Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I
Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I». Краткое содержание книги:

«Груша цьвіла апошні год». Гэты незабыўны сказ уводзіць нас у незабыўны сьвет раману ў двух кнігах Уладзімера Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Раман прысьвечаны падзеям напярэдадні паўстаньня 1863-1864 гадоў у Беларусі. А першая кніга распавядае нам пра «выйсце крыніц» якія выліліся ў раку гневу і змаганьня за незалежнасьць Беларусі. Нягледзячы на літаратурнасьць раману, чытаючы адчуваецца натуральнасьць падзеяў. Кожны бачыць перад сабой хлапчука Алеся Загорскага, ды яго вясковых і шляхецкіх сяброў. Кожны бачыць, як памірае стары сьветапогляд яшчэ з часоў перад падзеламі Рэчы Паспалітай, і нараджаецца новае пакаленьне якому суджана пакласьці галаву для будучыні Беларусі. «Грушы накнавана абрынуцца ў Дняпро», але і «крыніцы нязьменна спалучацца ў імклівую раку». Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману «Каласы пад сярпом тваім», і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет кааб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
1 ... 60 61 62 63 64 65 66 67 68 ... 153
Перейти на страницу:

І вось чакала дарога. Чакалі ў Кіеве ўбраныя галеры, чакалі пацёмкінскія вёскі…

Увесь час яна не магла пазбыцца думкі, ці сустрэне ён? Ці выедзе насустрач? Які ён?

І вось, калі адкрыўся вачам Дняпро, на страшны адхон процілеглага берага вылецелі коннікі. Коні па самыя жываты танулі ў квітнеючых травах.

Спадарожнікі ўсё яшчэ меркавалі, хто б гэта мог быць, і толькі яна адна ведала: “Ён”.

Флатылія чаўноў ляцела з таго боку, на шырокіх плытах везлі коней, плямістых дрыкгантаў, якімі славілася гэтая зямля. Кіпела пад вёсламі вада, ляцелі воклічы. А на носе пярэдняга чоўна стаяў з вяслом у руцэ той, якога не магло забыць сэрца, бо ён быў не невядомым фаварытам, загубленым недзе паміж Ланскім і Мамонавым, а адроджанай на адну, апошнюю ноч маладосцю, горкім пахам палыну за шоўкам шатра.

Не дачакаўшыся, пакуль човен ударыцца ў бераг, ён скочыў амаль па калена ў ваду і размераным лёгкім крокам пачаў падымацца па спадзістым адхоне да яе карэты.

Ён быў той самы, толькі сівізна густа ляжала ў валасах ды спакайнейшыя сталі вочы. І ён проста кінуў ёй пад ногі куфэрак з зямлёй, шкуру серабрыстай лісы і залаты злітак.

А спакойныя вочы даказалі: “Помню”.

“І я не магу забыць”, – адказалі яе вочы.

І раптам горыч сціснула яе сэрца. Вось зноў бяжыць рака, зноў серабрыцца палын, як шкура гэтай лісы, зноў стаіць Ён. Нічога не змянілася. Толькі непапраўна пастарэла, толькі змянілася яна сама.

– Вазьміце гэты табун, вялікая маці! – сказаў ён. – Такіх коней няма больш нідзе. Хай яны верна носяць вас, як верна будзе насіць вас мая зямля.

– Не трэба, князь.

І ён схіліў ветліва і проста сівую галаву.

– А дзе ваш сын, князь? Ён тут?

– Данііл! – грымнуў князь. – Выйдзі.

І тут яна ўбачыла, як з вясёлкавай гурмы выступіў трынаццацігадовы юнак, стройны, падобны і непадобны на бацьку. Лёгкім крокам падышоў да яе, зграбны, як казачны царэвіч, у расшытай срэбрам блакітнай вопратцы, у блакітных чаравічках, з залочаным кінжалам на баку.

Ішоў і не ведаў, што кожны яго крок – крок па сэрцы той, што глядзела на яго. Каб такога сына!

Данііл падышоў, стаў і пачаў без страху глядзець у яе вочы. Гэта была царыца. Тая, перад якой трэба пакланяцца. Хлопчык глядзеў на яе, і яна здавалася яму прыгожай, бо ўсё было для яе. І ён спакойна падаў ёй букет палявых кветак, аблямаваны дымна-шызым палыном. Яго ніхто не вучыў. Проста ён любіў палын.

– Маленькі ліцвін, – сумна і горка сказала яна. – Калі-небудзь ён заменіць гэты кінжал шабляй і пойдзе на нас. Вы ж нас усіх ненавідзіце.

Шчокі яго ўспыхнулі, ён глыбока ўздыхнуў. А потым выцягнуў лязо з похваў, зламаў сталь і кінуў абломкі да яе ног.

Ад’язджаючы, яна сказала Акіму Загорскаму:

– Не захацеў узяць тады – вазьмі цяпер. Для яго.

– Для яго – вазьму.

Гэта былі землі на поўдні. Тыя, што праз дваццаць год былі прададзены за два мільёны. Акіму яны не прынеслі і шэлега.

Данііл праводзіў яе да Кіева. Яна сама папрасіла аб гэтым.

Даніілу Загорскаму было дваццаць чатыры гады, калі памерла імператрыца. Акім Загорскі памёр на год раней. У нейкіх пяцьдзесят год. З’ела яго, відаць, тая манера жыцця, якой ён трымаўся апошнія дваццаць год. Натура з лішкам сіл не магла змірыцца з бяздзейнасцю. Толькі памяць жонкі і сын, ды яшчэ паляванне. І вось, як толькі сын перастаў патрабаваць увагі, пачалося згасанне.

Пан Акім быў у ад’езджым полі яшчэ за два дні да скону. А назаўтра злёг. У горле нешта клекатала, а потым сціхла. Магутныя рукі нерухома ляжалі на атласе пакрывала. Прычасціўшыся, ён развітаўся з сынам і змоўк. І толькі за пяць хвілін да скону, не расплюшчваючы вачэй, сказаў адно слова, ледзь чутна.

– Палын.

І невядома было, аб чым ён гэта, аб месячным палыне ці наогул аб жыцці.

…Аб сконе бацькі сын паведаміў у Пецярбург. Яшчэ тады, падчас падарожжа, развітваючыся з ім, яна прасіла аб усіх зменах у жыцці пісаць непасрэдна ёй і дала сваю пячатку.

Ён нічога не сказаў у той час бацьку. І вось цяпер напісаў.

Месяцы два нічога не было чуваць. А потым на загоршчынскае падвор’е васьмёрка коней прывезла акутую жалезам павозку. На ёй была суцэльная глыба малахіту вышынёю ў два чалавечых росты. Нейкага дзіўнага дымна-зялёнага малахіту, у шызых разводах, – як палын.

На глыбе былі толькі чатыры словы:

Vale, principium finis mei![51]

Акім Пятровіч быў пахаваны ў магільні Загорскіх умоўна. Там ляжаў толькі ларэц з ягонай зямлёй. А сам ён знайшоў спакой у маўзалеі – помніку жонкі, куды глыбу ўцягнуць было нельга. І таму малахіт паставілі на капец, які насыпалі звонку. З таго боку маўзалея, з якога – унутры – ляжаў ён.

вернуться

51

Бывай, пачатак канца майго! (лац.)

1 ... 60 61 62 63 64 65 66 67 68 ... 153
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)