Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
Семы том Поўнага збора твораў В. Быкава змяшчае апавяданні, пачынаючы ад самы першых і заканчваючы тэкстамі 70-х гадоў.
1 ... 63 64 65 66 67 68 69 70 71 ... 162
Перейти на страницу:

— Пан афіцэр… пан афіцэр… Няпраўда. Маёр знарок. Ён выдумляе… Не бачылі мы ніякага оберштурмбанфюрара… Мы ледзь жывыя, а ён… камандзір…

Валодзькіну здалося, што ён трызніць. Спачатку ён здзівіўся ад тых Івашовых слоў, але неўзабаве неспатольная злосць на таварыша ўзбунтавала хлапечыя пачуцці. Ён імпэтна рвануўся да афіцэраў, да гэтага труслівага Івашова, якога ўжо абступалі немцы. І, нечакана адчуўшы, што гэты агідны чалавек вырве ад іх такую неспадзяваную перавагу над ворагам і зусім прынізіць іх годнасць, Валодзькін з усяе моцы закрычаў у варожы натоўп:

— Няпраўда! Гэта ён хлусіць! Ён трус! — тыцкаў ён пальцам у Івашова, які, выціраючы ад снегу твар, усё казаў нешта. Перакладчык, афіцэры, салдаты азірнуліся на яго і змоўклі, пэўна, не ведаючы, як іх разумець. А Валодзькін на здзіўленне ім кінуў новыя словы — кінуў цвёрда і з перакананнем сваёй праўдзівасці, з годнасцю чалавека, далёкага ад хлусні.

— Не слухайце яго! Ён сам страляў у вашага обера.

Плоскі немец пераклаў тое, афіцэр недаверліва паглядзеў на Івашова, затым на Валодзькіна, зірнуў на гадзіннік у рукаве і прамовіў нейкі загад. Ён, відаць, паспакайнеў ад першай сваёй злосці і цяпер распараджаўся дзелавіта і роўна.

Салдаты, нешта гамонячы, падаліся да сваіх машын, ля палонных засталіся трое. Яны знялі з-за плячэй карабіны, і кастлявы яфрэйтар з халоднымі, асалавелымі ад строгасці вачыма голасна крыкнуў:

— Маршырэн, думес фі![1]

Ён балюча тыцнуў Валодзькіна прыкладам у спіну, даючы тым самым зразумець, куды трэба ісці, штурхнуў у каршэнь Івашова і з тым жа апантаным крыкам ударыў абцасам нерухомага маёра. Аднак зацярушаны снегам маёр ляжаў сцішаны, строгі і маўклівы.

Валодзькін праглынуў тугі горкі камяк у горле, прыжмурыў вочы ад прыліву слабасці і жалю. Але хлопца зноў штурхнулі і пагналі ў той бок, адкуль прыйшлі машыны. Ён абочынай мінуў іх і паціху пайшоў далей па перамеценай завеяй дарозе.

Пакрысе аднак Валодзькін спакайнеў. Ён прывыкаў ужо да непазбежнасці свайго лёсу, усё болей раставала ў душы недасяжная мара — жыць. Заклаўшы рукі назад, як таго дамагаліся канваіры, ён аднак затаіў у сабе нескароную ўпартасць і ўжо амаль верыў у тыя маёравы словы, што так збянтэжылі гітлераўцаў. І хоць не ўдалося яшчэ небараку Валодзькіну нарабіць асаблівай шкоды фашыстам, ад таго, што ворагі бачылі ў ім нейкага змагара, было болей рашучасці і болей сілы ў душы. Ён не спадзяваўся на іхнюю літасць, ведаў — заб’юць, і не шкадаваў сябе, а ўсё болей уваходзіў у ролю таго, каго бачылі ў ім немцы. Ён вышэй узняў сваю галаву, азірнуўся на насцярожаных канваіраў — іх празмерная пільнасць здалася яму нават прыемнай.

4

На шэрым засмужаным небасхіле з’явілася сіратлівае няяркае сонца. Яно разы два бліснула невясёлай усмешкай і, бяспромнае і маркотнае, сціснулася ў маленькую жоўтую плямку ўгары. Завея тым часам паменшала, упрыгожанае снегавымі выкрутасамі, ціха ляжала застылае поле.

Старшы трох канвойных — яфрэйтар з доўгім, кастлявым, бы конскім, тварам — не зводзіў халоднага позірку з двух згорбленых знясіленых постацей. Ён часцей за іншых крычаў «шнэльІ» і часцей штурхаў прыкладам Івашова і Валодзькіна. Другі канвойны — нізкарослы ўкормлены немец з свінячым выразам белабрысага зашчаціненага твару — усё нешта жаваў, дастаючы з кішэні. Ён, відаць па ўсім, быў лянівы на рухі і словы, але ніколі не мінаў штурхнуць Івашова, які, адстаўшы, апынаўся ля яго. Рабіў ён гэта не рукамі, якія вымаў з кішэняў толькі каб пхнуць у рот чарговую порцыю ежы, і не карабінам, што няспрытна вісеў за спіной на доўгім рэмені — штурхаў ён нагой. Гэта выходзіла ў яго хлёстка і, відаць, з сілай, бо Івашоў пасля такога штуршка некалькі крокаў потырч ляцеў па дарозе. Трэці канвойны ішоў ззаду, ён маўчаў, і на яго пажылым чарнявым твары ляжаў выраз невясёлай задумы.

Валодзькін не вельмі цікавіўся варожымі справамі, іх салдацкай балбатнёй — яго асабісты лёс быў ясны. Праўда, да палоннага даляцела некалькі зразумелых фраз, і ён даведаўся, што іх вядуць у горад, дзе павінны здаць у штаб нейкай зондэркаманды. Што там чакала яго, ён ведаў пэўна, бо за паўгода палону добра засвоіў фашысцкую завядзёнку распраўляцца з вінаватымі.

У нейкай невялічкай лагчыне, дзе дарога больш за іншыя месцы была завалена снегам, Івашоў спатыкнуўся і ўпаў. Ля яго адразу спыніўся ўкормлены і, ганяючы сківіцамі жаўлакі, абыякава, без злосці, ударыў ботам у бок.

вернуться

1

Марш, быдла!

1 ... 63 64 65 66 67 68 69 70 71 ... 162
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)