Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым [(Хронікі беларускага інтэлектуала)]
- Автор: Акудович Валентин Васильевич
- Год: 2020
- Язык: белорусский
- Жанр: Другие документальные фильмы
Электронная книга - «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым [(Хронікі беларускага інтэлектуала)]». Краткое содержание книги:
А потым ён зненавідзеў чарку, скончыў у Маскве вышэйшыя літаратурныя курсы пры Літаратурным інстытуце і ўсёй сваёй істай абрынуўся ў паэзію. Уласна, калі не лічыць жонкі і дачкі, дык у яго акрамя паэзіі нічога і нікога не было. Знакамітыя "Зацемкі з левай кішэні" выглядаюць таксама не столькі прозай, колькі вершамі ў прозе.
Хаця мы былі блізкімі і ў сваім рэдактарскім кабінеце разам выкурылі не адну скрыню танных цыгарэт, я не адважыўся б назваць яго сябрам. І рэч тут не ўва мне. Хутчэй за ўсё ён проста не меў таленту сяброўства. Разам з тым я паважаў яго як мала каго яшчэ. Была ў ім, калі заўгодна, нейкая анталагічная глыбіня і моц. А яшчэ экзістэнцыйныя шчырасць і адвага.
Дарэчы, пра цыгарэты:
"Хацеў пазычыць грошай на блок танных цыгарэт у каго-небудзь з рэдакцыі. Ні ў кога няма. І гэта насампраўдзе.
Але ж нейк жывём, пры ўсім тым і часопіс час ад часу выходзіць. За якія шышы - адзін Бог ведае... Такая ўжо дзіўная краіна выпала для жыцця і выжывання.
- Дай цыгарэту, Валянцін...
Працягвае апошнюю. Дымім... Думаем. Пішам..."
Праз нейкія паўгадзіны пасля нашага прыходу на працу кабінет ужо быў поўны цыгарэтнага дыму. І так з дня ў дзень. Але калі ў Леаніда паўсталі сур’ёзныя праблемы са страўнікам, прапанаваў:
- Валянцін, давай разам кінем паліць.
Я адмовіўся, а ён кінуў.
Потым Леанід кінуў пісаць вершы.
Пасля 40 гадоў пісаць вершы сорамна, сказаў. Тут я ўжо цалкам з ім пагадзіўся.
Леанід яшчэ выдаў кнігу паэзіі, якую так і назваў "Апошнія вершы".
- Піць кінуў, курыць кінуў, вершы пісаць кінуў. Застаецца яшчэ адмовіцца ад сексу, і што тады ў цябе чалавечага застанецца? - пакепліваў я.
- Вершы ў сне сняцца, - сарамліва тлумачыў.
Відаць, з той жа прычыны Леанід не прамінаў ніводнай рэдакцыйнай вечарыны, якіх у нас хапала. І часам было заўважна, што, надыхаўшыся алкагольнай пары, ён відавочна падвесяляўся. Пэўна, наступная зацемка і была напісаная пасля адной з нашых вечаровых забаваў.
"Акудовіч за добрым кампанейскім сталом можа піць усё без разбору: самагонку, гарэлку, віскі, каньяк, віно, пэпсі, чай, каву, мінеральную ваду і проста ваду з-пад крана, калі толькі нешта з гэтага пераліку наліта ў ягоную чарку...
- Валянцін, - часам просіш, - паберажы здароўе...
- На жаль, нічога вечнага няма, - няўзнак буркоча ён, развіваючы з безнадзейным у філасофіі, але ўдзячным слухачом сваю ідэю-фікс, што чалавека па сутнасці не было, няма й не будзе, а расхваляванаму, напітаму і ашаломленаму суразмоўцу потым безапеляцыйна даводзіць, што таго ўвогуле ўжо й цяпер няма... сёння, вось тут... пустое месца...
І таму нічога не застаецца, як пагаджацца, самнабулічна раскрываць рот і ківаць няўпэўненай галавой...
Прыгледзішся ўважліва збоку - і сапраўды чалавека поруч з Акудовічам няма... А Валянцін ёсць! Ён зноў падымае нечым налітую чарку, і да слёз не хочацца верыць, што аднойчы не будзе й яго".
P.S. Прамінула дванаццаць год. Ужо даўно не было "Крыніцы", і з Леанідам мы сустракаліся гады ў рады. Таму не ад яго, а з медыя даведаўся, што ў Галубовіча рыхтуецца зборнік новых вершаў.
Што ты Лёня нарабіў?! - схапіўся я за галаву. Сам разбурыў адзін з найбольш адметных міфаў беларускай літаратуры... Адчуваючы, што лепшыя вершы табой ужо напісаныя, ты ахвяраваў прагай вершапісання дзеля чысціні і цноты паэзіі. І хіба яшчэ адзін зборнік вершаў варты той ахвяры?!
Пра гэта і сказаў на прэзентацыі кнігі. Толькі што з тых маіх словаў?
Міфа няма!
***
Сярод постацяў, што я рыхтаваў для "Крыніцы", вылучу Ігара Бабкова і запынюся на абавязковай у такім фармаце гаворцы з аўтарам.
"Ігару Бабкову трохі за трыццаць. Ён нарадзіўся і вырас у Гомелі. Скончыў БДУ (факультэт філасофіі) і там жа аспірантуру. Жанаты. Жонка прыгожая, завуць - Вольга. Любімы напой Ігара - кава. З моцных напояў аддае перавагу добраму віну (каньяком таксама не грэбуе). Гарэлку не любіць і ўжывае толькі ў скрайніх і безвыходных сітуацыях. На пачатку кожнай вясны пачынае марыць пра вандроўку на байдарках.
Магчыма, галоўнай падзеяй сваёй творчай біяграфіі лічыць кнігу паэзіі "Solus Rex", за якую ТВЛ адразу ўзнагародзіла яго Гліняным Вялесам... Магчыма, Ігар мае рацыю і гэта сапраўды так. Хаця як на мяне, дык ягоныя эсэ і артыкулы, надрукаваныя ў "Нашай Ніве" і "ЗНО", важаць ніяк не менш, а бадай і больш, чым паэтычны зборнік.
Бабкоў-празаік, з яго нешматлікімі апавяданнямі, пакуль застаецца ў засені Бабкова-філосафа і паэта. Фармальна гэта цалкам слушна, але я не выключаю, што менавіта ў прозе яму наканавана здзейсніцца па максімуму.