Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I
Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I». Краткое содержание книги:

«Груша цьвіла апошні год». Гэты незабыўны сказ уводзіць нас у незабыўны сьвет раману ў двух кнігах Уладзімера Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Раман прысьвечаны падзеям напярэдадні паўстаньня 1863-1864 гадоў у Беларусі. А першая кніга распавядае нам пра «выйсце крыніц» якія выліліся ў раку гневу і змаганьня за незалежнасьць Беларусі. Нягледзячы на літаратурнасьць раману, чытаючы адчуваецца натуральнасьць падзеяў. Кожны бачыць перад сабой хлапчука Алеся Загорскага, ды яго вясковых і шляхецкіх сяброў. Кожны бачыць, як памірае стары сьветапогляд яшчэ з часоў перад падзеламі Рэчы Паспалітай, і нараджаецца новае пакаленьне якому суджана пакласьці галаву для будучыні Беларусі. «Грушы накнавана абрынуцца ў Дняпро», але і «крыніцы нязьменна спалучацца ў імклівую раку». Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману «Каласы пад сярпом тваім», і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет кааб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
1 ... 65 66 67 68 69 70 71 72 73 ... 153
Перейти на страницу:

Пану было мала. Гнеў душыў яго, той гнеў, якога ён не мог пазбыцца столькі часу.

Страшная кавалькада рушыла назад. Па дарозе ўзялі без бою, толькі выламаўшы браму, каталіцкі кляштар і за суткі выпілі ў ім усе віны і лікёры.

Святкавалі. І з гора таксама.

Манахі, узрадаваныя ганьбе канкурэнтаў, самі частавалі ваякаў. Чорт з імі, з лікёрамі! Будуць яшчэ. Але ж пан схізматув поперал. І таму сталы аж ламаліся.

Падступалі потым, п’яныя, і да манастыра манашак-візітак і гразіліся ўзяць, але пашкадавалі жанчын. Віску многа!

…Маладую, калі прыехалі дадому, пан загадаў замкнуць у далёкіх пакоях. Маладога – кінуць свойскаму мядзведзю.

Пан сеў і думаў гадзіны дзве. Потым загадаў прывесці маладога. Таго вызвалілі з мяккіх абдымкаў мядзведзя ўсяго аблізанага, ружовага.

Пан Даніла сустрэў яго, седзячы за сталом, на якім стаяў дзьмуты зялёны штоф.

– Выпі. Палегчае.

Той выпіў.

– Як жа гэта вы? І не спыталі.

– Яна сказала, што ўсё адно за вайсковага не аддасцё.

– Правільна, – грозна сказаў Загорскі. – Ад вайсковых, што жандараў слухаюць, усё злое на зямлі. Яны ў гарматкі гуляюць, яны на світанні прыходзяць па добрых людзей… Чаму зброю не склаў перад сватаўством?

– Гонар.

– А ці ведаеш, што іхнюю пароду калі-небудзь на парапетах цытадэляў расстрэльваць будуць? Як сабак! За ўсё гора!

Малады чалавек усхліпнуў.

– Ты чый?

– Полацкі.

– Пі яшчэ, – памякчэў Даніла. – Праваслаўны?

– Праваслаўны.

– Маёнтэк ёсць?

– Адна вёска.

– І тое нічога. Ставай на калені!

Той стаў. Пан адважыў яму тры гучныя поўхі.

– Не служы кур’яну[53]. Не сватайся за спіною. Не шукай у царкоўных пацукоў паратунку… Устань… Сядзь… Пі… Галодны?

– Але.

– Кандраці, курыцу зяцьку. Каплуна! Каб помніў, што каплуну служыў.

Маўчалі. Пан Даніла піў гарэлку, твар яго быў страшны.

– Службу кінеш сёння ж… Пяройдзеш ва уніяцтва…

– Вы ж праваслаўны…

– Я не праваслаўны. Я – ніякі. А ты пяройдзеш, каб ніколі з тымі не сутыкацца, у каго абароны шукаў.

Памаўчаў.

– Атрымаеце дзве тысячы душ. І кіруйцеся ў сваю вёску. З вачэй прэч. У Вежу і Загоршчыну ёй – ніколі. Грошы будзеце атрымліваць акуратна. Калі ўбачу, што выканаў мае загады, што не будзеш служыць гэтай троннай б… з тандэтнымі ручкамі ды са сляпучай усмешкай, калі даведаюся, што дачка ўцяжала – атрымаеце на ўсе душы даравальную. Усё… Можаш браць і ехаць.

І ўзняўшы яго з крэсла, як ляльку, пацалаваў у лоб:

– Ідзі… сыне.

– Няўжо вы з ёю развітацца не захочаце? Яна ж вас любіць.

– І я яе люблю, – сказаў пан. – Але за тое, што яна забыла, ад чыіх рук яе маці загінула, – няма ёй даравання... майго.

– Я вінен, – насмеліўся малады чалавек. – З мяне і спаганяйце.

– Твая правіна – у гародзе хрэн. На тое мужыкі і ёсць, каб шкодзіць… А яна павінна была ведаць… Усё я табе дараваў… За смеласць, што не пабаяўся са мною звязацца. Такіх людзей, сыне, мала на свеце… Ці мо не ведаў, што гэта такое?

– Ведаў, – шчыра сказаў зяць.

– Ну вось. Можа, я палюбіў бы цябе, каб не бачыліся мы сёння першы і апошні раз… Урэшце, калі ўсё абыдзецца толькі, можаш прыехаць… Адзін.

– Адзін не прыеду.

– Яно і лепей, – сказаў пан. – Гэта вам толькі пашкодзіць. Таму што я смяротнік.

– Чаму?

– Не нарадзіўся яшчэ чалавек, які мяне голымі рукамі ўзяў бы. Дый потым… расстраляным быць – гэта яшчэ нічога. Але мяне за блюзнерства могуць у Салаўкі адправіць… да царкоўных пацукоў. А я лепей са змеямі і аспідамі сядзеў бы. Таму досыць загонавым мой хлеб задарма есці… Хай разам са мною льюць кроў. Я не ў Салаўках памру. Я памру тут. На маёй зямлі, у маіх мурах. Ідзі. Перадай дачцэ маё блаславенне.

Маладыя паехалі. А пан Даніла пачаў умацоўваць Вежу. Вакол камяніцы, у баку ад палаца, дзень і ноч насыпалі валы, усцягвалі гарматы на сцены, пад натужлівы крык кацілі бочкі з порахам. Пад палац таемна падвялі фіцілі, каб, у выпадку чаго, узняць яго ў паветра разам з гасцямі, якія, вядома ж, размесцяцца ў ім падчас аблогі. Пан не хацеў нікому аддаваць свайго дзіва.

Ён ведаў: смерць магла прыйсці кожную раніцу.

Ён не шкадаваў аб гэтым.

…Сына адправілі ў Загоршчыну і, скончыўшы ўсё, сталі чакаць.

Гэта зрабілі ў маі, а ў чэрвені Напалеон перайшоў Нёман. Загорскім не было каму займацца, як і ўсёй прыдняпроўскай зямлёй, аддадзенай ворагу.

– Што ж, – сказаў сябрам Загорскі. – Гуляйце. Прысуд пайшоў на абскарджанне.

Ён чакаў, прыглядаўся. Баі грымелі ўжо за Дняпром.

вернуться

53

Кур'ян – курыца, якая крычыць пеўнем.

1 ... 65 66 67 68 69 70 71 72 73 ... 153
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)