Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым [(Хронікі беларускага інтэлектуала)]
- Автор: Акудович Валентин Васильевич
- Год: 2020
- Язык: белорусский
- Жанр: Другие документальные фильмы
Электронная книга - «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым [(Хронікі беларускага інтэлектуала)]». Краткое содержание книги:
***
Не ведаю, як і з чаго так сфармавалася мая чалавечая канстытуцыя, толькі я быў адораны ўмельствам захапляцца людзьмі - жанчынамі і мужчынамі. Хаця мужчынамі больш і часцей.
Можа, яно ў мяне было і раней, толькі ўпершыню заўважыў за сабой такое, калі пачаў хадзіць у горы. Маім настаўнікам і кіраўніком быў Аляксандр Латакурскі. Потым ён стаўся першым майстрам спорту Беларусі ў нашым відзе турызму.
Высокі, дужы, вясёлы, жыццядайны... Усё, што ён толькі мог зрабіць сам, ён сам і рабіў, ніколі нават не зважаючы, што ягоны наробак у многіх сітуацыях мог быць большы, чым усяго нашага хаўрусу разам. І гэтак што ў гарадскім жыцці, што ў гарах.
Напэўна, маё захапленне моцна кідалася ў вочы, бо сябры нават пачалі раўніва папікаць: маўляў, ну што ты бачыш у ім такога? Мужык як мужык.
А ў дадатак яшчэ нагадвалі пра заганы майго куміра, на якія я не зважаў.
Я нічога не казаў у адказ, бо словамі такое захапленне чалавекам не тлумачыцца. Як каханне, як сяброўства, як любоў да Бацькаўшчыны...
Мінаюць гады, захапленне, як кожная эмоцыя, пакрысе ацярушваецца долу. А вось павага і ўдзячнасць застаюцца...
Паміж майстрам спорту Латакурскім і паэтам Някляевым няма ані каліўца падабенства, але неяк весела падумалася: каб я быў жанчынай, дык, напэўна, закахаўся б у Някляева. Настолькі быў ім захоплены, апынуўшыся ў "Крыніцы".
Відаць, ён гэта хутка адчуў і адгукаўся прыязнасцю. Не аднойчы распавядаў сам-насам рознае такое, што не кожнаму другому можна было распавесці. Здаралася, пасля агульных пасядзелак у рэдакцыі мы заставаліся ўдвох да глыбокай ночы. Размаўлялі пра ўсё, найбольш пра літаратуру. Бывала, ён чытаў новыя вершы. Амаль ніколі моцна не спрачаліся. Дарэчы, аніяк не пляткарылі - у нас абодвух гэтага не было. Некалькі разоў ён нават адвозіў мяне да хаты на таксоўцы, бо для гарадскога транспарту было ўжо запозна, а тады сваіх грошай на таксі я не меў.
Агулам кажучы, у тую пару мне з ім было фантастычна ўтульна і свабодна, нягледзячы на тое, што я і блізу не меў пачуцця роўні з ім.
Значна пазней, пасля эміграцыі Някляева ў Польшчу, рушэння ў прэзідэнты, зняволення, турмы, судзілішча я неяк напішу, што сярод беларускіх пісьменнікаў Уладзімір Някляеў мае, відаць, самую багатую на падзеі біяграфію. А яшчэ і талентаў лёс нагрузіў яму ў дарогу праз жыццё цэлае бярэмя.
Някляеў таксама вучыўся ў Літаратурным інстытуце і таксама не застаўся ў Маскве. Пісаў вершы па-руску, аднак нехта з мэтраў паэзіі пераканаў, што яму трэба вярнуцца да роднай мовы. Яго паэмы ў свой час мяне неверагодна ўражвалі, а "Індыя" і па сёння застаецца любімай. Гэта пры тым, што яго лепшай паэмай мне бачыцца "Ложак для пчалы". І не толькі ў яго, але і ва ўсёй беларускай паэзіі, калі пачынаць адлік пасля "Новай зямлі" Якуба Коласа.
А яшчэ, пакуль Някляеву не забаранілі эфір, ён наствараў столькі тэкстаў-хітоў для песен, што не пералічыць. Між іншым, некаторыя, як "Гуляць дык гуляць", зрабіліся народнымі.
З партыйнай трыбуны Някляеў чытаў свае пафасныя вершы генеральнаму сакратару ЦК КПСС, у часы "перабудовы" стварыў два бліскучыя часопісы пад адной назвай "Крыніца", у дадатак узначаліў тыднёвік "Літаратура і мастацтва", а неўзабаве быў абраны яшчэ старшынёй Саюза пісьменнікаў Беларусі (на той час гэта была вельмі важкая пасада).
Натуральна, такая абсалютызацыя літаратурнай улады мала каму падабалася. Між іншым, нам таксама, бо за мноствам справаў Някляеў амаль забыўся на часопіс. Натуральна, мы і без яго ўпраўляліся, толькі нам да таго ж зарплату перасталі плаціць. Карацей, усё гэта, як і шмат чаго іншага, урэшце рэшт спарадзіла цэлы суплёт розных бедаў. Аднак пра гэта трохі пазней.
P.S. Бадай, найлепш з тых начных чытанак запомніўся (натуральна, толькі сэнсам запомніўся) вось гэты верш:
У пакоі, замглёным ад дыму,
Непрытомным амаль ад віна,
Трое
поўныя шклянкі падымуць
І налітае вып’юць да дна.
Утаропяцца ў сцены. Запаляць.
Вочы ў вочы няўтульна зірнуць.
Ні за што не зачэпіцца памяць -
І яны наліваюць і п’юць.
Трое - з Менску, з Бярэсця, з Гародні -
Ледзьве знаюць адзін аднаго,
Дык з чаго яны п’юць так гаротна?
Проста так.
Проста п’юць.
Ні з чаго.
Бо пакуль на абшарах Айчыны,
Што ўсё толькі збіраецца быць,
Аніводнай не знойдзеш прычыны,
Каб не піць.
P.P.S. Праз колькі год з гэтага ды іншых тады чытаных мне вершаў Зміцер Вайцюшкевіч створыць выдатны музычны альбом і папросіць мяне напісаць на вокладку тэксцік. Я пагадзіўся, аднак папярэдзіў, што ў зададзеным фармаце нічога ў мяне не атрымаецца.