арыштоўваюць людзей за настроі і гэтым зводзяць у магілу стварэнне, якое нікому не прычыніла зла. Ён ненавідзеў маладога цара, які зрабіў так, што людзей, дваран, якія адказваюць за свае палітычныя погляды, хапаюць у іхняй крэпасці.

Ён закамянеў. Ён песціў дачку, адараў грашыма, уборамі, каштоўнасцямі. І зусім не цікавіўся, што яна там робіць на сваіх балях. Ён ведаў, што ёй належыць дзве тысячы душ і што знойдзецца прыстойны чалавек, які будзе кахаць яе. Што можа знайсціся і непрыстойны, ён не падумаў. Дачка ўцякла з маладым афіцэрам размешчанага ў Сухадоле палка…

Пан Даніла цяпер спаў удзень, а ўначы чытаў, моўчкі гуляў па парку або слухаў у музычным павільёне «Рэквіем» Моцарта. Заўсёды адну і тую ж частку, «Лакрымоза». Граў, седзячы за глухой шырмай, арганіст, якога прывезлі з Сухадола. Пан слухаў з сухімі вачыма. Парушаць яго спакой баяліся і таму абвясцілі аб уцёках дачкі позна.

Прыступ гневу ў яго быў страшны. Дагэтуль спакойны, стрымана-моцны, пан быў у ярасці, быццам адразу хацеў выплюхнуць свой гнеў.

Яна! З кім?! З афіцэрам!

І гэта перапоўніла чашу ягонага гневу.

— Дзе?!

— У грэка-расійскім манастыры ў Ліпічах, — адказаў Кандраці, юнак, малочны брат, адзіны, хто не спалохаўся.

Ясна. Манахі заўсёды рады напаскудзіць яму. Чорныя божыя пацукі!

— Напэўна ўжо звянчалі, — сказаў Кандраці. — Позна.

— Позна?! — Крык быў такі, што палац замёр ад жаху. — Я ім дам, позна. Людзей! Шляхту!!! Мужыкоў узброіць!!!

— Не пойдуць, — сказаў Кандраці. — Збаяцца!

— А мяне яны не збаяцца? — крычаў пан. — Не пойдуць — шляхту выганю і няхай здыхае з голаду! Не пойдуць — кожнага дзесятага ў руднікі прадам! Кандраці, пляшку гарэлкі кожнаму! Мужыкам па тры рублі! Шляхце па пяць! Сем'ям забітых пенсіі! Коней! Гарматы!!!

Кавалькада з шасцісот чалавек рынула на Ліпічы. Грукаталі, падскокваючы на камянях, гарматы, вецер ірваў полымя паходняў. І ў п'яных людзей, якія скакалі за панам, усё ўзрастаў бязмэтны гнеў, наліваліся крывёю вочы.

Манастыр атачылі апоўначы. Манахі з муроў убачылі паходні, полымя падпаленых стагоў, якое рвалася ў неба, пачулі гігатанне коней. Яны чакалі гневу, але не такога.

Ігумен выйшаў на мур і ўбачыў проста перад брамай расхрыстанага пана з ашклянелымі вачыма.

— Дачка… — сказаў пан.

— Тут, — не схлусіў ігумен.

— Адвальвай браму, пёс.

— Не апаганьвайце абіцелі, — сказаў ігумен. — Манастыр не можа адмовіць рабам божым, якія ўмаляюць аб прытулку.

— А гарэць твой манастыр можа?

— А ў Салаўкі на затачэнне хочаш? — спытаў ігумен.

Ён адчуваў за сабою сілу дзяржавы, сілу муроў, чатырохсот манахаў і дзесяці гармат. Не адвучылася яшчэ брація з тых часоў, калі манастыр быў памежнай крэпасцю.

— Лізаблюд, — гнеўна сказаў пан. — Халуй пецярбургскі!

— Анафему накладуць, — сказаў келар. — Ты, быдла. Дзекала недабітае.

— А я вось дам вам анафему. Зводнікі! Па колькі капеек з ложка бераце?

— Не зневажай бога, прычакань Салавецкі, — сказаў ігумен.

— Гэта хто бог? Ты? Казёл ты!

У адказ з муроў рыгнула гармата.

— Д-добра, — сказаў пан. — Т-так. Добра вам будзе з нябёс на мяне ў Салаўках глядзець.

Спалоханы гэтым спакойным тонам, ігумен хацеў быў паклікаць утрапёнага Данілу, але той пайшоў ужо ў крывава-чорны змрок. А праз пяць хвілін адтуль зараўлі гарматы. Сорак штук.

Стралялі гадзіну, не па людзях, а па сцяне. Аконам хапаўся за галаву. Няхай бы білі ў браму, яе і аднавіць лёгка. Не, б'юць у мур.

…А пан з закамянелым тварам загадваў пушкарам сыпаць падвойны парахавы зарад:

— Нічога, не разарве! Сып! Бі… І вось што, распаліце ядры. Біце імі па дахах! Па дахах!

Манахі спачатку стралялі, а потым кінулі. Відаць было, як яны ўздымалі да неба рукі, стоячы на мурах. У барвяным зарыве твар пана стаў жахлівы…

Палалі шчапяныя дахі… І вось са страшным грукатам абурылася, упала ў хмарах чырвонага дыму кутняя вежа.

1 ... 64 65 66 67 68 69 70 71 72 ... 154
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)