Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I». Краткое содержание книги:
– Буду плаціць вам удвая, абы духам вашым не смярдзела бліжэй чым за дваццаць вёрст.
Ён ненавідзеў папоў, ненавідзеў цяпер бога, ненавідзеў салдат і жандараў, тых, ад якіх тхнула потам, даносам і крывёй, тых, якія арыштоўваюць людзей за настроі і гэтым зводзяць у магілу стварэнне, якое нікому не прычыніла зла. Ён ненавідзеў маладога цара, які зрабіў так, што людзей, дваран, якія адказваюць за свае палітычныя погляды, хапаюць у іхняй крэпасці.
Ён закамянеў. Ён песціў дачку, адараў грашыма, уборамі, каштоўнасцямі. І зусім не цікавіўся, што яна там робіць на сваіх балях. Ён ведаў, што ёй належыць дзве тысячы душ і што знойдзецца прыстойны чалавек, які будзе кахаць яе. Што можа знайсціся і непрыстойны, ён не падумаў. Дачка ўцякла з маладым афіцэрам размешчанага ў Сухадоле палка…
Пан Даніла цяпер спаў удзень, а ўначы чытаў, моўчкі гуляў па парку або слухаў у музычным павільёне “Рэквіем” Моцарта. Заўсёды адну і тую ж частку, “Лакрымоза”. Граў, седзячы за глухой шырмай, арганіст, якога прывезлі з Сухадола. Пан слухаў з сухімі вачыма. Парушаць яго спакой баяліся і таму абвясцілі аб уцёках дачкі позна.
Прыступ гневу ў яго быў страшны. Дагэтуль спакойны, стрымана-моцны, пан быў у ярасці, быццам адразу хацеў выплюхнуць свой гнеў.
Яна! З кім?! З афіцэрам!
І гэта перапоўніла чашу ягонага гневу.
– Дзе?!
– У грэка-расійскім манастыры ў Ліпічах, – адказаў Кандраці, юнак, малочны брат, адзіны, хто не спалохаўся.
Ясна. Манахі заўсёды рады напаскудзіць яму. Чорныя божыя пацукі!
– Напэўна ўжо звянчалі, – сказаў Кандраці. – Позна.
– Позна?! – Крык быў такі, што палац замёр ад жаху. – Я ім дам, позна. Людзей! Шляхту!!! Мужыкоў узброіць!!!
– Не пойдуць, – сказаў Кандраці. – Збаяцца!
– А мяне яны не збаяцца? – крычаў пан. – Не пойдуць – шляхту выганю і няхай здыхае з голаду! Не пойдуць – кожнага дзесятага ў руднікі прадам! Кандраці, пляшку гарэлкі кожнаму! Мужыкам па тры рублі! Шляхце па пяць! Сем’ям забітых пенсіі! Коней! Гарматы!!!
Кавалькада з шасцісот чалавек рынула на Ліпічы. Грукаталі, падскокваючы на камянях, гарматы, вецер ірваў полымя паходняў. І ў п’яных людзей, якія скакалі за панам, усё ўзрастаў бязмэтны гнеў, наліваліся крывёю вочы.
Манастыр атачылі апоўначы. Манахі з муроў убачылі паходні, полымя падпаленых стагоў, якое рвалася ў неба, пачулі гігатанне коней. Яны чакалі гневу, але не такога.
Ігумен выйшаў на мур і ўбачыў проста перад брамай расхрыстанага пана з ашклянелымі вачыма.
– Дачка… – сказаў пан.
– Тут, – не схлусіў ігумен.
– Адвальвай браму, пёс.
– Не апаганьвайце абіцелі, – сказаў ігумен. – Манастыр не можа адмовіць рабам божым, якія ўмаляюць аб прытулку.
– А гарэць твой манастыр можа?
– А ў Салаўкі на затачэнне хочаш? – спытаў ігумен.
Ён адчуваў за сабою сілу дзяржавы, сілу муроў, чатырохсот манахаў і дзесяці гармат. Не адвучылася яшчэ брація з тых часоў, калі манастыр быў памежнай крэпасцю.
– Лізаблюд, – гнеўна сказаў пан. – Халуй пецярбургскі!
– Анафему накладуць, – сказаў келар. – Ты, быдла. Дзе́кала недабітае.
– А я вось дам вам анафему. Зводнікі! Па колькі капеек з ложка бераце?
– Не зневажай бога, прычакань Салавецкі, – сказаў ігумен.
– Гэта хто бог? Ты? Казёл ты!
У адказ з муроў рыгнула гармата.
– Д-добра, – сказаў пан. – Т-так. Добра вам будзе з нябёс на мяне ў Салаўках глядзець.
Спалоханы гэтым спакойным тонам, ігумен хацеў быў паклікаць утрапёнага Данілу, але той пайшоў ужо ў крывава-чорны змрок. А праз пяць хвілін адтуль зараўлі гарматы. Сорак штук.
Стралялі гадзіну, не па людзях, а па сцяне. Аконам хапаўся за галаву. Няхай бы білі ў браму, яе і аднавіць лёгка. Не, б’юць у мур.
…А пан з закамянелым тварам загадваў пушкарам сыпаць падвойны парахавы зарад:
– Нічога, не разарве! Сып! Бі… І вось што, распаліце ядры. Біце імі па дахах! Па дахах!
Манахі спачатку стралялі, а потым кінулі. Відаць было, як яны ўздымалі да неба рукі, стоячы на мурах. У барвяным зарыве твар пана стаў жахлівы…
Палалі шчапяныя дахі… І вось са страшным грукатам абурылася, упала ў хмарах чырвонага дыму кутняя вежа.
Абложнікі ўварваліся ў ахоплены полымем манастыр.
Манахі не абараняліся. Аконам ірваў на сабе валасы. Айца келара, які схаваўся на дражніку, за абразу торкалі носам у конскі гной.
Перад брамай, на голай зямлі, два мужыкі праяўлялі ініцыятыву, хвасталі айца ігумена, папярэдне зняўшы з яго кукаль.
Дачку і яе мужа вывалаклі за муры, скруцілі і кінулі ў розныя вазы.