Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
Семы том Поўнага збора твораў В. Быкава змяшчае апавяданні, пачынаючы ад самы першых і заканчваючы тэкстамі 70-х гадоў.
1 ... 69 70 71 72 73 74 75 76 77 ... 162
Перейти на страницу:

— Правей, правей бяры! — крычаў ён услед малодшаму лейтэнанту.

Пятрашкін не ведаў, як бег той малады афіцэр, але, пэўна не так, як трэба было, бо капітан у пыл расціраючы пальцамі груды, толькі скрыпеў зубамі і шаптаў, ужо не маючы надзеі, што яго пачуюць:

— Аркадзь, правей! Правей, браточак!.. Эх!..

Учуўшы гэты роспачны шэпт, Пятрашкін раптам усвядоміў, што таго малодшага лейтэнанта капітан таксама назваў Полазавым. Маладога тэлефаніста гэта яшчэ болей уразіла — ён адчуваў ужо, што тут здарылася нешта драматычнае, якое цяжка было зразумець зараз, і толькі вельмі хацелася, каб хоць не напаткала гэтых людзей якое няшчасце. І напяўшыся ўвесь, з прыкладзенай да вуха трубкай, ён выцягнуўся, як і капітан, і, баючыся міргнуць, глядзеў на скрыўлены балючай грымасай твар камандзіра.

А там, недзе ў адкрытай восеньскай далечы, усё раўло і грымела. З шэлестам, шоргатам і віскам імчалі ў паднябессі снарады, вухала, ахала, стагнала зямля. Тэлефаніст з «Волгі» ўсё патрабаваў сувязь з «Клёнам», але Пятрашкін ужо не адказваў яму.

І тое, чаго так чакаў і баяўся Пятрашкін і ад чаго камянеў капітан, здарылася. Ад таго страшнага відовішча Полазаў раптам абхапіў твар рукамі, застагнаў і хіснуўся. Пятрашкін, мярцвеючы ад жаху, кінуў трубку і памкнуўся да камандзіра, але той зараз жа выпрастаўся і сустрэў тэлефаніста ўжо ўладарным суровым позіркам страшных, нейкіх ашклянелых вачэй.

— Назад! — крыкнуў ён. — Трымаць сувязь!

А сам, як і нядаўна Сімакоў, расшпіліў дзягу, скінуў сумку, шпурнуў у траншэю шынель і ў адной гімнасцёрцы з ордэнамі на грудзях кінуўся ў грымлівую прастору поля.

Застаўшыся адзін, Пятрашкін раптам адчуў, як у яго душу хлынуў страх. Прыкуты да сваіх абавязкаў, ён не бачыў, што адбываецца наверсе, не ведаў, дзе былі тыя танкі, што нарабілі бяды, ён адчуў сябе слабым і пакінутым. Але нядаўні прыклад яго таварышаў, яшчэ не ўсвядомлены і не зусім зразумелы ўчывак капітана прымушалі сувязіста пераборваць страх і трываць. Ён ужо не зважаў на дрынканне «Волгі», уключыў і не вымаў штэпселя з «Клёна» і слухаў, слухаў. І ад напружанага жадання пачуць яму часам нават здаваўся невыразны пошчак кантактаў, здавалася, вось — вось загамоніць адтуль далёкі голас, але ішоў час, і ўсё заставалася паранейшаму.

Урэшце, не могучы зносіць невядомасці і чакання, тэлефаніст паклаў на салому трубку і выскачыў з бліндажа. У якім кіламетры на ўзараным касагоры пыхкалі і пыхкалі зусім неяк нястрашныя здалёку кусцістыя выбухі мін. Увесь схіл пагорка быў падзёўбаны іх чорнымі, падобнымі адна на адну плямамі, і сярод іх Пятрашкін убачыў маленькага ўдалечыні, неяк дзіўна павольнага і мізэрнага капітана Полазава. Ён, відаць, знайшоў канцы перабітага кабеля і, схіліўшыся, з усяе сілы сцягваў іх з пагорка, далей ад гэтага няспыннага скоку смерці. Наперадзе, ззаду і з бакоў афіцэра ўсё пырскалі, бы прарываліся з-пад зямлі, выбухі мін, а ён, не зважаючы на гэта, рабіў сваю справу. Пятрашкін, гледзячы на яго ў той час, чамусьці не адчуваў ужо страху за сваё жыццё — яго апанавала прагнае, неспатольнае жаданне, каб хоць якнебудзь абмінула афіцэра бяда, дала зрабіць тое, што цяпер было важней за жыццё чалавека.

Але, відаць, немагчыма было доўга ўцалець у гэтай віхуры выбухаў, і неўзабаве тое непазбежнае спасцігла і капітана. Ужо амаль у самым нізе пагорка пырснуў і затуліў чалавека шырокі, клубчасты куст выбуху. Пятрашкін схаладзеў увесь і некалькі бясконцых секунд чакаў, пакуль асядзе пыл і зямля, і тады на краі новае чорнай плямы паказалася нешта жахлівае, што засталося ад начальніка сувязі.

У тое імгненне тэлефаніст адчуў, што настала і яго чарга. «Волга» ў камутатары злучана з «Клёнам», калі адновіцца лінія, яны адразу звяжуцца, а калі не… калі не, дык і ён тут усё роўна ўжо не будзе патрэбны. Натхнёны магутнай сілай яшчэ не выкананага загаду, ён абапёрся рукамі на бруствер і скочыў угору.

І тады ў бліндажы настойліва і гучна зазваніў апарат.

Не адразу нават уцяміўшы, што здарылася, павіснуўшы жыватом на краі траншэі, Пятрашкін нейкі час нерухома слухаў залівісты выклік і потым кінуўся да камутатара.

— «Рэзеда», «Рэзеда», як чутна?.. Дзе вы там прапалі?.. Гаворыць «Клён»…

Тэлефаніст зразумеў, што гэта выратаванне, і амаль фізічна адчуў, як упала з яго душы палова вялізнага гора. Шчыльна сцяўшы дрыготкія вусны, ён таропка злучыўся з «Волгай» і пасля, крыху перасіліўшы сябе, закрычаў у запацелую ля рота трубку:

— «Волга», «Волга»… перадайце дваццаць першаму, іх загад выканан… Сувязь ёсць! Есць сувязь! Гаварыце з «Клёнам»… Што? Начальнік сувязі?.. Няма ўжо начальніка сувязі… Няма нікога… Гаварыце з «Клёнам»…

1 ... 69 70 71 72 73 74 75 76 77 ... 162
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)