Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым [(Хронікі беларускага інтэлектуала)]
- Автор: Акудович Валентин Васильевич
- Год: 2020
- Язык: белорусский
- Жанр: Другие документальные фильмы
Электронная книга - «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым [(Хронікі беларускага інтэлектуала)]». Краткое содержание книги:
- Валянцін, дазвольце хаця б у газетах друкавацца. Хаця б у "ЛіМе", - засмяяўся Разанаў.
- У газетах можна, - злагодзіўся весела. - Аднак не самае адметнае і не лішне часта.
Яшчэ трохі павесяліліся, а пасля сышліся ў згодзе - усе разам і без спрэчак. Бо сапраўды, ці не было б гэта дурноццем - раскідваць сваё дабро па розных выданнях, а самім падбіраць ну ніяк ужо не лепшае. І хаця эпоха глабальных пераменаў быццам спрыяла такому радыкальнаму перакруту, дзе нас толькі за гэта потым не чаўплі. Маўляў, друкуюць самі сябе за дзяржаўны кошт.
І тут як бы не выпала пярэчыць. Ды мы і не пярэчылі. Мы проста разумелі, што праз традыцыйную канцэпцыю дзяржаўнага часопіса для ўсіх у нас нічога вартага не атрымалася б... Да таго ж крытыкі хутка паменела, а затым яна і ўвогуле амаль счэзла. Бо ўвідавочнілася, што друкуем мы аўтараў адусюль, калі яны нам пасавалі. Менавіта нам, а не камусьці яшчэ. І нават Някляеў з гэтым нічога не мог парабіць...
Быў адзін выпадак...
Здаецца, не моцна памылюся, калі заўважу, што ўжо пасля года-другога нашай працы друкавацца ў "Крыніцы" зрабілася прэстыжна нават для літаратурных генералаў. Неяк народны пісьменнік Іван Пятровіч Шамякін пры сустрэчы паскардзіўся Някляеву, што яго, народнага пісьменніка, "Крыніца" абмінае ўвагай.
Някляеў вярнуўся ў рэдакцыю і кажа:
- Хлопцы, Іван Пятровіч жаліцца, што вы яго не друкуеце.
Мы абурыліся, замахалі рукамі: не наш ён, не наш - чужы, а яшчэ і бясталентны.
- Затое народны, знакаміты і як чалавек не з горшых. Шкада ж чалавека...
Пасля зацятай дыскусіі вырашылі галасаваць. Калі Іван Пятровіч пераможа, дык хай сабе... Возьмем грэх на душу.
Што праўда, мы ўжо на той душы мелі адзін грэх, толькі з адваротным знакам. Яшчэ за часамі першай "Крыніцы" кіраўніцтва рэдакцыі вымудрыла друкаваць газету "Ласковый май", да таго ж нейкім шалёным накладам (ну і грошы там закруціліся немаленькія).
Я пра тую гісторыю мала што ведаю, таму і кранаць яе не буду. Скажу толькі, што з-за гэтага "Ласкового мая" Уладзімір Някляеў "в усмерть" рассварыўся з Адамам Глобусам і звольніў таго з працы.
Натуральна, мы ўсе памяталі пра гэтую лютую варажнечу, і хаця Глобус, у адрозненне ад Шамякіна, заставаўся цалкам нашим, нікому і да галавы не было прапанаваць яму надрукавацца ў часопісе...
А можа, ніякі гэта быў і не грэх. Бадай, нешта зусім іншае тут было - нешта глыбока чалавечае.
***
Харошых аўтараў шмат не бывае, і кожны новы набытак для рэдактара - свята. Асабліва, калі аўтар яшчэ мала вядомы каму, а ты ўжо адчуваеш: у гэтым хлопцу/ дзяўчыне нешта ёсць. Дзякаваць Кону, у маёй рэдактарскай долі такіх выпадкаў хапала. Але калі зважаць толькі на "Крыніцу", дык перад усімі будзе слушна вылучыць Андрэя Хадановіча. Аднак не спяшайцеся думаць пра паэта Хадановіча...
Кажучы мовай канцылярыту, аддзелам замежнай літаратуры ў нас загадваў выбітны празаік і перакладчык Алесь Асташонак (ён працаваў яшчэ ў першай "Крыніцы"). Хаця ад самага пачатку мы гэтую дзялянку апрацоўвалі ўдвох, паколькі ўся замежная філасофія і культуралогія заставаліся пад маім патранажам. У такой формуле супрацы была і свая рацыянальнасць, бо, скажам, Ніцшэ ці Камю мы маглі прэзентаваць не толькі як філосафаў, але і як літаратараў.
За не такія і доўгія гады існавання часопіса тут было надрукавана мноства выдатных тэкстаў таленавітых аўтараў. Разам з тым, калі зважаць на сістэмную прэзентацыю нейкага дыскурсу ўпаасобку, то, як мне здаецца, замежная літаратура (ва ўсіх сэнсах) была прадстаўленая ў нас найбольш багата і разнастайна. Да таго ж улічым, што раней у Беларусі на беларускай мове яе ўвогуле было вобмаль. А тут бярэмя за бярэмем.
Дзеля неабазнаных яшчэ згадаю, што мы не проста кідалі іншамземцаў на старонкі выдання, як сена на воз - навалам. Не. Бальшыня з іх мела персанальную гісторыю. Гэта значыць, што акрамя ўласна перакладзенага тэксту тут была і адмыслова разгорнутая біяграфія "Пра Яго" (аўтара), і літаратуразнаўчы артыкул ці вольнае эсэ, і цытатнік...
Карацей, структура была распрацаваная, лічы, дасканала і да таго ж улічвала магчымасці кожнага асобнага выпадку, як, скажам, пераклад знакамітага рамана Патрыка Зюскінда "Парфума".
Калі мы ўжо добра напрацаваліся і нават адчулі стому (да таго ж я застаўся на гаспадарцы без Асташонка), у рэдакцыі аб’явіўся тады яшчэ мала каму вядомы Андрэй Хадановіч і сказаў, што хацеў бы далучыцца да стварэння "постацяў" замежнікаў. І не проста выказаў жаданне, а прапанаваў і рэалізаваў цэлую праграму: Бадлер, Ейтс, Малармэ, Паўнд, Апалінэр...