Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
Семы том Поўнага збора твораў В. Быкава змяшчае апавяданні, пачынаючы ад самы першых і заканчваючы тэкстамі 70-х гадоў.
1 ... 65 66 67 68 69 70 71 72 73 ... 162
Перейти на страницу:

Укормлены канваір, відаць, ужо з’еўшы ўвесь свой правіянт, зморана разлёгся на снезе, а яфрэйтар з чарнявым дасталі з сумак харч і пачалі сілкавацца. У Валодзькіна раптам пацякла слінка, і ён, каб не пакутаваць залішне, адвярнуўся. Але вось нехта ззаду падышоў да яго і далікатна, нібы пасяброўску, крануў за плячо. Валодзькін здзіўлена павярнуў галаву і блізка ля свайго твару ўбачыў жаўтаваты, хрумсткі сухар, які даваў яму пажылы чарнявы канваір. Валодзькін вельмі здзівіўся, яго рукі ўхапілі пачастунак, а немец, коратка зірнуўшы на хлопца, сеў на сваё месца ў снезе. Валодзькін толькі ўпіўся зубамі ў сухар, з незвычайнай асалодай адчуваючы ў роце яго гаркаваты смак, як з долу ўскочыў яфрэйтар і моўчкі размашыста выцяў Валодзькіна. Ледзь накушаны сухар вылецеў у снег, а з разбітых вуснаў палоннага палілася кроў.

Раптоўны гнеў і крыўда ўзарвалі хлопца, патроілі яго сілы, і ён дзіка закрычаў проста ў нялюдскі канячы твар:

— Гад ты! Звер! Фашыст! Ірад! Шваін, — крычаў Валодзькін, выкарыстоўваючы ўвесь запас знаёмых абразлівых слоў. Немец зноў рвануўся да яго і зноў выцяў, але ўжо не так балюча, бо Валодзькін паспеў утуліць галаву ў плечы і толькі хіснуўся. Ён чакаў і яшчэ ўдараў, гатовы быў на самае страшнае катаванне — усё роўна ён крычаў бы абразу ў гэты паганы твар. Яфрэйтар, сцяўшы кулакі, стаяў побач і тросся ад злосці, але не біў болей, а ззаду за ім перасцерагальна крычалі двое падначаленых:

— Кук маль, біст ду фэрукт гэвордэн![10] — гнеўна насупіўшы бровы, казаў чарнявы.

— Ота, ляс ін ін руэ! Эр кант ніхт геен, ман мус ін ві аін зак трагэн[11],— непакоіўся ўкормлены, седзячы ў снезе.

І добра яшчэ не зразумеўшы ў гарачцы, Валодзькін адчуў, што з’явілася нейкая новая акалічнасць, якая, здаецца, змяншала сілы ворагаў і абараняла яго. Нездаволена сцяўшы конскія сківіцы, яфрэйтар дастаў з кішэні закурку, а хлопец, цяжка дыхаючы, ужо ведаў, што ён нейкім чынам не падуладны гэтаму зверу-фашысту. І зразумеўшы гэта, Валодзькін так узрадаваўся, што аж засмяяўся сам сабе — гэта напоўніла яго новай адвагай і надало новыя сілы.

— Эй, ты, фашыст, Гітлер капут! — зноў закрычаў Валодзькін. — Гітлер шваін!

Немцы спалохана азірнуліся, быццам хто мог падслухаць іх у гэтым зімовым полі, а Валодзькін, мабілізаваўшы ўсё тое, што ведаў з нямецкай мовы, злосна крычаў:

— Гітлер капут! Герынг капут! Фашызм капут! Ротэ армее сіген! Бліц крыг! — зларадна рагатаў палонны. — Кукіш вам, во Капут вам, праклятыя дойчы! Москаў сіген Чарнявы змрочна маўчаў, а ўкормлены з яфрэйтарам збянтэжана пераглянуліся, не ведаючы, пэўна, што рабіць з гэтым нескароным палоннікам. Потым яфрэйтар нешта закрычаў на яго, заляскаў затворам і наставіў у Валодзькіна карабін, але той аж захліпаўся ад невыказнага зларадства. Яго зусім не палохалі гэтыя захады канваіра, і ён з кароткімі перапынкамі ўсё крычаў лютыя праклёны ворагам.

Урэшце старшы канваір, відаць, страціў цярпенне. Бачачы, што напалохаць палонніка не ўдасца, ён дзіка вызверыўся сваёй кастлявай фізіяноміяй, вочы яго замуціліся ад шаленства, і ён замахнуўся прыкладам. Нібы раз’юшаны сабака, накінуўся фашыст на Валодзькіна. Разоў колькі ён моцна ўдарыў хлопца, у вачах таго бліснулі іскры, зацяло дыханне, ён паваліўся ў снег. Але гэта не пахіснула яго намеру супраціўляцца, прагнасць дапячы ворагу ўзмацнялася разам з болем, які прычыняў яму немец. І ён, задыхаючыся, праз стогны і енкі, крычаў, шаптаў тое, што цяпер так бянтэжыла ворага.

Невядома, чым скончыўся б гэты няроўны паядынак, калі б у той час не ўскочыў з долу чарнявы і моцным рыўком за плячо не адкінуў яфрэйтара ад яго ахвяры. Нібы звер, якога адрываюць ад свежай крыві, гітлеравец рвануўся з яго рук, нешта крыкнуў падначаленаму і, калі гэта не падзейнічала, наводліў стукнуў яму прыкладам у грудзі.

Прагна хапаючы ротам паветра, Валодзькін якраз узнімаўся з долу і бачыў, як нядобрым агнём успыхнулі строгія вочы чарнявага і як ён, хіснуўшыся, спрытна ўзмахнуў карабінам і з крэктам, як гэта выходзіць у дрывасекаў, апусціў яго на яфрэйтара. Той кінуў зброю, аберуч схапіўся за галаву і, надламаўшыся ў каленях, выцягнуўся на снезе.

Раптоўная магчымасць адпомсціць, быццам на крыллях, падхапіла Валодзькіна з зямлі, зацьміла боль, і ён у два скокі апынуўся ля варожай зброі. Ён не думаў тады ні пра небяспеку, ні пра свае шанцы перамагчы — увесь свет ад яго засланіў нялюдскі скрыўлены твар яфрэйтара. У марозным паветры грымнуў стрэл з варожага карабіна — немец, што дагэтуль грэбаў на снезе рукамі, здрыгануўся і заціх.

вернуться

10

Глядзi ты, з глузду з’ехаў!

вернуться

11

Ота, пакiнь яго ў спакоi! Ён жа не здолее iсцi, i нам прыйдзецца цягнуць яго, як мяшок.

1 ... 65 66 67 68 69 70 71 72 73 ... 162
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)